Галоўнае — эканоміка. Вынікі года мінулага, сёлетнія задачы сталі тэмамі абмеркавання на пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама
Вынікі года мінулага, сёлетнія задачы сталі тэмамі абмеркавання на пасяджэнні райвыканкама.
Работа народна-гаспадарчага комплексу раёна за 2014 год разглядалася не толькі ў рэчышчы абсалютных і адносных лічбаў, дасягненняў і недапрацовак – акцэнт быў зроблены на тым, як развіць усё лепшае з пройдзенага, і як не наступіць на тыя ж самыя граблі сёлета.
Як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, выступленні пажадана будаваць не столькі на статыстыцы і аналітыцы – падобнае павінна было прайсці ў працоўных калектывах – сколькі на праблемах мінулага года і шляхах іх рашэння сёлета.
Нягледзячы на аб’ектыўныя, у тым ліку і глабальнага характару эканамічныя тэндэнцыі, вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіцкага раёна за мінулы год можна пазіцыяніраваць як станоўчыя. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Таццяны Кацуба, з 17 даведзеных прагнозных паказчыкаў раёнам выкананы 11. Як мінімум, не горшым дасягненнем могуць пахваліцца яшчэ толькі 5 раёнаў Брэстчыны. Акрамя таго, Ляхавіччына па выніках года ўвайшла ў спіс 7 раёнаў вобласці, якія стабільна развіваюцца.
Найбольшую дынаміку прадэманстравалі ў 2014 годзе раённыя экспарцёры паслуг. У грашовым выражэнні замежныя леташнія пастаўкі паслуг аказаліся прыкладна ў 20 разоў больш высокімі, чым годам раней. Пры тым, што для выхаду на прагнозную лічбу дастаткова было б “падняцца” ўсяго на 10 працэнтных пунктаў. На жаль, з экспартам тавараў склалася адваротная сітуацыя. Нягледзячы на перавышэнне экспарту над імпартам – факт станоўчага сальда мае месца – практычна ўсе нашы традыцыйныя экспарцёры летась на знешніх накірунках спрацавалі горш, чым пазалетась. Недавыручка аказалася прыкладна на 30 працэнтных пунктаў больш нізкай. Асабліва значна, у плане экспарту, недабрала ЗТАА “БелДан”: з больш як
8 мільёнаў экспартных долараў у 2013 годзе летась прадпрыемства за межамі краіны выручыла суму амаль у 8 разоў меншую.
Як і ў выпадку з экспартам, вельмі важным для краіны ў цэлым і рэгіёнаў у прыватнасці з’яўляецца прыцягненне ў эканоміку так званых прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Пры дастаткова амбіцыйных прагнозных абавязках, ні адзін такі інвестцэнт у эканоміку раёна ў мінулым годзе не паступіў. Што рабіць? Каб зацікавіць замежных інвестараў, на сайтах аблвыканкама, рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва рэгулярна абнаўляецца інфармацыя аб продажы, здачы ў арэнду маёмасці, патэнцыяльна цікавай для арганізацыі таго ці іншага камерцыйнага аб’екта. Працягваецца работа непасрэдна з прадстаўнікамі некаторых краін замежжа на прадмет сумеснага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва. І іншае, аднак, пакуль без канкрэтыкі.
Не дасягнуў раён і тэмпаў росту фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці. Найбольш, у параўнанні з папярэднім перыядам, не дабралі КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” і ААТ “ТБЗ Ляхавіцкі”. Магчыма, не толькі, аднак, у якасці асноўнай таму прычыны была названа… больш цёплая тэмпература паветра на працягу ацяпляльнага сезона. У сувязі з чым менш запатрабаваным на рынку аказалася і камунальнае цяпло, і тухавіцкія торфабрыкеты. Аднак, нягледзячы на амаль 25-працэнтнае па-дзенне аб’ёмаў вытворчасці, нашы торфабрыкетчыкі здолелі па выніках года выйсці на чысты прыбытак. Між іншым, адно з вельмі нямногіх прадпрыемстваў рэспубліканскай галіны.
Адно прадпрыемства – Ляхавіцкая ПМК-17 завяршыла год са стратамі.
Гаворым пра эканоміку раёна і ў вельмі значнай ступені маем на ўвазе аграрную эканоміку. Вал прадукцыі раённага АПК у 2014 годзе аказаўся больш высокім і ў параўнанні з прагнозам, і адносна ўзроўню года папярэдняга. Аднак тройка гаспадарак так званай палескай зоны не забяспечыла выкананне даведзеных заданняў. Асноўная прычына – недахоп кармоў у зімова-стойлавы 2013-2014 гадоў перыяд утрымання жывёлы і, як наступствы таго, – зніжэнне валавых надояў малака.
Райвыканкам таксама заслухаў пытанне аб эфектыўнасці дзейнасці раённай спажывецкай кааперацыі за мінулы год і задачах таварыства на год бягучы. Райпо выканала 5 з 9 даведзеных прагнозных паказчыкаў: вытворчасць прамысловай прадукцыі, нарыхтоўкі прадукцыі ў насельніцтва, аказанне платных паслуг, паказчыкі па энергазберажэнні і валавой дабаўленай вартасці. А вось тэмп росту тавараабароту гандлю не забяспечаны. Як і экспарт, рэнтабельнасць ад продажу тавараў і па чыстым прыбытку і іншае. Прытым, як адзначалася, на працягу ўсяго 2014 года райпо забяспечвала рэнтабельную работу. Разам з тым, не створана сапраўды дзейсная сістэма папярэджання парушэнняў правіл гандлю, не заўсёды на належным узроўні знаходзяцца пытанні недапушчэння ў продаж тавараў з сышоўшым тэрмінам годнасці і іншае, зыходзячы з чаго райвыканкам прызнаў работу райпо недастатковай. Неабходна павышаць эфектыўнасць гаспадарання сістэмы, удасканалення структуры яе кіравання.
Выкананне раённага бюджэту-2014 і задачы па забеспячэнні выканання бюджэту-2015 таксама з’яўлялася тэмай абмеркавання на пасяджэнні райвыканкама. У мінулым годзе спрацавалі ў цэлым няблага – раён аказаўся ў ліку трох найбольш удалых у гэтым сэнсе ў вобласці. Што год бягучы? Збалансаваць даходную і расходную часткі райбюджэту-2015 бачыцца няпростай задачай. Выключная рацыянальнасць трат, ашчаднасць падатковых, іншых відаў збораў і плацяжоў з’яўляюцца важнейшымі фактарамі выканання галоўнага фінансавага дакумента раёна. Магчыма, па некаторых пазіцыях давядзецца “падскараціцца”, хоць сацыяльная накіраванасць бюджэту была і застанецца ў любым з выпадкаў. “Не забывацца, што за намі, за нашымі рашэннямі стаяць людзі”, — падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Іван КАВАЛЕНКА.