Без памылак на дарозе. З 10 па 17 лютага ў Ляхавічах праводзіцца спецыяльная аперацыя “Пешаход»
З мэтай папярэджвання дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў, папулярызацыі выкарыстання святлоадбівальных элементаў і камізэлек павышанай бачнасці ў цёмны час з 10 па 17 лютага на тэрыторыі вобласці праводзіцца спецыяльная аперацыя “Пешаход”.
На дарогах Брэстчыны з пачатку года з удзелам пешаходаў зарэгістравана 25 ДТЗ, у выніку якіх 5 чалавек загінулі і 21 атрымаў траўмы. У 6 здарэннях пешаходы былі ў стане алкагольнага ап’янення.
Пераход праезнай часткі ў неўстаноўленым месцы ці на забараняльны сігнал святлафора, невыкарыстанне святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак пры руху па краі праезнай часткі, знаходжанне на дарозе ў нецвярозым стане –найбольш частыя парушэнні пешых удзельнікаў дарожнага руху.
За парушэнне ПДР пешаход прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе папярэджання ці штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь. Калі парушэнне ПДР учынена ў нецвярозым стане, штраф узрастае з 3 да 5 БВ.
Сяргей ЖЫТКО,
часова выконваючы абавязкі начальніка АДАІ.