Дарога вясковага жыцця. Сёння ў Валасачах Ляхавіцкга раёна жывуць 13 чалавек. Плюс яшчэ рэдкія дачнікі /фота/
Малая радзіма. Вёска. Мілы сэрцу куток зямлі. Ён, як і чалавек, пражывае сваё ўласнае жыццё. У ім цесна пераплятаюцца лёсы і шляхі-дарогі тутэйшых вяскоўцаў, тых, хто пусціў тут свае карані, і тых, хто вылецеў з роднага гнязда. Сёння ў Валасачах жывуць 13 чалавек. Плюс яшчэ рэдкія дачнікі.
Раней было шматлюдна і весела ў нашых Валасачах, – успамінае 68-гадовы Уладзімір Станчык. – У пачатковай школе, у якую бегаў хлапчуком, у класах вучыліся па 10-15 чалавек. У пятыя-сёмыя класы хадзілі ў Дамашоўскую школу, сярэднюю – у Сваятычы. І хоць гады былі цяжкія, нават за хлебам часта даводзілася ісці ў Баранавічы, але хацелася вучыцца, жыць, дасягаць мэты, што і рабілі.
Уладзімір Станчык – музыкант-самавучка. Навучыўся ігры на баяне ў свайго швагра, потым разам з ім і на вяселлях ігралі, і адпраўлялі хлопцаў у войска. Валоданне інструментам і падчас вучобы, наогул, у жыцці – заўсёды дапамагала быць у цэнтры ўвагі.
Разам з жонкай Ядвігай выхавалі трох сыноў, а тыя падарылі ім цудоўных унукаў: двух хлопчыкаў і трох дзяўчынак. 45 гадоў сумеснага жыцця сям’і Станчыкаў непарыўна звязаны з сельскай гаспадаркай. Да працы прывучалі і дзяцей, выхоўвалі любоў да зямлі-карміцелькі. Шчыравалі, трымалі немалую гаспадарку. Яшчэ гады 2 назад апрацоўвалі гектар зямлі. Сям’я жыве ў будынку колішняй школы, які набылі яшчэ ў 80-я гады. Уладзімір Канстанцінавіч паказвае, дзе раней была настаўніцкая і дзе ў класе стаяла яго парта…
Каля дома Марыі Захарэц чырвонымі гронкамі зіхаціць рабінка – ласунак для птушак. Гаспадыня рупліва ачышчае дарожкі, замеценыя снегам. Амаль 69 гадоў яе жыцця звязаны з Валасачамі. Жанчына з хваляваннем прыгадвае ўспаміны маці пра пасляваенныя пакуты. Хату спалілі немцы, і пакуль не вярнуўся з вайны муж, ёй з маленькім сынам давялося жыць па суседзях.
– Бацьку як інваліду было выдзелена 10 кубаметраў лесу, але атрымалі толькі палову. Пачалі будаўніцтва свайго дома, – успамінае Марыя Іосіфаўна. – На жаль, бацьку не давялося пажыць у новай хаце. Заканчвалі будаўніцтва ўжо без яго… Віравала жыццё ў вёсцы, наладжвалася. Многа моладзі было, дзяцей. Для працы ў хаце-чытальні (у той час вельмі папулярнай у вёсцы) накіроўвалі дзяўчат. Бывала, тут яны сустракалі свой лёс. Расла вёска. Танцы ладзілі па хатах. Зараз цяжка і ўявіць, што хтосьці пусціў бы да сябе натоўп юнакоў і дзяўчат! А тады… Падлогу ніхто не фарбаваў. Па чарзе прымалі аматараў патанчыць пад баян ці пад скрыпку мясцовых музыкантаў Рыгора Еўшаля і Уладзіміра Станчыка.
Марыя Іосіфаўна не толькі цікавы суразмоўца, але і знатная каравайшчыца. Колькі кулінарных шэдэўраў выпекла майстрыха! А справа гэта вельмі адказная. Вясельны каравай заўсёды лічыўся сімвалам дабрабыту, шчасця і ўдачы. Іменна па яго смаку і выглядзе вызначалася далейшае жыццё маладых. Сакрэт добрага каравая, як і поспеху любой справы, па словах Марыі Захарэц, просты: усё рабіць з душою, з любоўю і дабрынёй.
Больш за 20 гадоў працавала яна ў падлескай пякарні. За змену выпякалі каля 2 тон хлеба, плюс батоны і булачкі.
– Хлеб тады каштаваў нядорага – 18 капеек, – расказвае Марыя Іосіфаўна. І хоць на работу пешшу хадзіць было 6 кіламетраў, для тады 18-гадовай Марыйкі не былі яны адлегласцю. А як жа – у Падлессі кіно круцілі, зноў жа танцы, канцэрты. Хто ж думаў, што з густанаселенай вёскі калісьці толькі ў 9 дамах па вечарах будзе гарэць святло…
Снег мяккім покрывам ахутаў Валасачы. Нібы пастараўся прыкрыць адзіноцтва тых дамоў, што даўно глядзяць на дарогу забітымі вокнамі.
У кухні Марыі Смычкоўскай прыгожа развешаны пляцёнкі з цыбуляй. Жанчына з гонарам апавядае, што гэта справа рук дзяцей – сына і дачкі, якія ва ўсім дапамагаюць. Нягледзячы на 85-гадовы ўзрост, завіхаецца па гаспадарцы – трымае качак і вельмі любіць гатаваць стравы па рэцэптах часопіса “Кухня”. У яе з задавальненнем гасцююць унукі. Іх у Марыі Віктараўны чацвёра, а яшчэ дзве праўнучкі.
Стала сваёй у Валасачах Антаніна Смычкоўская. Нарадзілася ва Украіне, 12 гадоў жыла на Поўначы і паўстагоддзя ўжо – у вёсцы. Шмат гадоў працавала медсястрой. Медыцынскую дынастыю прадоўжыла дачка Надзея – да пенсіі працавала лабарантам-фельчарам у шпіталі.
Двор Антаніны Смычкоўскай добраўпарадкаваны. Летам клумба патанае ў кветках. Нават невялікая ёлачка каля плота прымасцілася. Бабуля робіць разнастайныя нарыхтоўкі для сваіх сямі ўнукаў і пяці праўнукаў. Рэцэптам адной з іх падзялілася з чытачамі раёнкі. Спатрэбіцца паўлітра яблычнага соку і столькі ж вады, 200 грам мёду, грам 30 солі. Мёд і соль растварыць у вадзе, змяшаць з яблычным сокам і закіпяціць. У слоік пакласці зяленіва, часнок. Першы раз памідоры абдаць кіпнем, другі – заліць атрыманым растворам і закатаць.
– Бабуля, пачастуй тымі смачнымі памідорамі! – просяць унукі Антаніну Філімонаўну.
Дарога жыцця Ніны Станчык не была роўнай і лёгкай – адна гадавала дачку і сына. Працавала і паштальёнам, і паляводам, і даяркай. І зараз трымае гаспадарку, не сядзіць без справы. Галоўным сваім шчасцем лічыць дзяцей і ўнукаў, фотаздымкі якіх беражліва захоўвае, час ад часу любуецца. “Маё багацце”, – гаворыць пра іх.
На ўскрайку вёскі стаіць акуратны домік. Калісьці тут са сваёй сям’ёй жыў вельмі добразычлівы, выхаваны, уважлівы і спакойны хлопец Уладзімір Малахвей. На жаль, лёсам не наканавана было яму стаць выдатным аграномам, пражыць доўгае жыццё. Дзевятнаццацігадовы Уладзімір загінуў у далёкім Афганістане, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак…
Колькі людзей, столькі лёсаў. Пра кожнага можна расказваць доўга і цікава. Шчырыя і працавітыя, добразычлівыя і адкрытыя жыхары маленькай вёсачкі. Няхай да кожнага дома заўсёды вядзе пратаптаная сцяжынка, каб вёска з назвай Валасачы ніколі не знікла з карты Ляхавіччыны.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.