Тэорыя механізмаў і машын, або Запахла вясной

Засталося выканаць апошнія штрыхі, і падрыхтоўка да сяўбы ў СВК «Ляхавіцкі» будзе завершана. Але работы хапае і для брыгадзіра трактарнай брыгады Яўгенія Гаўрыльчыка, і для каваля-зваршчыка Аляксандра Ходара.

Асабліва гарачым цэхам сельгаспрадпрыемстваў з’яўляюцца зараз рамонтна-механічныя майстэрні.

На фоне мяккай сёлета зімы ўлавіць тонкія, але характэрныя для сярэдзіны лютага зрухі прыроды ў бок вясны няпроста. Але ўсё вельмі блізка: каляндарная зусім ужо на парозе і збіраецца пастукацца ў дзверы, сельскагаспадарчая, канешне ж, воддаль, але не надта. Магчыма, на падыходзе да варот — скажам, каб завяршыць гэты лірычна-вобразны ўступ і перайсці да сутнасці. Яна ў тым, што для працаўнікоў сельскай гаспадаркі правільным з’яўляецца толькі адзін – механізаваны – шлях у вясну. І ў прамым, і ў пераносным сэнсе, у яе можна або ўехаць, або не ўехаць. З мэтай не дапусціць апошняга, адным з самых гарачых цэхаў у сельгаспрадпрыемствах раёна зараз з’яўляюцца рамонтна-механічныя майстэрні. Задача вызначана ў тым ліку і раённымі ўладамі: у тэрмін да 1 сакавіка комплекс тэхнікі першага этапа работ павінен быць прыведзены ў функцыянальную гатоўнасць. А гэта патрэбная колькасць і класнасць трактароў, плугі, механізмы для ўнясення ўдабрэнняў і ўгнаенняў, камбінаваных глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў, сеялак зерневых.

Галоўны інжынер райсельгасхарчу Міхаіл Новік паспрабаваў расставіць акцэнты ў яравым пытанні: колькі, чаго, дзе, у якім стане яно знаходзіцца, у чым асноўныя складанасці рамонтнага перыяду, іншае.

Старыя добрыя зерневыя монасеялкі з’яўляюцца ўжо далёка не вядучым агрэгатам у пасяўным працэсе. На задворкі машынных двароў розныя СЗУ і СПУ “выціснулі” камбінаваныя глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэгаты. Асноўная нагрузка на іх (а сеялкі – своеасаблівы падхват) для работ на малагабарытных палях. У раёне 33 гэтыя біфункцыянальныя агрэгаты на крыху больш як 7600 планавых яравых пасяўных гектараў. Тэарэтычны расклад выглядае досыць прывабна – 260 гектараў на агрэгат. Пры дзённай прадукцыйнасці апошняга ў межах 30 адзінак плошчы пасяўная магла б завяршыцца за дэкаду. Але тэорыя ад практыкі далёка стаяла. Па-першае, у рабочым стане знаходзіцца 21 машына. Па-другое, мае месца неаднароднасць іх размеркавання і тэхнічнага стану у разрэзе асобных гаспадарак. У СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, ДП “Нача” практычны расклад, як мінімум, не разыходзіцца з прыведзенымі тэарэтычнымі выкладкамі. А ў большасці з неназваных сітуацыя куды менш аптымістычная. Напрыклад, нават з улікам нестапрацэнтнай гатоўнасці чатырох сваіх пасяўных агрэгатаў “Ляхавіцкі” ў стане без праблем справіцца з яравымі клопатамі. Ды і выдаткаваць грошы на набыццё неабходных для рамонту камплектуючых для названых гаспадарак не здаецца непад’ёмным цяжарам. Чаго не скажаш, напрыклад, пра “Тальмінавічы”, “Ліпнянку”, і некаторых іншых сельгасвытворцаў раёна. Агрэгат глебаапрацоўчы пасяўны ўяўляе сабой складаны тэхнічны комплекс. Нават простая планавая замена некаторых расходных элементаў патрабуе выдаткаў – і матэрыяльных, і па часе.

Працаваць у пары з АГП здольны толькі энерганасычаны трактар. Для традыцыйнай Мінскага завода “класікі” такое не пад сілу. З 42 наяўных у раёне трактароў класа “энерганасычаны” працаздольнымі на гэты час з’яўляюцца 36. Быццам бы парытэт: у патэнцыяле на кожны наяўны АГП знойдзецца свой МТЗ-3022 або іншы падобных характарыстык, “ДжонДзір” ці “Кейс”, як у ЗТАА “Белдан”. Але ж задача ставіцца максімальная – прывесці ў палявую гатоўнасць увесь парк энерганасычанай тэхнікі. Што з пачаткам веснавой палявой кампаніі на ўліку, у цане і павазе будзе любая і кожная “конская сіла” – сумнення не ўзнікае.

Тое ж ворыва, напрыклад, з восені не завяршыла ні адно з сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны. Але, калі для “Ляхавіцкага” і “Начы” падняць 150 гектараў зябліва не з’яўляецца цяжкай задачай, то для ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” падымаць давядзецца на парадак больш шырокі палявы клін.

Як і ў выпадку з АГП, надвор’е на ворыве зараз робяць 8-корпусныя абаротныя плугі. У раённых аграрыяў налічваецца 35 адзінак тэхнікі падобнага кшталту. Пакуль не ўсе з іх можна ставіць у баразну. Асобныя плугі патрабуюць рамонту, для некаторых відавочна неабходнасць замены так званых расходнікаў: адвалаў, долатаў, палявых дошак і іншых дэталяў, якія ў працэсе эксплуатацыі падвяргаюцца інтэнсіўнаму зношванню.

Што блізкая пасяўная будзе, магчыма, асабліва складанай, бачыцца ўжо сёння. Як павядзе сябе надвор’е? Не выключана, што зіма вырашыць вярнуць страчанае – меўшы месца мінімум маразоў у студзені, хоць часткова кампенсаваць непатрэбнымі красавіцкімі прымаразкамі. Другі момант – фінансаванне. Відавочна, што ў бюджэты гэтага года для падтрымкі аграрыяў закладзены больш сціплыя сродкі, чым год або два назад.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Нямала клопатаў у токара вышэйшай кваліфікацыі Вацлава Гаўдзіса з СВК «Ляхавіцкі».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *