Гэта горкае слова — пажар
Горкі сэнс слова “пажар” усведамляецца часцяком вельмі позна – тады, калі няшчасце ўжо здарылася. Пацярпелыя на ўласным вопыце пераконваюцца, што адбываецца гэта, як правіла, з-за парушэння элементарных правіл пажарнай бяспекі.
З пачатку года ў раёне адбылося 37 пажараў, на якіх загінулі 4 чалавекі. Прычынай большасці ўзгаранняў стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Па папярэдніх звестках, менавіта цыгарэта гаспадара ў мінулы панядзелак выклікала пажар у жылым доме ў вёсцы Конькі.
Статыстыка сцвярджае: часцей за ўсё на пажарах гінуць людзі ў стане алкагольнага ап’янення. Размораныя спіртным, яны засынаюць з цыгарэтай у руках, а калі агонь ахоплівае жыллё, побач не аказваецца нікога, хто б своечасова падняў трывогу. У такіх выпадках выратаваць жыццё можа аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які выдае рэзкі гукавы сігнал пры з’яўленні дыму. Наогул, гэты маленькі прыбор прыйдзецца дарэчы ў любым доме ці кватэры, а асабліва там, дзе жывуць людзі шаноўнага ўзросту, інваліды, адзінокія грамадзяне, неўладкаваныя сем’і. І не трэба чакаць надзвычайнай нагоды, каб устанавіць яго ў сябе дома ці ў сваіх родных. Нездарма ж народная мудрасць сцвярджае, што лепш вучыцца на чужых памылках, а не на сваіх.
Сяргей СІМАКОВІЧ, начальнік інспекцыі дзяржпажнагляду РАНС.