Добрая зямля, добрыя людзі

Тое, што па прынятай у аграрыяў шкале ацэнкі жарабковіцкая зямля з’яўляецца лепшай у раёне, – факт, даказаны навукай, таму і абсалютна бясспрэчны. Тое ж і з такой жа абсалютнасцю ў адносінах да людзей, якія на гэтай зямлі жывуць і працуюць, гаварыў старшыня СВК “Жарабковічы” Віталій Бусько.

У мінулую пятніцу прайшоў агульны справаздачна-выбарны сход членаў кааператыва. Падлескі сельскі Дом культуры, у якім ладзілася названая падзея, вытрымаў у той дзень аншлаг. Гандлёвы аншлаг назіраўся і ў блізкім радыусе ад будынка СДК. “Палатачнікі” са сваім шырспажывам, аўталаўка аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Баранавіцкага раёна, крамы тавараў паўсядзённага попыту – Ляхавіцкаму райпо ў Падлессі істотную канкурэнцыю складае фірменны гандаль сельгаскааператыва. І наадварот.

Трымаючы справаздачу праўлення пра зробленае на працягу 2014 года, старшыня Віталій Бусько трымаўся канкрэтыкі. Праводзіліся паралелі паміж справаздачным і папярэднім яму годам работы. Пасля інтэграцыі ў канцы мая з СВК “Канюхі”, на балансе “Жарабковіч” стала 9600 гектараў сельгасугоддзяў. З іх 6600 гектараў складаюць ворыўныя землі. У кааператыве працуюць 629 чалавек. Гаспадарка, па раённых мерках, – сельскагаспадарчы гігант. Пра гэта сведчыць і парадак прыведзеных у справаздачы старшыні лічбаў: некаторыя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці кааператыва вымяраюцца дзясяткамі мільярдаў. За рэалізаваную прадукцыю, напрыклад, летась было выручана 146 мільярдаў рублёў, што з’яўляецца 16-працэнтным перавышэннем аналагічнага пазалеташняга паказчыка. Дзякуючы ўжо ўзгаданаму гандлю (акрамя Падлескага, гэта яшчэ і магазін у вёсцы Зарытава) атрымалася выручыць 7 мільярдаў рублёў, што здаецца зусім нядрэнным вынікам работы няпрофільнага актыву.

З другога боку – расходная частка бюджэту гаспадаркі, многія артыкулы якой вымяраюцца таксама мільярдамі рублёў. За паліўна-змазачныя матэрыялы за год аддалі 14 мільярдаў, на запасныя часткі — больш за 12, амаль 5 мільярдаў уласных сродкаў пацягнулі рамонтна-будаўнічыя работы. 1,1 мільярда рублёў пайшло на аплату гарачых абедаў работнікаў СВК. Іх у “Жарабковічах” падаюць фактычна круглы год, а ў перыяд інтэнсіўных сельскагаспадарчых клопатаў і двойчы на дзень. Пры тым, што датацыя канкрэтнага работніка ў свой абед складае ўсяго тысячу рублёў. Гэта сума ўспрымаецца ў якасці сімвала на фоне трохі больш 5 мільёнаў рублёў сярэдняй па кааператыве заработнай платы.

Пры тым, што рацыяналізаваць расходы гаспадарка можа і абавязана: у плане аб’ёмаў спажывання электрычнай энергіі, закупу запасных частак і іншых матэрыяльных рэсурсаў.

Год 2014-ы СВК “Жарабковічы” завяршыў з гадавой рэнтабельнасцю роўнай 16,6 працэнта, рэнтабельнасць продажаў склала больш за 13 працэнтаў.

У рознай ступені добра на рэнтабельнасць спрацавалі і раслінаводства, і жывёлагадоўчая галіна гаспадаркі. Пры сярэдніх 64,5 цэнтнера на круг збожжа было сабрана 20,5 тысячы тон. Пшаніца азімая ўрадзіла лепш, яравыя пшанічныя пасевы, клін ячменны атрымаліся некалькі менш важкімі. Як, дарэчы, і пасеяныя папярэднімі гаспадарамі былыя канюхоўскія плошчы.

Ураджайнасць амаль 34 цэнтнеры з гектара паказаў рапс, добра ўрадзіла бульба, выдатна – цукровыя буракі. Зрэшты, 634 цэнтнеры на гектар салодкага кораня старшыня кааператыва ахарактарызаваў як недабор: “Тэрміны праполкі не заўсёды захоўваліся, яе якасць…” Тым не менш, важкасць жарабковіцкага “салодкага” гектара адна з самых высокіх у вобласці.

Якасны і колькасны рост паказала летась жывёлагадоўля “Жарабковіч”. Прыкладна на паўтоны, у параўнанні з папярэднім годам, павялічыўся сярэдні надой на карову. З 7 фермаў найбольш высокапрадукцыйнай аказалася Гуліцкая МТФ – 6053 кілаграмы малака на карову. Цікавай у гэтай сітуацыі падаецца і тая акалічнасць, што Гуліцкая ферма з’яўляецца самай старой і далёка не самай тэхналагічнай у гаспадарцы. Тым не менш – і колькасць, і высакагатунковая якасць прадукцыі.

З пачатку лета “Жарабковічы” – гэта не толькі малако, ялавічына, хлеб і цукар. Яшчэ і авечкагадоўля. За паўгода істотна падрамантаваліся аўчарні, заменены асобныя камплекты абсталявання. Але галоўнае, мабыць, у тым, што, дзякуючы бюджэтнаму фінансаванню, праведзена абнаўленне статка, пагалоўе якога на пачатак студзеня складала прыкладна 3,4 тысячы жывёлін. Але просіцца выснова, што атара не ёсць сінонім слова дастатак. Пакуль, ва ўсякім выпадку. “Частку рэалізавалі па бартары. А так і воўна практычна не запатрабавана, і скуры”, – адзначыў у дачыненні новых вытворчых актываў гаспадаркі яе кіраўнік.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч адзначыў вялікі ўклад калектыву СВК “Жарабковічы” ў развіццё раёна. Звярнуў увагу на дынаміку ў рабоце жывёлагадоўчай галіны сельгаскааператыва: пайшлі ўгору асноўныя вытворчыя паказчыкі, працягваецца будаўніцтва “старой новай” фермы. Што важна, без прыцягнення спецыялізаваных арганізацый – ашчадным у плане выкарыстання грошай гаспадарчым спосабам. Але, на думку кіраўніка раённай заканадаўчай улады, рэзервы застаюцца, і дастаткова істотныя. Напрыклад, гадавая прадукцыйнасць сярэдняй русінавіцкай каровы ці не на 2 тоны перавышае аналагічны жарабковіцкі паказчык.

Рашэннем агульнага сходу членаў кааператыва Віталій Бусько працягне кіраваць СВК “Жарабковічы”. Як мінімум, 3 наступныя гады, у дадатак да амаль 33, што ўжо знаходзіцца на гэтай пасадзе.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *