Які партрэт, які пейзаж
Які ўсё ж прыгожы наш родны горад! Па цэнтры ідзеш – радуюць вока клумбы-дываны, усыпаныя кветкамі. Многія гаспадыні прыватных дамоў рупліва ўпрыгожваюць свой падворак і тэрыторыю за агароджай. Напрыклад, зазірніце на вуліцу Пугачова, 7 (на здымку ўверсе). Кветкавая ідылія, парадак сведчаць: тут жывуць увішныя гаспадары.
А якія цудоўныя пейзажы можна ўбачыць на тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый. Новымі фарбамі зайграла клумба перад рэстаранам “Ластаўка” і магазінам “Ласунак”: падсветка, вее прахалодай ад фантана, а па каменьчыках бяжыць ручаёк. Але, на жаль, такую эстэтычнасць, чысціню і прыгажосць сустрэнеш не ўсюды. Сярод аазісу парадку ёсць і прыклады безгаспадарчасці. Замест кветак і альпійскіх горак расце-буяе бур’ян каля магазіна на вуліцы Цітовіча. Аналагічная карціна назіраецца і яшчэ каля аднаго аб’екта райпо – будынка на пачатку вуліцы Матросава. Магчыма, пра яго існаванне ў спажывецкім таварыстве забыліся: вокны разбіты, вакол пустазелле, будынак сіратліва чакае гаспадароў, якія б нарэшце навялі парадак і ўдыхнулі ў яго новае жыццё.