Аб пенсійных навацыях

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў на анлайн-канферэнцыі, якая прайшла 18 лютага на сайтах БЕЛТА і міністэрства

Анлайн-канферэнцыя «Аб пенсійных навацыях» прайшла 18 лютага на сайтах БЕЛТА і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У ёй прыняў удзел намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.

Стажавы парог павялічаны

З 1 студзеня бягучага года стажавы парог для пенсіі павялічаны з 10 да 15 гадоў, а год таму (з 1 студзеня 2014 года) для назначэння працоўных пенсій па ўзросце і за выслугу гадоў мінімальны страхавы стаж быў павялічаны з 5 да 10 гадоў. Такім чынам, фактычна ўсяго за год стажавы парог павысіўся з 5 да 15 гадоў. «Аднак нават павышаны са студзеня бягучага года да 15 гадоў мінімальны перыяд работы з выплатай узносаў – даволі мяккае патрабаванне для далейшага працяглага атрымання пенсіі, – лічыць намеснік міністра. – Параўнайце: патрабуемыя 15 гадоў работы амаль у 2,5 раза меншыя за перыяд працоўнай актыўнасці (ад 18 гадоў да 55-60 і больш гадоў). Пры гэтым перыяд атрымання пенсіі (больш за 20 гадоў) перавышае перыяд фарміравання права на пенсію. Таму ў перспектыве розніца паміж перыядам фарміравання права на пенсію (гэта значыць патрабуемым стажам) і перыядам атрымання пенсіі будзе паступова скарачацца. Пры гэтым, як чакаецца, ільготы сацыяльна слабаабароненым катэгорыям (шматдзетным маці, інвалідам з дзяцінства, іх бацькам) будуць захаваны».
Валерый Кавалькоў адзначыў: «Ва ўмовах старэння насельніцтва ўзрастае патрэбнасць у дадатковых сродках і больш рацыянальным іх выкарыстанні. Таму патрабаванні для атрымання права на дзяржаўную пенсію ўзмацняюцца».

Пенсійны ўзрост  застаецца ранейшым

«Ва ўмовах росту расходаў на пенсіі многія краіны павышаюць пенсійны ўзрост. Пры гэтым у адных краінах захоўваецца розніца ва ўзросце выхаду на пенсію ў жанчын і мужчын, у іншых – гэты ўзрост паступова ўраўноўваецца, – сказаў намеснік міністра. – У Беларусі пытанне аб павышэнні пенсійнага ўзросту – ні для жанчын, ні для мужчын – цяпер не разглядаецца».
Акрамя Беларусі, з часоў СССР пенсійны ўзрост не змяніўся толькі ў Расіі і Узбекістане. «Змяншэнне (абмежаванне) прытоку атрымальнікаў пенсій шляхам павышэння пенсійнага ўзросту – адна з мер па стрымліванні пенсійных расходаў. Асаблівую актуальнасць яна набыла ва ўмовах старэння насельніцтва. Менавіта таму ў многіх краінах, у тым ліку ў былых рэспубліках СССР, ужо рэалізаваны або рэалізуюцца рашэнні аб павышэнні ўзросту для звароту за пенсіяй (на 2-5 гадоў для мужчын і на 2-8 гадоў для жанчын)», – праінфармаваў намеснік міністра.
Дарэчы, у 2005 годзе на 100 занятых у эканоміцы Беларусі прыпадала 59 пенсіянераў, у 2010-м – 56, у бягучым годзе (паводле ацэнкі) – 60. У бліжэйшай перспектыве нагрузка на работнікаў бу-дзе паступова павялічвацца, падкрэсліў удзельнік анлайн-канферэнцыі.

На пенсіі і працуюць

«Сёння прадаўжаюць працаваць больш як 642 тыс. пенсіянераў. Пры гэтым доля працуючых пенсіянераў вагаецца ў дыяпазоне 22-25 працэнтаў агульнай іх колькасці, што сведчыць аб запатрабаванасці працы пажылых работнікаў, – адзначыў Валерый Кавалькоў. – Дзеючыя правілы выплаты пенсій працуючым пенсіянерам у бліжэйшы час пераглядацца не будуць».
Паводле слоў удзельніка анлайн-канферэнцыі, змяненне ў памеры пенсіі ў сувязі з працаўладкаваннем распаўсюджваецца на пенсіянераў, якія маюць індывідуальны каэфіцыент заработку (ІКЗ) ад 1,3 да 4,0: па дзеючых правілах, у перыяд работы пенсія налічваецца з улікам ІКЗ не большага за 1,3. Амаль у 60 працэнтаў працуючых пенсіянераў пры працаўладкаванні памер пенсіі не змяняецца, паколькі ІКЗ у іх меншы за 1,3. Не змяняецца таксама памер пенсіі ў перыяд работы і ў пенсіянераў, непасрэдна занятых у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Прывязаны  да сярэдняй зарплаты

Рэальны памер пенсій у Беларусі за чатыры гады ўзрос на 39,2 працэнта. У 2014 годзе рэальны памер пенсіі па ўзросце павялічыўся на 1,3 працэнта. «У 2015 годзе плануецца падтрыманне рэальнай пенсіі на ўзроўні мінулага года, – адзначыў намеснік міністра. – У бягучым годзе пенсіі будуць павышацца з улікам росту заработнай платы работнікаў і фінансавых магчымасцей фонду сацыяльнай абароны насельніцтва».
На выплату працоўных пенсій у бягучым годзе запланаваны расходы ў памеры Br87,3 трлн (у прыватнасці, у лютым яны складуць больш як Br6,8 трлн).
Адказваючы на пытанне аб тым, чаму пенсіі не індэксуюцца ў сувязі з інфляцыяй, а прывязаны да сярэдняй заработнай платы, Валерый Кавалькоў растлумачыў: «На фінансаванне пенсійных выплат накіроўваюцца страхавыя ўзносы – адлічэнні з фонду заработнай платы. Іншай крыніцы няма.
Таму падставай для індэксацыі працоўных пенсій з’яўляецца пэўны рост узроўню заработнай платы ў рэспубліцы.
Заўважым, што пры такім механізме індэксацыі пенсій забяспечваецца іх рэальны рост. Пры індэксацыі працоўных пенсій па росце спажывецкіх цэн рэальны памер пенсіі будзе толькі падтрымлівацца на існуючым узроўні, а расці не будзе».

Працяглы стаж дае плюс

З 1 студзеня бягучага года Указам № 570 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння» прадугледжана павышэнне пенсій асобам, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, вылічаным пры працяглым стажы работы з невысокімі заработкамі. Паводле ацэнкі, з 1 студзеня гэтага года пенсіі павысіліся больш як у 670 тыс. чалавек. У сярэднім памеры пенсій у гэтай групы павялічыліся на Br40 тыс.
Адказваючы на пытанне аб тым, чаму нормы Указа № 570 аб павышэнні пенсіі за працяглы стаж, уведзеныя з 1 сту-дзеня 2015 года, закранулі толькі лю-дзей з невысокім заработкам у мінулым, Валерый Кавалькоў растлумачыў: «Таму што пры стажы 40/45 гадоў (у жанчыны/мужчыны) памер пенсіі па ўзросце ў снежні 2014 года складаў усяго Br1 млн 768,9 тыс. Да таго ж нізкі заработак не заўсёды можа быць пастаўлены ў віну работніку: галіны з традыцыйна нізкай аплатай працы былі ў СССР і прысутнічаюць у эканоміцы Беларусі (сельская гаспадарка, адукацыя, ахова здароўя, сацыяльныя паслугі)».
З 1 студзеня 2016 года Указам № 570 прадугледжваецца дадатковае павышэнне пенсій асобам, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту і маюць працяглы стаж. Гэта адбудзецца за кошт больш высокай вартасці кожнага поўнага года стажу работы звыш 40 гадоў у мужчын і 35 гадоў у жанчын. Так, вартасць 41-га і 36-га года стажу складзе 1,1 працэнта сярэдняй заработнай платы для вылічэння пенсіі, 42-га і 37-га – 1,2 працэнта, 43-га і 38-га – 1,3 працэнта, 44-га і 39-га – 1,4 працэнта, 45-га і 40-га – 1,5 працэнта сярэдняй заработнай платы для вылічэння пенсіі або мінімальнай вартасці года стажу, устаноўленай гэтым указам з 1 студзеня 2015 года.
Акрамя таго, з 1 студзеня 2016 года асобам са стажам работы 36 гадоў у мужчын і 31 год у жанчын пры вылічэнні працоўнай пенсіі будзе ўлічвацца індывідуальны каэфіцыент заработку да 5.

Бонус за даўгалецце

Дадатковую мэтавую даплату да пенсій у лютым бягучага года атрымаюць  298,5 тыс. непрацуючых атрымальнікаў пенсій, якія дасягнулі ўзросту 75 гадоў, і больш як 311 тыс. – ва ўзросце 80 гадоў і старэйшыя. Расходы фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на гэтыя выплаты ў цэлым у 2015 годзе, паводле ацэнкі, перавысяць Br2,4 трлн.
Памеры даплат павялічваюцца штоквартальна ў сувязі з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ). Так, з лютага гэтага года памер даплаты для людзей ва ўзросце 80 гадоў і старэйшых складае Br357 тыс. 25 (100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, гэты нарматыў складае 25 працэнтаў БПМ), для людзей ва ўзросце ад 75 да 80 гадоў – Br267 тыс. 769 (75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце).
У сувязі з павелічэннем БПМ у мінулым годзе пераразлік даплат да пенсій праводзіўся чатыры разы (з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада).

Без страхавога стажу  няма сацыяльнай пенсіі

Тым, хто не мае мінімальнага 15-гадовага (або ўстаноўленага для асобных катэгорый 5-гадовага) стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў, сацыяльная пенсія са студзеня 2015 года будзе назначацца на 5 гадоў пазней: мужчынам – пасля дасягнення ўзросту 65 гадоў, жанчынам – 60 гадоў. Гэтыя змяненні не закранаюць сацыяльна слабаабароненыя катэгорыі (дзяцей-інвалідаў, інвалідаў, у тым ліку інвалідаў з дзяцінства, дзяцей у выпадку страты карміцеля).
На пачатак лютага бягучага года ў Беларусі налічвалася 59,1 тыс. атрымальнікаў сацыяльных пенсій. У асноўным гэта дзеці-інваліды, інваліды з дзяцінства, дзеці, якія страцілі карміцеля. Памеры іх пенсій розныя – у залежнасці ад ступені страты здароўя або групы інваліднасці – ад Br1 млн 71,1 тыс. да Br1 млн 570,9 тыс. Сярэдні памер сацыяльнай пенсіі складае Br1 млн 296,4 тыс. У тых, хто не з’яўляецца інвалідамі і не мае мінімальнага стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў, памер пенсіі складае Br714,1 тыс., праінфармаваў Валерый Кавалькоў.

Пенсія з “прэміяй”

Паводле ацэнак, колькасць работнікаў, якія скарысталіся магчымасцю павысіць памер пенсіі, паступова павялічваецца. Паводле апошніх даных, пенсію з «прэміяй» атрымліваюць больш як
6 тыс. чалавек, праінфармаваў намеснік міністра: “У сярэднім перыяд работы пасля назначэння пенсіі складае пяць гадоў. За гэты час можна павялічыць памер сваёй пенсіі на 70 працэнтаў. Для параўнання: у Расіі за такі ж перыяд можна павялічыць памер сваёй пенсіі на 50 працэнтаў».
Па інфармацыі БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *