Беларусачка. Яркую, прывабную і таленавітую салістку народнай эстраднай студыі “Экспрэс” з Ляхавіч не заўважыць проста нельга

Усмешка, якая абяззбройвае, іскрыстыя вочы, чароўны голас – не заўважыць Надзею Цямчык проста нельга! Яркую, прывабную і таленавітую салістку народнай эстраднай студыі “Экспрэс” пазнаюць многія. А яшчэ Надзея спявае і ставіць харэаграфічныя нумары ў клубе “Юнацтва” агракаледжа (менавіта тут яна калісьці і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Андрэем, які на музычным небасхіле Ляхавіччыны і не толькі – асоба сёння вядомая, пераможца і лаўрэат самых разнастайных вакальных конкурсаў).
Захапленне музыкай зусім не перашкаджае ні ў прафесійнай дзейнасці (Надзея працуе лабарантам у ЛДАКу), ні ў вучобе (зараз яна яшчэ і 5-курсніца БарДУ, будучы зааінжынер), ні ў выхаванні чатырохгадовага Ягоркі, якому мама з татам прысвячаюць кожную вольную хвілінку, і які таксама вельмі музыкальны (ёсць у каго!).
Літаральна днямі ў раённым этапе маладзёжнага вакальнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі” Надзея стала адным з трох фіналістаў (як, дарэчы, і яе муж Андрэй).
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *