Сустрэчы ў інтэр’еры вясны. На імправізаванае перадсвяточнае пасяджэнне жансавета “ЛВ” запрасіў сваіх добрых знаёмых
Сёння на імправізаванае перадсвяточнае пасяджэнне жансавета “ЛВ” запрасіў сваіх добрых знаёмых. У розныя гады яны станавіліся ўладальніцамі спецыяльнага прыза раёнкі, які традыцыйна ўручаецца на святкаванні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Усмешлівыя і пяшчотныя, клапатлівыя і адказныя, цудоўныя гаспадыні і выдатныя працаўніцы – нашы зямлячкі такія розныя і такія падобныя! Кожная з іх паспрабавала адказаць на 4 пытанні “ЛВ”.
1. Што ў вашым уяўленні – шчасце?
2. Якую падзею ў сваім жыцці вы лічыце самай яркай?
3. Самы дарагі для вас падарунак – гэта…
4. Пра што марыце?
Майго шчасця сінонім
Таццяна СОКАЛ, на момант уручэння прыза “ЛВ” – аператар машыннага даення СВК “Ордэна Знак Пашаны “Кастрычнік”. Цяпер у дэкрэтным водпуску.
1. Лічу, што кожны каваль свайго шчасця. Сінонім майго шчасця – дзеці. 7 хлопцаў і 2 дзяўчынкі – мая найвялікшая радасць. Старэйшаму – 26 гадоў, малодшаму – 3 месяцы. Дзякуючы клопату дзяржавы пра мнагадзетныя сем’і, мы жывём у вялікім двухпавярховым доме. Ці гэта не радасць? Не трэба баяцца цяжкасцяў вялікай сям’і. Наш дэвіз: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Старэйшыя апякаюць малодшых, дапамагаюць ім, клапоцяцца. Вучым дзяцей у любой сітуацыі заставацца чалавекам, быць бліжэй да людзей. Бачу ўсмешкі сваіх дзяцей, з цікавасцю назіраю за іх дасягненнямі і поспехамі, недзе пралікамі і памылкамі ( і гэта неабходны жыццёвы вопыт). Ад пачуцця, што гэта ўсё наша з мужам Васіліем багацце, адчуванне шчасця павялічваецца . Цешуся статусам бабулі і свекрыві: дзве зорачкі – унучкі ў нас і цудоўныя нявестачкі. Люблю, калі збіраецца ўся сям’я. Такі сямейны дружны вулей. Усе расказваюць нешта, дзеляцца. Старэйшыя сыны Аляксандр і Генадзій працуюць разам з бацькам у камунгасе. Як яны з гонарам адзначаюць – ”камунгасаўская дынастыя”. Усё гэта складальнікі майго жаночага шчасця.
2. Самы яскравы момант жыцця таксама звязаны з дзецьмі. Выразна помню нараджэнне кожнага. І , паверце, гэтыя непаўторныя пачуцці нельга ні забыць, ні падмяніць іншымі.
Назаўсёды застанецца ў маёй памяці момант ўручэння мне 10 гадоў назад ордэна Маці, гонар як лепшая мнагадзетная сям’я прадстаўляць Ляхавіччыну ў Мінску.
і атрымліваць падарунак ад Кіраўніка нашай краіны.
3. Самае дарагое, бясцэннае – мае хлопчыкі і дзяўчынкі. За іх дзякую Богу, яны сэнс жыцця. Удзячна ўсім за дом, за магчымасць расціць і выхоўваць дзяцей і ўнукаў у шыкоўных умовах.
4. Мару, каб добра вучыліся дзеці, каб былі здаровымі, каб паспяхова склалася іх жыццё, каб заўсёды быў мір.
Дар бясцэнны
Ірына СТРАМАВУС, намеснік начальніка райсельгасхарчу:
1. У кожнага чалавека сваё разуменне шчасця. Для кагосьці шчасце вымяраецца ў грошах, для іншых – у квадратных метрах, для трэціх – у скорасці, для некаторых увогуле ніяк не мераецца. Я з тых, хто згодны з наступнай трактоўкай:
Счастлив тот, кто на рассвете
Сумел однажды осознать,
Что жив! Здоров! Что солнце светит
И будет новый день опять…
2. Самыя яркія моманты майго жыцця не звязаны з нечым незвычайным і экстрымальным. Хутчэй наадварот. Яны простыя, звычайныя рэчы і падзеі. Але ад гэтага не менш яркія.
Маё нараджэнне. Хаця маё нараджэнне было яркай падзеяй хутчэй не для мяне, а для маіх бацькоў. Для мяне ж гэта – навагодняя ёлка і падарункі пад ёй, прыўзняты святочны настрой, мітусня, гулянне ў снежкі з сябрамі, пасля чаго вярталіся дамоў мокрымі. Дзіўны быў час.
Школа: тут з’явіліся новыя сябры, першае каханне.
Атрыманне вышэйшай адукацыі: зноў жа новыя сябры, дыплом з адзнакай.
Першы рабочы дзень у эксперыментальнай базе “Малагарадзішчанская”: з захапленнем успамінаю сваіх першых настаўнікаў.
Вучоба ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь: шмат новых сяброў, якасна новыя веды.
Мая работа, якая патрабуе вытрымкі, цярпення, настойлівасці, умення наладзіць стасункі з многімі людзьмі.
Вяселле роднай сястры, нараджэнне любімай пляменніцы, будаўніцтва кватэры – можна было б працягваць бясконца…
3. Лічу, што самы дарагі падарунак (не ў матэрыяльным сэнсе, а ў духоўным), які можна зрабіць іншаму, – час. Час, праведзены разам, і час, праведзены ў чаканні. Падораны час нельга вярнуць, што робіць гэты дар не проста дарагім, а бясцэнным. Праводзьце як мага больш часу з блізкімі, бо яго немагчыма ні паўтарыць, ні вярнуць!
4. Мару, каб не было вайны і страшных прыродных катаклізмаў. Хачу здароўя сабе і сваім блізкім, спакою, стабільнасці, дабрабыту, наладжанага асабістага жыцця, каб ва ўсіх збываліся мары. Вельмі хачу, каб мая любімая мамачка жыла доўга-доўга.
Марыла пра вялікую сям’ю
Ірына МАСЦІЛОЎСКАЯ – аператар машыннага даення СВК “Шлях новы”.
1. Людзі шукаюць шчасце і часта не разумеюць, што яно тут, побач, толькі працягні руку.
Я рана засталася без мамы, мусіць па гэтай прычыне заўсёды марыла пра вялікую сям’ю. Мара збылася. Маё шчасце – мая сям’я: муж і дзеткі. Іх у нас трое: Максім, Мілана, Ангеліна. Вельмі люблю іх!
Радуюся, калі ў жыцці сустракаюцца добрыя людзі. Жыць ад гэтага лягчэй і ўтульней. Рабят сваіх раніцай кожнага перахрышчу і пажадаю паспяховага дня. Вучым іх паважаць старэйшых, бацькоў, цаніць сям’ю. Любімыя людзі, клопат блізкіх, дамашняя ўтульнасць – усё гэта найвялікшае шчасце.
2. Самая яркая падзея ў маім жыцці – лёсавызначальная сустрэча з мужам Вячаславам. 20 гадоў назад нарадзілася наша сям’я. Разам, як гавораць, пуд солі з’елі. Заўсёды стараемся падтрымліваць адзін аднаго, дапамагаць, цэнім сумесныя святы, паездкі і проста моманты жыцця. На дні нараджэння кожнага з дзяцей збіраецца ўся сям’я, прыязджаюць хрышчоныя бацькі.
3. Самы галоўны падарунак – жыццё. Мне яго падарыла маці. Дзеці – самае дарагое і бясцэннае. Даражэйшага, лічу, не існуе. Грошы можна зарабіць – працаваць мы ўмеем. Астатняе ўсё можна набыць.
Блізкія майму сэрцу падарункі зроблены рукамі дзяцей. Шчырыя віншаванні, кветкі, сюрпрызы – нязменныя атрыбуты 8 Сакавіка.
4. Мары мае звязаны з будучыняй сына і дачок. Максіму 18 гадоў, Мілана – выпускніца школы, Ангеліне – 11. Хачу, каб сталі яны сапраўднымі людзьмі, каб выбралі правільную дарогу жыцця, атрымалі адукацыю.
І дом пабудуем!
Ганна ДЗЯЦЕЛ, на момант уручэння прыза “ЛВ” працавала загадчыцай лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы райветстанцыі. Цяпер у дэкрэтным водпуску.
1. Зусім нядаўна галоўнымі людзьмі ў маім жыцці былі бацькі і сястра. І толькі жаночае шчасце, на мой погляд, – быць мамай, прыціснуць да сябе маленькага чалавечка і любавацца ім бясконца. Словамі гэта пачуццё не перадаць. Мілей і гучней слова мама няма нічога ў свеце. Я кожную раніцу прачынаюся з адчуваннем шчасця і не стамляюся паўтараць: я люблю цябе, жыццё!
2. Пра гэту падзею марыла з дзяцінства. Колькі разоў уяўляла сябе з малышом на руках. І вось 6 ліпеня 2014 года шчасце вагой 3 кілаграмы 580 грамаў з’явілася на свет. Гэта наш з мужам Паўлуша, Паўлік, Павел Вітальевіч .
Шчаслівым і знамянальным стаў для мяне і 2013 год. У студзені я сустрэла сваю другую палавінку — Віталія, а праз месяц ён прапанаваў стаць яго жонкай. Цяпер вось сталі мамай і татай.
Яшчэ адна падзея, якая перавярнула не толькі маё, але і жыццё нашай сям’і, адбылася 8 гадоў назад: у кватэры з’явіўся пушысты цуд — кот па мянушцы Топ. Да нараджэння Паўліка ўсё круцілася вакол ката.
3. Самы галоўны падарунак — сыночак.
А яшчэ назаўсёды запомню сюрпрызы, якія падрыхтавалі на маё 25-годдзе сястра і сяброўка. Адзін з іх — альбом з фотаздымкамі. Усе міні-фотасесіі на працягу доўгага часу адбываліся мною незаўважанымі.
Лічу, што кошт падарунка зусім не важны, галоўнае, каб ён быў ад душы.
4. Важна, каб былі здаровымі мае родныя і блізкія, каб у іх усё ладзілася. Задача нумар адзін для нас з мужам – пабудаваць свой дом – пакуль жывём разам з маімі бацькамі. Мара на перспектыву — вялікая і абавязкова дружная сям’я.