Якасць “квадрата”
«Квадрат» збудаванай агульнай, вытворчай, жыллёвай у асаблівасці плошчы, канешне ж, павінен адпавядаць высокім стандартам якасці. Як само сабой зразумелае, што не падлягае спробе абмеркавання. Прыкметай асаблівай прафесійнай ветлівасці могуць лічыцца факты, калі работа, тавар, любая з паслуг выкананы якасна ў квадраце. Падобная прапанова, вытворчы прадукт ніколі не стануць заляжалымі – знойдуць свайго спажыўца. Асабліва ўдзячнага ў выпадку, калі якасць будзе “куплена” за лагічна-адпаведныя грошы. Зусім не рэклама, а парытэт цаны і якасці з’яўляюцца рухавіком у імкненні спыніць свой выбар на той ці іншай прапанове.
Вяртаючыся да тэмы будаўніцтва, можна адзначыць, што, у прыватнасці, жыллёвыя квадраты ў новабудоўлях каштуюць сур’ёзных грошай. Асабліва з пазіцыі сярэднестатыстычных памераў заработнай платы. Само сабой, навасёлы маюць права спадзявацца і на адпаведную канчатковую якасць. Падобнае правіла, аднак, вытрымліваецца не заўсёды, маюць месца адступленні ад яго. Для прыкладу можна ўзяць адзін са шматпавярховых дамоў па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры. Здадзены ў эксплуатацыю напярэдадні мінулай зімы, дом не надта, мякка кажучы, радаваў цяплом сваіх насельнікаў той самай зімой. Нешта не так было з сістэмай ацяплення…
Жылля будуецца ўсё больш. Дастаткова кінуць позірк на тую ж Інтэрнацыянальную ў Ляхавічах, каб зрабіць для сябе выснову. Будуецца і вёска: у многіх з сельскіх населеных пунктаў раёна з’явіліся цэлыя вуліцы сучаснай катэджнай забудовы.
І будаўнічы бум працягваецца ў не меншых маштабах, аднак, з максімальнай якасцю, неабходнасцю скарачэння тэрмінаў узвядзення аб’ектаў і іншымі – больш жорсткімі – патрабаваннямі да правядзення падрыхтоўчых работ, арганізацыі і ўтрымання будаўнічых пляцовак. А яшчэ, пачынаючы з 1 ліпеня бягучага года, кватэры для чаргавікоў павінны здавацца з поўнай аддзелкай. “Пад ключ”, што называецца: атрымаў гэты самы ключ, занёс мэблю – і можна святкаваць наваселле. Практычная ініцыятыва прынята, у тым ліку, і з мэтай павышэння адказнасці будаўнікоў за якасць выканання сваіх работ. Становіцца больш празрыстым і зразумелым, з каго і за што спытаць, калі нешта не так. Ёсць, аднак, і праціўнікі новаўвядзення, незадаволеныя. Тым, напрыклад, што выбар будаўніча-аддзелачных матэрыялаў ажыццяўляецца цэнтралізавана, а ў такім выпадку вельмі няпроста задаволіць густ абсалютна ўсіх уладальнікаў кватэр. Бачны, аднак, плюсы, і іх дастаткова. Напрыклад, навасёлы атрымліваюць шанц адпачываць падчас сваіх законных выхадных у цішыні, а не пад акампанемент дрылі, што свідруе бетон у суседняй кватэры.
Аднак, якасць выканання будаў-нічамантажных работ на сённяшні дзень з’яўляецца адным з праблемных пытанняў. Практычна на ўсіх этапах вытворчага працэсу: ад прыёмкі і праверкі праектна-каштарыснай дакументацыі да ўводу аб’екта ў эксплуатацыю. Аб гэтым, у прыватнасці, можна гаварыць, зыходзячы з вынікаў маніторынгаў аб’ектаў будоўлі, што рэгулярна праводзяцца спецыялістамі аддзела архітэктуры і будаўніцтва Ляхавіцкага райвыканкама. Вынікі аднаго з такіх мерапрыемстваў, што адбывалася прыкладна ў сярэдзіне жніўня, знайшлі сваё адлюстраванне ў даведцы аб якасці работ на будаўнічых аб’ектах і стане будаўнічых пляцовак.
40-кватэрны кааператыўны дом у межах вуліцы Інтэрнацыянальнай райцэнтра – ЖБСК-15 – закладзены ў ліпені. У якасці падрадчыка выступае УБП “ПМК-13” ААТ “Пінсксаўгасбуд”. У дзень наведвання спецыялісты аддзела адзначылі, у прыватнасці, факт адсутнасці на будоўлі пашпарта аб’екта, зафіксавалі адхіленні ў якасці выканання арміравання сцен, звярнулі ўвагу, што вентканалы выкананы не ў поў-най адпаведнасці праектным рашэнням, некаторае іншае. Былі пытанні і ў дачыненні норм утрымання будаўнічай пляцоўкі. Звернута ўвага на неналежны стан бытавога памяшкання.
Размешчаны непадалёку таксама 40-кватэрны дом ЖБСК-14 УБ “Ляхавіцкая ПМК-17” ААТ “Брэстсельбуд” у якасці арганізацыі-падрадчыка будуе з красавіка. На дзень наведвання былі распачаты мулярныя работы па ўзвядзенні сцен другога паверха. Устаноўлена, што геадэзічны кантроль не вядзецца, адсутнічаюць даты адбору проб узораў бетону і раствору і вынікі іх выпрабавання… Былі заўвагі і адносна якасці цаглянай кладкі. У прыватнасці, па патрабаванні тэхнагляду даводзілася разбіраць кладку. Аднак, у адрозненне ад папярэдняга аб’екта, створаныя тут для работнікаў бытавыя ўмовы атрымалі станоўчую адзнаку. Парадак і чысціня тут падтрымліваюцца пастаянна, калі дакладна і ў адносінах да бытавых памяшканняў.
3 аднакватэрныя жылыя дамы ў вёсцы Пранчакі СВК “Шлях новы” былі наведаны 13 жніўня. Асобныя пункты высновы паведамляюць, што перагародкі ў дамах не замацаваны да плітаў перакрыцця, не вытрыманы адлегласці паміж лагамі, уцяпленне падлогі выканана з адступленнем ад праекта. Нездавальняючую адзнаку атрымала і вядзенне выканальніцкай дакументацыі.
Можна было б “прайсціся” і па іншых, узгаданых у даведцы аб’ектах. Для прыкладу, аднак, дастаткова. Ды і заўвагі, выяўленыя недахопы ў пэўным сэнсе пераклікаюцца. Больш таго – ужо, як правіла, вы-праўлены, адбылася належная карэкціроўка.
Сутнасць бачыцца ў тым, што яны не-не ды і здараюцца. Пры тым, што ў кожнай з будаўнічых арганізацый раёна – УБП “ПМК-13”, УП “Ляхавіцкая ПМК-17”, УП “Ляхавіцкая СПМК-16”, УП “Ляхавіцкая СПМК-18” – робіцца шмат для паляпшэння якасці выконваемых работ. Распрацаваны мерапрыемствы па павышэнні якасці будаўніча-мантажных работ, маюцца графікі паверкі вымяральнага інструмента, тэхналагічнага абсталявання і аснасткі, існуюць дагаворы на правядзенне выпрабаванняў узораў раствораў і бетонаў. Сертыфікаваны ўсе нарматыўна вызначаныя віды работ і паслуг, штомесячна на будаб’ектах праводзяцца дні якасці.
У плане ж арганізацыі службы кантролю за якасцю будаўніча-мантажных работ найбольш прывабна, як адзначаецца, выглядаюць УБП “ПМК-13” і УП “Ляхавіцкая СПМК-16”. У прыватнасці, у названых мехкалонах маюцца пасведчанні аб тэхнічнай кампетэнцыі службы кантролю якасці ў галіне будаўніча-мантажных, сантэхнічных, электрамантажных работ. Акрамя таго, у ПМК-13 вядуцца работы па ўкараненні на прадпрыемстве міжнароднай сістэмы якасці ІСО–9001. На бягучы год запланавана рэканструкцыя з мадэрнізацыяй існуючага раствора-бетоннага вузла. Пасля рэканструкцыі яго вытворчая здольнасць павялічыцца ў 5 разоў і складзе 25 кубічных метраў бетону ў гадзіну. Не зусім у тэму, аднак, немалаважным здаецца і тое, што рэканструяваны РБВ дадаткова дасць працу 14 работнікам.
На думку намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Гурскага, якасць будаўніцтва ў раёне жадае быць лепшай. Крокі наперад зроблены, многае ў гэтым плане робіцца і зараз, аднак, пытанні застаюцца. Гэта тычыцца і будаўніча-мантажных работ, і арганізацыі будаўнічых пляцовак, і павышэння прафесіянальнага навыку работнікаў галіны.
Вядомы факт: якасць будаўніцтва трымаецца на “двух кітах” — на якасці будаўнічых матэрыялаў і якасці будаўніча-мантажных работ. Апошняе, між тым, поўнасцю залежыць ад кваліфікаванасці і выканальніцкай добрасумленнасці работнікаў. З кадрамі праблема, у раёне існуе дэфіцыт кваліфікаваных будаўнікоў усіх узроўняў. У ПМК-17 і СПМК-18 гэта пытанне стаіць найбольш востра.
Іван КАВАЛЕНКА.