Жанчына і мір. Першыя ў Ляхавіцкім раёне юбілейныя медалі “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” уручаны былым вязням фашысцкіх канцлагераў /фота/
Першыя ў раёне юбілейныя медалі “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” уручаны былым вязням фашысцкіх канцлагераў Зоі Осіпавай, Лізавеце Судэнка і Ніне Папянюк.
…У мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры было вельмі ўрачыста, сонечна ад жаночых усмешак і шматлікіх кампліментаў у адрас ляхавічанак усіх узростаў.
Адным з самых хвалюючых і ўзнёслых момантаў стала ўручэнне юбілейных медалёў “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” былым вязням фашысцкіх канцлагераў Зоі Осіпавай, Лізавеце Судэнка, Ніне Папянюк. У іх лёсе былі страшныя імгненні далёкай вайны. Але яны выжылі насуперак усяму, не страцілі веры ў лепшае. Вучыліся, працавалі, выхоўвалі дзяцей. Ваенкам Ляхавіцкага раёна Аляксей Навіцкі ўручыў зямлячкам юбілейныя медалі з пажаданнямі здароўя, радасці і дабрабыту, падкрэсліўшы, што ветэраны вайны і былыя вязні фашысцкіх канцлагераў заўсёды будуць адчуваць на сабе асаблівы клопат дзяржавы.
Сёлетнія восьмасакавіцкія ўрачыстасці прынеслі шмат прыемных хвілін усім, хто быў у ГДК. З цёплымі, пяшчотнымі словамі да ляхавічанак звярнуўся старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Кіраўнік раёна ўручыў ганаровыя граматы райвыканкама нашым зямлячкам.
Удзячныя аматары мастацтва сабраліся каля дзіўных непаўторных работ мастакоў Эдуарда Бурвеля і Васілія Грыня. Нямала жадаючых было павучыцца ў майстроў па вырабу з лямцу і прыроднага матэрыялу, папрактыкавацца ў пляценні з паперы, пачуць слушныя парады ад вопытнага цырульніка. Шмат цікаўных сабралася ля выставы кандытарскіх вырабаў, дэкаратыўнай творчасці.
А самадзейныя артысты раёна віншавалі песнямі, танцамі, музыкай, ад душы дапамагалі ствараць добры настрой.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.