Дом радасці адкрывае новы сезон

Урачыста і добразычліва, узнёслым настроем і радасцю, натхненнем і музыкай сустракаў дарослых і дзяцей у мінулую суботу цэнтр пазашкольнай работы. Так пачынаўся новы сезон для юных, таленавітых, адораных, зацікаўленых, працавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія не любяць марна траціць вольны час. Пра адпаведнасць самым разнастайным інтарэсам яскрава сведчаць ужо назвы гурткоў (а іх больш за 100): ”Малявашка”, ”Лянок”, ”Бацік”, ”Чароўны пэндзлік”, ”Акварэлька”, ”Юны дызайнер”, ”Каруначніца”, ”Вясёлыя ноткі”, ”Масцярылка”, ”Трапны стралок”, ”Фотамагія”, ”Саломка”, ”Аэробіка”, ”Прырода і фантазія” і многія іншыя. Штогод яны дапамагаюць рабятам развіваць творчасць, удасканальваць майстэрства, вучаць ствараць прыгожыя і патрэбныя рэчы ўласнымі рукамі. І нават калі спачатку не ўсё атрымліваецца, на дапамогу заўсёды спяшаюцца педагогі-прафесіяналы, якія перадаюць свой талент і майстэрства дзецям. Больш за 30 кіраўнікоў гурткоў штодзённа дапамагаюць хлопчыкам і дзяўчынкам спазнаваць непаўторны і дзіўны свет прыгожага і чароўнага. Ва ўмелых руках юных майстроў папера, тканіна, гліна, лён, салома, бісер, ніткі, іншы разнастайны і, здавалася б, ужо непа-трэбны матэрыял ператвараюцца ў дзівосныя вобразы і арыгінальныя карціны, непаўторныя арнаменты. Мяккія цацкі, пашытыя ўласнымі рукамі, становяцца лепшымі сябрамі і незабыўнымі падарункамі. А якія прыгожыя шкатулкі, аб’ёмныя карціны, футляры для мабільных тэлефонаў, упрыгожванні, сумачкі і касметычкі, прадметы адзення для сябе, сваіх блізкіх і сяброў робяць рабяты на занятках гурткоў.
Знойдзецца справа і для тых, хто не ўяўляе сваё жыццё без песні, музыкі і танцаў. Вось чаму штогод каля 1200 юных ляхавічан для заняткаў па душы выбіраюць краіну творчасці — цэнтр пазашкольнай работы.
А экспазіцыйная выстава работ (якая пастаянна абнаўляецца) на розныя густы і розных жанраў асабліва ўражвае бязмежнасцю творчасці.
Цікава зазірнуць і ў кнігу водгукаў і прапаноў пад назвай ”Наведаў. Убачыў. Пажадаў”. Першы запіс у ёй пакінуў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, калі наведаў ЦПР у лютым 2008 года: ”Жадаю, каб у Цэнтры заўсёды была радасць, і з гэтым пачуццём рабяты абавязкова ішлі сюды”. Пакінулі свае вельмі станоўчыя водгукі і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Усевалад Янчэўскі, першы намеснік міністра адукацыі краіны Аляксандр Жук, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык, а таксама іншыя госці, у тым ліку з блізкага і далёкага замежжа. Непасрэдна ў Дзень пазашкольніка рабят і дарослых чакала багатая на падзеі і сюрпрызы канцэртна-забаўляльная праграма. Усе разам адправіліся ў ”марское падарожжа”. На шляху зазірнулі ў краіну майстроў, дзе пазнаёміцца з работай разнастайных гурткоў змаглі з дапамогай казачнай кветкі-сяміквеціка. А яшчэ былі песні, танцы, гульні, забаўлянкі. Сумаваць нікому не даводзілася, падарожжа захапіла ўсіх і пакінула нямала станоўчых эмоцый і добры настрой. А напера-дзе чакала яшчэ і экскурсія па ярка і стыльна аформленых кабінетах, дзе размяшчаюцца гурткі, знаёмства з іх кіраўнікамі. Старт новага навучальнага года ў ЦПР атрымаўся ўдалым. І ўвесь год павінен прайсці пад дэвізам творчасці, мастацтва і натхнення.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *