У фармаце зацікаўленага дыялогу
Работа павінна быць выніковай. Патрабаванне дзейнічае ў дачыненні ўсіх сфер, у тым ліку, эканомікі, вытворчасці, абслугоўвання і, канешне, рэагавання ўлады на запыты насельніцтва. Гэта падкрэсліў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ліс на прэс-канферэнцыі для кіраўнікоў рэгіянальных і ўласных карэспандэнтаў цэнтральных СМІ ў мінулую суботу
Прэс-канферэнцыі папярэднічала “прамая тэлефонная лінія” старшыні абласнога выканаўчага камітэта Анатолія Ліса, падчас якой кіраўнік вобласці адказаў на 42 тэлефонныя званкі.
Адно з пытанняў прэс-канферэнцыі і датычыла эфектыўнасці “прамых тэлефонных ліній”. Анатолій Ліс заўважыў, што хаця няма спецыяльнага паказчыка, якім гэтую эфектыўнасць можна ацаніць, “аднак, калі аднаму чалавеку дапамог у патрэбны час – гэта ўжо добра. Для гэтага і праводзяцца такія лініі – каб аказаць дапамогу чалавеку. Я бачу самае галоўнае ў гэтым”. Губернатар падкрэсліў і яшчэ адзін аспект – такая форма работы са зваротамі грамадзян дае магчымасць разабрацца ў прычынах, чаму не аказалі дапамогу там, дзе маглі аказаць. Для органаў выканаўчай улады “гэта сігнал, што дзесьці нехта ў нечым недапрацоўвае”.
Пра запатрабаванасць “прамых тэлефонных ліній” з удзелам кіраўнікоў рэгіёна гаворыць колькасць званкоў: з пачатку года, напрыклад, да кіраўніцтва Брэсцкага аблвыканкама паступіла 218 пытанняў ад грамадзян (у мінулым годзе за аналагічны перыяд было 84). Для параўнання: за гэты час у раённыя выканкамы звярнуліся 240 чалавек. Анатолій Ліс лічыць вельмі важным тое, што людзі могуць задаць хвалюючае іх пытанне прадстаўніку ўлады напрамую, і гэту эфектыўную форму работы неабходна працягваць, акцэнтуючы ўвагу на яе выніковасці.
Канструктыўным і надзвычай прадметным быў дыялог губернатара з журналістамі. Спачатку кіраўнік вобласці ахарактарызаваў, як пачала 2015 год эканоміка рэгіёна. Сітуацыя, якая склалася ў краін-суседак (а яны з’яўляюцца нашымі галоўнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі), не можа не адбівацца на нашых эканамічных паказчыках. Таму складанасці, канешне, ёсць. Важна, што ў нас захавалася станоўчая дынаміка, што забяспечаны прырост ВРП (на 6,4 працэнта пры гадавым прагнозе 0,7-1 працэнт). Пацвярджае свае пазіцыі Брэстчына па сельскай гаспадарцы, нарошчваюцца аб’ёмы яе прадукцыі (тэмп за студзень 107,8 працэнта ў грамадскім сектары, 106,2 – ва ўсіх катэгорыях гаспадарак). На 8 працэнтаў павялічана вытворчасць малака, што, на думку Анатолія Ліса, з’яўляецца вынікам укладзеных сродкаў у мадэрнізацыю галіны, створанага трывалага запасу кармоў.
Губернатар адзначыў, што за студзень у вобласці ўвялі жылля ў 2,6 раза больш, чым на гэты час летась. Ёсць рост у дрэваапрацоўцы, на малакаперапрацоўчых прадпрыемствах і цукровым заводзе. Хаця ў знешнім гандлі паказчыкі больш сціплыя, чым летась, але сальда станоўчае — як па таварах, так і па паслугах. Больш складаная сітуацыя ў прамысловым комплексе.
У 2015 годзе неабходна ўтрымацца на ўзроўні не ніжэй за леташні. Важна захаваць калектывы, каб людзі мелі работу і магчымасць атрымліваць зарплату, а значыць – працаваць не на склад, а выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю. Трэба займацца ўшчыльную дэбіторскай запазычанасцю, асабліва знешняй, і дыверсіфікацыяй рынкаў збыту.
Наогул, як падкрэсліў Анатолій Ліс, рынкі вядомыя, але трэба адшукваць тую нішу, дзе наша прадукцыя будзе запатрабаванай. А для гэтага яна павінна быць канкурэнтаздольнай. Ёсць перспектывы развіцця гандлёва-эканамічных адносін з многімі краінамі, вырас экспарт у Карэю, Кыргызстан, Латвію, Ізраіль, Аўстралію і Бельгію, Узбекістан, Аўстрыю, Венгрыю, Турцыю, Нарвегію, Сербію і г. д. У мінулым годзе з’явілася і 10 новых адрасоў гандлёвага супрацоўніцтва.
Адно са злабадзённых пытанняў сённяшняга дня – навядзенне парадку на зямлі. Кіраўнік вобласці акцэнтаваў увагу на тым, што ў Беларусі ў даным напрамку зроблена нямала, укладзены ў гэта значныя сродкі, таму важна падтрымліваць усё ў належным стане.
Анатолій Ліс падкрэсліў: хаця зямля – аснова вытворчасці, аднак не ўсе землі ў вобласці выкарыстоўваюцца ці выкарыстоўваюцца рацыянальна. Напрыклад, старыя сады, якія даўно перажылі свае “ўраджайныя” часы. А між іншым, пад сады заўсёды адводзіліся самыя лепшыя землі. Калі падлічыць, колькі гэтыя плошчы могуць даць зерня, атрымаюцца велізарныя лічбы… Кіраўнік вобласці перакананы, што мы без асаблівых намаганняў і сродкаў можам навесці парадак.
Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, на Брэстчыне сёлета плануецца завяршэнне будаўніцтва важных аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, распачатых у папярэднія гады, падкрэсліў старшыня аблвыканкама. Сярод галоўных у гэтым пераліку – аснашчэнне абсталяваннем хірургічнага корпуса Брэсцкага абласнога анкалагічнага дыспансера, які ўведзены ў эксплуатацыю ў канцы мінулага года. Плануецца накіраваць на гэтыя мэты каля 40 мільярдаў рублёў – 22 мільярды з абласнога бюджэту, 17 мільярдаў субвенцый, якія перадаюцца з рэспубліканскага бюджэту, на пераадоленне наступстваў аварыі на ЧАЭС. “Гэта вельмі важны аб’ект. Ён зроблены на самым высокім узроўні. Тут мы зможам аказваць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, у тым ліку хірургічную, жыхарам усёй вобласці”, — зазначыў губернатар.
Наваселлі сёлета справяць і іншыя буйныя аб’екты сацыяльнага прызначэння, будаўніцтва якіх пачалося раней: радзільны дом у Баранавічах, актавая зала пад комплекс памяшканняў для ангеаграфічнай аперацыйнай у Брэсцкай абласной бальніцы, школа ў Пінску, дзіцячы садок у вёсцы Рубель Столінскага раёна, 4 дамы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі.
У дыялогу былі закрануты тэмы рынку працы, наяўнасці вакансій і жадаючых іх заняць, інвестыцыйных праектаў.
Што датычыць самых значных інвест-праектаў, то губернатар назваў сярод іншых завяршэнне новага цэха на “Івацэвічдрэў”, новай тэхналагічнай лініі па вытворчасці шчэбню на РУВП “Граніт”, стварэнне плавільнай вытворчасці свінцу (крок да вытворчасці акумулятараў), заводаў па вытворчасці сілікатнай цэглы і блокаў з ячэістага бетону, новай вытворчасці рыбапрадуктаў на “Санта-Брэмар”. Актыўна ідзе мадэрнізацыя на Бярозаўскім сыраробным камбінаце (рэалізуецца праект па арганізацыі вытворчасці сухіх малочных прадуктаў, прадугледжваецца будаўніцтва цэха па перапрацоўцы малочнай сыроваткі) і Кобрынскім масла-сыраробным заводзе. На “Савушкін прадукт” будзе адкрыты цэх па вытворчасці мяккіх сыроў і тварагу. Агучаны і такія праекты: будаўніцтва завода прэміксаў, рэканструкцыя палацава-паркавага ансамбля “Савейкі”, першая чарга праекта “Гісторыка-культурны комплекс “Брэст” і іншыя.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі атрымалі адказы літаральна на ўсе пытанні, якія задалі старшыні абласнога выканаўчага камітэта. Анатолій Ліс падкрэсліў, што і ў далейшым мае намер працягваць дыялог з журналістамі па актуальных пытаннях у любым фармаце.
Вольга БАРАДЗІНА.