Губіць людзей і піва…
Здароўе, сямейны дабрабыт, кар’ера – усё ўтоплена ў чарцы. Гісторыя тыповая для тых, хто падпарадкаваў жыццё алкаголю. На жаль, такіх нямала
На дыспансерным уліку ў нарколага ЦРБ у раёне знаходзіцца 734 чалавекі, з якіх 127 жанчын. Гэта чыесьці бацькі, дзеці, сёстры, браты, бабулі і дзядулі. Рэальная колькасць тых, хто залежыць ад спіртнога, але ні разу не быў на прыёме ў нарколага, у разы большая. Згодна медыцынскай статыстыкі па раёне, больш за 30 працэнтаў тых, хто памёр у працаздольным узросце, пайшоў з жыцця па прычынах, звязаных са злоўжываннем алкаголем.
Па даных Міністэрства аховы здароўя, на кожнага жыхара нашай краіны за год прыходзіцца 13 літраў спажытага чыстага спірту. Між тым спецыялісты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя сцвярджаюць, што ўжыванне нават 5 літраў чыстага спірту на душу насельніцтва за год — пагроза для нацыі.
На жаль, алкаголь даўно перастаў быць проста традыцыяй за святочным сталом. Для многіх яго ўжыванне — звыклыя ўцёкі ад рэальнасці, праблем, адзіноцтва. Кожны хранічны алкаголік назаве з дзясятак “уважлівых” прычын сваёй залежнасці. Неабходнасць расслабіцца, адпачыць, сустрэцца з сябрамі ці сваякамі ў вельмі многіх асацыюецца з абавязковай прысутнасцю спіртнога. Даныя медыкаў і міліцыі сведчаць: колькасць хворых алкагалізмам, разбураных па гэтай прычыне сем’яў, сірот пры жывых бацьках і злачынстваў, учыненых пад уплывам алкаголю, узрастае з кожным годам. Класічным “стартавым напіткам”, з якога пачынаюць многія алкаголікі, лічыцца піва. Людзі звычайна не вераць, што прыхільнасць да піва можа давесці да залежнасці. Тым не менш, паўлітровая бутэлька пеннага 5-градуснага алкаголю — гэта ўжо 50 грамаў гарэлкі, а 9-градуснага — усе 100. Па даных Белстата, продаж алкаголю летась дасягнуў амаль 11 працэнтаў ад рознічнага тавараабароту арганізацый гандлю краіны. Часцей за ўсё купляюць піва, пладовае віно і гарэлку.
Алкаголь разбурае здароўе аматара спіртнога і становіцца пагрозай для жыцця тых, хто побач з такім чалавекам. Размова ідзе не толькі пра псіхалагічныя
праблемы, што даводзіцца адчуваць блізкім і родным алкаголіка, але і пра фізічныя пагрозы іх жыццю. Напрыканцы студзеня ў адным з кафэ райцэнтра двое нецвярозых юнакоў высвятлялі адносіны так, што адзін з іх трапіў у рэанімацыю.
Як паведаміў намеснік начальніка РАУС Сяргей Пажога, толькі за першы месяц гэтага года ў раёне зарэгістравана 15 выпадкаў самагонаварэння і продажу спіртаўтрымліваючай вадкасці. Адрасы, якія трапілі пад асаблівую ўвагу міліцыянераў, ёсць у кожным сельсавеце. Праваахоўнікам у барацьбе з гэтай заганнай з’явай не пашкодзіць актыўная дапамога грамадскасці.
Сумная і дарожная статыстыка. Па інфармацыі выконваючага абавязкі начальніка дзяржаўтаінспекцыі Сяргея Жытко, за мінулы год на тэрыторыі раёна затрымана 128 нецвярозых вадзіцеляў, сёлета – ужо 17 вадзіцеляў і 100 пешаходаў.
А колькі прыкладаў, калі прычынай пажараў з гібеллю людзей становіцца злоўжыванне алкаголем. У 2014 годзе ў нашым раёне адбылося 39 пажараў, у 8 было вінавата спіртное. У агні загінулі 7 чалавек.
Як адзначаюць нарколагі, дастаткова на працягу года штодзённа “здымаць стрэс” з дапамогай спіртнога, каб зарабіць трывалую залежнасць ад алкаголю. Урач-гігіеніст райЦГіЭ Таццяна Васілеўская нагадала пра яго шкоднае ўздзеянне на арганізм чалавека. Найбольш распаўсюджаныя алкагольныя наступствы – паражэнне зрокавага і слухавога нерваў, нервовай, сардэчна-сасудзістай сістэм, пячонкі, рызыка развіцця раку прамой кішкі ў мужчын і малочнай залозы – у жанчын.
П’янства і алкагалізм – з’явы, справіцца з якімі асобна ўзятай службе немагчыма. Для гэтага патрэбны сур’ёзныя намаганні ўсіх і кожнага.
Галіна КАНЬКО.
Фота з сайта http://www.newsfiber.com
Удивляет отсутствие прозорливости у некоторых родителей . Подросток употребяляют пиво, а близкие об этом даже не догадываются об этом…