Пра вакцыну і Манту. Асноўным метадам прафілактыкі туберкулёзу з’яўляецца вакцынацыя

Асноўным метадам прафілактыкі туберкулёзу з’яўляецца вакцынацыя прэпаратамі БЦЖ і БЦЖ-М. Вакцына БЦЖ эфектыўна абараняе дзяцей ад такіх цяжкіх клінічных форм інфекцыі, як міліярны туберкулёз і туберкулёзны менінгіт, якія ў апошнія гады ў дзяцей практычна не рэгіструюцца.
Вакцына ўтрымлівае аслабленыя мікабактэрыі туберкулёзу, увядзенне якіх у арганізм садзейнічае выпрацоўцы імунітэту супраць гэтага захворвання.
Вакцынацыя супраць туберкулёзу праводзіцца дзецям на 3-5 суткі пасля нараджэння. Такія тэрміны вызначаюцца магчымасцю нованароджанага інфіцыравацца мікабактэрыямі туберкулёзу адразу пасля выпіскі з раддома.
Пасля ўвядзення вакцыны БЦЖ у сярэднім праз 2-3 месяцы на месцы ін’екцыі з’яўляецца пляма, затым інфільтрат (участак тканкі, павялічаны ў аб’ёме і з павышанай шчыльнасцю) дыяметрам не больш за 5-10 мм. У далейшым утвараецца гнайнічок з празрыстым, а затым мутным змесцівам, потым — корка. Месца ўвядзення вакцыны нельга апрацоўваць дэзінфікуючымі растворамі, выдушваць, а таксама накладваць павязку, здзіраць корку.
Ва ўзросце да года на месцы інфільтрату з’явіцца рубчык, які сведчыць пра тое, што выпрацоўваецца імунітэт супраць туберкулёзу. Далей з дыягнастычнай мэтай дзецям праводзіцца проба Манту.
Проба Манту — гэта не прышчэпка, яе мэта— высветліць інфіцыравана дзіця туберкулёзам ці не.
Паўторная прышчэпка супраць туберкулёзу робіцца дзецям ва ўзросце 7 гадоў пры наяўнасці адмоўнай пробы Манту. Рэвакцынацыя дазваляе падтрымаць абарону супраць туберкулёзу ў тых дзяцей, у якіх імунітэт пасля першай прышчэпкі ”патух”.
Падлеткам ва ўзросце 15-17 гадоў штогод для ранняга выяўлення туберкулёзнай інфекцыі праводзіцца проба Дыяскінтэст.
Валянціна БАЦКАЛЕВІЧ,
памочнік урача-эпідэміёлага райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *