Бестурботнасць цаною ў жыццё. Прайшла чарговая апаратная нарада ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

Выкананне раённага плана мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў, якія датычаць забеспячэння пажарнай бяспекі і папярэджання гібелі людзей, абмяркоўвалася на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Пажарная бяспека – жыццёва важнае і актуальнае пытанне, адзначыў Вячаслаў Сельмановіч, павінна пастаянна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі як кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, так і жыхароў раёна. Раённы ўдзельны паказчык колькасці пажараў на 10 тысяч насельніцтва склаў 3,7 (сярэднеабласны – 1,1).

Начальнік РАНС Валерый Равінскі расказаў пра пажарна-прафілактычную работу. З пачатку года на тэрыторыі рэгіёна зарэгістравана 10 пажараў (2 з іх у горадзе, 8 – у сельскай мясцовасці). 4 разы выязджалі пажарныя-выратавальнікі ў Альхоўскі сельсавет.

Большасць пажараў адбываецца з-за безадказных адносін да бяспекі. Так, па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём сёлета здарылася 4 пажары, на адным з іх загінуў чалавек. З-за няспраўнасці печаў і ацяпляльных прыбораў 2 разы гарэла маёмасць, 2 здарэнні з-за няспраўнасці, канструктыўных недахопаў і парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.

На асаблівым кантролі ў супрацоўнікаў РАНС домаўладанні адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян і інвалідаў, сем’яў, што выхоўваюць дзяцей да 14 гадоў, і сем’яў, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

У абмеркаванні пытання прынялі ўдзел начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская. Свае прапановы па выпраўленні сітуацыі ўнёс першы намеснік начальніка РАУС Аляксандр Бурбіцкі. Старшыні Альхоўскага, Крывошынскага і Ганчароўскага сельвыканкамаў Вячаслаў Кулак, Уладзімір Варвашэвіч і Уладзімір Плескацэвіч гаварылі пра забеспячэнне супрацьпажарнага стану на тэрыторыі сельсаветаў.

Выкананне запланаваных супрацьпажарных мерапрыемстваў усімі суб’ектамі прафілактыкі, адпрацоўка да аўтаматызму практычных уменняў у выпадку надзвычайных сітуацый у насельніцтва, стварэнне бяспечных умоў жыцця і працы – гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас нарады.

Кіраўнік раёна звярнуў увагу на выкананне пра-вілаў пажарнай бяспекі ў месцах масавага знаходжання людзей. Пралікаў і недапрацовак у стварэнні пажарнай бяспекі не можа быць.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *