Перадпасяўныя мінусы
Напярэдадні сяўбы Камітэт дзяржкантролю Брэсцкай вобласці праверыў выкананне ў сельгасарганізацыях вобласці задання па назапашванні мінеральных удабрэнняў, пытанні іх захавання, падрыхтоўкі да пасяўной кампаніі, навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання ўнутрыгаспадарчых і сумежных тэрыторый, ходу зімоўкі жывёлы.
У поле зроку КДК трапілі гаспадаркі Кобрынскага, Брэсцкага, Маларыцкага раёнаў.
Праверка паказала: найбольш актуальнымі з’яўляюцца праблемы з забяспечанасцю сельгаспрадпрыемстваў мінеральнымі ўдабрэннямі і гаручазмазачнымі матэрыяламі, што негатыўна адбіваецца на эфектыўнасці работы галіны. На пачатак сакавіка забяспечанасць мінеральнымі ўдабрэннямі складала 39 працэнтаў ад неабходнага, пры гэтым пратэрмінаваная запазычанасць сельгасарганізацый перад ААТ “ГроднаАзот” дасягнула 7,6 мільярда рублёў, ААТ “Гомельскі хімічны завод” – 3,9 мільярда, ААТ “Беларуськалій” – 45,6 мільярда рублёў. На гэты ж час у 8 гаспадарках вобласці адсутнічала дызпаліва, у 57 – бензін.
Падчас праверкі былі адзначаны нізкая якасць нарыхтаваных травяністых кармоў, а таксама недахоп кармоў у некаторых гаспадарках Брэстчыны.
КДК Брэсцкай вобласці.