Канкрэтныя адрасы дапамогі.На мінулым тыдні чарговы прыём грамадзян па асабістых пытаннях правёў старшыня Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта
На мінулым тыдні чарговы прыём грамадзян па асабістых пытаннях правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч. Расказаць пра свае праблемы кіраўніку раёна прыйшлі шасцёра нашых землякоў, яшчэ адзін зварот быў калектыўным. Калі прааналізаваць узнятыя пытанні, то можна зрабіць выснову: з аднаго боку, такі дыялог сведчыць пра давер да кіраўніка раённай улады, а з другога – паказвае на недапрацоўку адказных асоб і супрацоўнікаў некаторых службаў, прадпрыемстваў і арганізацый, іх няўважлівасць, абыякавасць да праблем іншых, а, здараецца, што і нядбайныя адносіны да сваіх службовых абавязкаў.
Ляхавічанін звярнуўся да старшыні райвыканкама наконт прадастаўлення яму зямельнага ўчастка для агародніцтва. Пытанне вырашылася хутка і канкрэтна: участак, які знаходзіцца ў зоне генеральнага плана забудовы горада, але пакуль не запатрабаваны пад будаўніцтва, выдзелены заяўніку ў часовае карыстанне. І чалавеку карысць, і парадак на тэрыторыі будзе падтрымлівацца, яна не зарасце бур’янам і пустазеллем.
У роспачы на прыём прыйшла жанчына з Тальмінавічаў: ёй і дзецям-падлеткам, якіх выхоўвае адна, неабходна на працягу месяца вызваліць жыллё, што знаходзіцца на балансе СВК “Тальмінавічы”; яна звольнілася з работы (працавала даяркай). Пакуль перабіваецца часовымі заробкамі і амаль увесь час даглядае хворае дзіця. Яна прасіла дазволіць застацца ў доме яшчэ хаця б на тры месяцы, каб за гэты час вырашыць жыллёвае пытанне. Вячаслаў Сельмановіч уважліва азнаёміўся са справай, адзначыў, што рашэнне агульнага сходу гаспадаркі наконт пазбаўлення чалавека права на пражыванне павінна прымацца ўзважана і аргументавана. Неабходна ўлічыць усе абставіны канкрэтна гэтай сітуацыі. Упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама дадзена даручэнне выехаць у СВК, таксама вывучыць усе абставіны.
Складаная сітуацыя, у аснове якой здароўе маленькага дзіцяці, прывяла на прыём і маладую мнагадзетную маці з вёскі Рагачы. Яна разам з мужам, які працуе ў Баранавічах, гадуе траіх маленькіх дзяцей, цяжарная чацвёртым. Малодшаму пастаўлены дыягназ “бранхіяльная астма”. У яго алергія на вынікі гарэння пячнога паліва, а сям’я жыве ў звычайнай вясковай хаце з печкамі. Маці разам з малышом даводзіцца часта лячыцца ў бальніцы. Сям’я з 2010 года стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых ўмоў у Востраўскім сельвыканкаме, а з 2014 г. — ужо як мнагадзетная. Жанчыну цікавіла, наколькі рэальна хутчэй вырашыць пытанне аб атрыманні жылля з усімі выгодамі.
Сакратар Востраўскага сельвыканкама патлумачыла, што ў бліжэйшы час будуць размяркоўвацца дзве добраўпарадкаваныя кватэры ў Востраве і Тухавічах. Ці зможа сям’я заяўніцы прэтэндаваць на адну з іх — залежыць ад таго, ці згадзяцца на такое жыллё сем’і, якія сталі на чаргу раней.
У якасці альтэрнатывы кіраўнік раёна парэкамендаваў маладой жанчыне падумаць пра арэндную кватэру (такія хутка будуць размяркоўвацца ў райцэнтры). На наступны год у Ляхавічах запланавана будаўніцтва чарговага 40-кватэрнага жылога дома.
Нагодай звярнуцца за дапамогай да старшыні райвыканкама для ляхавічанкі стала нязгода з завышаным, па яе меркаванні, ацэначным коштам кватэры ў доме № 3 (год пабудовы 1921) па вуліцы Янкі Купалы, якую яна хоча прыватызаваць. Заяўніца прасіла зменшыць кошт кватэры, якая знаходзіцца на балансе КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, тым больш, што значную частку рамонтных работ яна выканала за ўласныя сродкі. Кіраўніцтву камунгаса дадзена даручэнне зрабіць калькуляцыю разліку кошту кватэры, у Ляхавіцкае бюро Баранавіцкага філіяла РУП “Брэстдзяржрэгістр” накіраваны запыт пра падставы для выдачы заключэння гэтай арганізацыі. У размове высветлілася абуральная акалічнасць: некаторыя члены камісіі па праверцы ўмоў жылля нават не пабывалі на месцы…
Жыхароў дома № 10 па вуліцы Чкалава ў райцэнтры, якія прыйшлі на прыём, хвалюе, калі будзе праводзіцца капітальны рамонт іх дома, і хто навядзе парадак на дваровай тэрыторыі, дзе самавольна ўзведзены пабудовы. Вячаслаў Сельмановіч паведаміў, што рамонт дома №10 запланаваны на 3 і 4 кварталы гэтага года. А што тычыцца ўпарадкавання “шанхая”, то гэтым зоймецца камунгас. Пытанне – на кантролі ў намесніка старшыні райвыканкама.
Былі ў час прыёму ўзняты пытанні аказання матэрыяльнай дапамогі і іншыя.
—У асноўным грамадзяне звяртаюцца на асабісты прыём, на “прамую тэлефонную лінію” ці на электронны адрас з надзённымі праблемамі, якія датычацца будаўніцтва жылля, яго капітальнага рамонту і рэканструкцыі, пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, працаўладкавання, аказання матэрыяльнай дапамогі. Кожнаму звароту надаецца самая пільная ўвага, па ўсіх прымаюцца рашэнні, пра якія інфармуюцца заяўнікі, якія звярталіся за дапамогай. Другарадных зваротаў не бывае, усе яны важныя, — адзначыў Вячаслаў Сельмановіч.
Дарэчы, акрамя асабістага прыёму, пра многія праблемы і клопаты жыхароў раёна старшыня райвыканкама даведваецца са зваротаў на ягоны асабісты электронны адрас, пра які перыядычна нагадвае “ЛВ”.
Галіна КАНЬКО.