Каардынаты актыўнасці ў Ляхавіцкім раёне
Што і як зрабіць, каб сённяшняя моладзь была зацікаўлена падзеямі горада, вёскі, раёна і краіны, каб адчувала сваю запатрабаванасць і неабходнасць, каб займалася канкрэтнымі і карыснымі справамі, знаходзіла прымяненне сваім ведам, энергіі, ініцыятыве, а не шукала ”прыгод” пад уздзеяннем алкаголю, спайсаў, наркотыкаў. Пра гэта ішла размова на раённым каардынацыйным савеце па справах моладзі.
На жаль, кіраўнікі некаторых устаноў і арганізацый не поўнасцю ўсведамляюць, наколькі важна і неабходна стварыць належныя ўмовы для маладых спецыялістаў, каб яны не проста адпрацавалі пэўны час па размеркаванні, а засталіся тут і далей. Важна, каб маладыя не адчувалі сябе чужымі. Дапамагае стварэнню спрыяльнай атмасферы настаўніцтва — апека новых кадраў больш вопытнымі калегамі. Паспяхова ўкараняецца гэта ў навучальных установах раёна, падчас конкурсу “Педагагічны дэбют” разам з маладымі настаўнікамі традыцыйна ўзнагароджваюцца і іх кіраўнікі.
Загадчык рэнтгеналагічнага аддзялення райбальніцы Сяргей Памазанскі, які ўзначальвае савет моладзі ўстаноў аховы здароўя Ляхавіччыны, сёння з удзячнасцю ўспамінае свайго настаўніка Канстанціна Дзядзюлю. Малады ўрач падзяліўся вопытам работы савета ў ЦРБ. Расказаў, што збіраюцца на міні-канферэнцыі, дзе абмяркоўваюць рабочыя моманты ў дыягностыцы і лячэнні пацыентаў. Нагадаў і пра яркія моманты арганізацыі вольнага часу. Пра актыўнасць сваіх маладых калег (у райбальніцы іх 129 з 677 чалавек) і створаныя для іх умовы гаварыў намеснік галоўнага ўрача Міхаіл Куляшоў. Прыемна, што сёлета вырашыцца пытанне з жыллём для маладых спецыялістаў-медыкаў.
Усё большую папулярнасць набывае рэспубліканскі конкурс “Уладар сяла”. Апошнія два гады ў абласным туры ад раёна дастойна выступала сям’я Дабравольскіх з Начы. Хто будзе сёлета? Як зазначыла намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, якая ўзначальвае каардынацыйны савет, ужо цяпер райкаму БРСМ неабходна пачаць актыўную работу па падборы кандыдатаў для ўдзелу ў конкурсе.
Абмяркоўвалася і пытанне арганізацыі вольнага часу моладзі. На думку Дзіяны Трысцень, большая актыўнасць патрабуецца не толькі ад службаў і арганізацый, якія працуюць непасрэдна з маладымі, але і ад саміх юнакоў і дзяўчат. У многім ад іх пазіцыі, інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей залежыць тэматыка і накіраванасць мерапрыемстваў, акцый, конкурсаў, спаборніцтваў і г.д.
Галіна КАНЬКО.