Прагулка па ўскраінах Ляхавічаў

Быць гаспадарамі на сваёй зямлі – такую задачу паставіў перад усімі месячнік па добраўпарадкаванні, азеляненні і навядзенні парадку. Як паведамляў “ЛВ”, у раёне створана рабочая група па падрыхтоўцы і правядзенні месячніка, распрацаваны план, вызначаны тэрміны выканання работ.

Дарэчы, у план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні ўключаны, акрамя традыцыйных уборкі і фарбавання, касметычны рамонт прыпыначных пунктаў, падрыхтоўка зон адпачынку да сезона, рамонт і ўстаноўка дарожных знакаў, штучных няроўнасцяў, абнаўленне вулічнай разметкі, падсыпка, грэйдзіраванне, ямачны рамонт вуліц, дарог і іншае. Камунальнікам запланавана высаджванне дрэваў і кветак, стварэнне малых ландшафтна-архітэктурных формаў і дэкаратыўных кампазіцый – каб было радасна і воку, і сэрцу ад прыгажосці. Дарэчы, мяркуецца, што на клумбах і альпійскіх горках сёлета будзе высаджана больш за 50 тысяч кветак.

Веснавое сонца і дожджык адмылі-абнавілі тратуары ад салявых “узораў”. А вось сярод ляхавічан хапае і тых, хто пакуль яшчэ не “раскалыхаўся”. Калі цэнтр Ляхавіч радуе вока чысцінёй і парадкам, то стан ускраін выклікае расчараванне. Як толькі прыгрэла сонейка, гаспадары прыватных домаўладанняў заварушыліся. Стараюцца-завіхаюцца. А паглядзець, што робіцца за агароджай, часта ”не даходзяць рукі”. Бывае і зусім непарадак. Такую карціну ўбачылі, напрыклад, за аўтастанцыяй: пустыя ўпакоўкі, бутэлькі. Прагуляліся ў канец вуліцы Раганава, выходзім на бераг Ведзьмы. У зарасніку мінулагодняй травы – смецце рознага паходжання. Па завулку Замкавым за агароджай аднаго з дамоў хтосьці “згубіў” мужчынскі абутак, які ўжо пакрыўся мохам. Пра паперы і не згадваю. Склалася ўражанне, што смецце гэта з ”тэрмінам даўнасці”. Наогул, пустыя бутэлькі, абгорткі і іншае падобнае “ўпрыгожвае” многія адрасы.

Ва ўсіх пералічаных сюжэтах аўтар – чалавек. Нягожа, каб адны нястомна займаліся добраўпарадкаваннем, а другія не толькі карысталіся вынікам іх працы, але і псавалі яго. Недастаткова лічыць сябе культурным чалавекам, трэба адпавядаць гэтаму статусу паводзінамі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *