Сеяць хутка. І якасна. Сельгаспрадпрыемствам Ляхавіцкага раёна неабходна паскорыць тэмпы сяўбы ранніх яравых культур

Якой бы ранняй ні выдалася вясна, для некаторых сельгаспрадпрыемстваў раёна палявыя работы стабільна пачынаюцца “нечакана”. А ўсё таму, што, слабыя эканамічна, яны не могуць як след падрыхтавацца да пачатку чарговай кампаніі: то няма за што купіць запчасткі, то праблема з набыццём мінеральных угнаенняў, нават паліва дэфіцыт. У выніку па стане на 31 сакавіка ў СВК “Ліпнянка” рапс заставаўся непадкормленым, як і азімыя збожжавыя. Такая ж сітуацыя і ў СВК “Востраў-Агра”. Нягледзячы на блізкі пачатак пашавага перыяду грамадскага статка, у названых гаспадарках і не думаюць пакуль падкарміць азотам пашу, сенажаць. Пасяўную таксама сустрэлі тут без асаблівага энтузіязму.

А вось ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” ужо завяршыў сяўбу ранніх яравых. Праўда, завадчане пасеялі, як і меркавалі, усяго 95 гектараў збожжавых і адразу прыступілі да сяўбы льну. Па стане на 31 сакавіка 12 працэнтаў адведзеных пад яго плошчаў ужо заняў даўгунец. Сёлета ў раёне запланавана пасеяць 1900 гектараў ільну, з якіх 1500 гектараў – клопат ільнозавода і льнонасенстанцыі. Яшчэ 140 гектараў на дваіх пасеюць СВК “Жарабковічы” і “Шлях новы”.

Дарэчы, як пракаменціраваў сітуацыю галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук, нагрузка на машынна-трактарны парк ільнозавода дастаткова вялікая. Лён – культура дробнанасенная, патрабуе высокай культуры земляробства, а частка палёў засмечана каменнямі, пустазеллем. Завадчане вымушаны папраўляць няякаснае восеньскае ворыва. У бліжэйшы час ільнозавод плануе ў якасці дапамогі адправіць пасяўны агрэгат у СВК “Ліпнянка”.

Хутка завершыць сяўбу ранніх збожжавых ЗАТ “Белпрампрыбор”, больш як па 70 працэнтаў запланаваных плошчаў засеяна ў СВК “Ляхавіцкі”, ”Шлях новы”.

СВК “Жарабковічы” адвёў пад яравыя 1481 гектар, у мінулы аўторак трэцяя частка запланаваных плошчаў ужо чакала ўсходаў. На палеткі штодзень выходзяць 5-6 агрэгатаў, якія засяваюць разам каля 100 гектараў. Як патлумачыў намеснік старшыні гаспадаркі Антон Булаты, сёлетняя вясна засушлівая: мінімум ападкаў, адсутнасць снегу зімой не насыцілі зямлю вільгаццю. Важна паспець пакласці зерне ў раллю ў самыя сціслыя тэрміны, не дапусціўшы перасушвання глебы. З гэтай нагоды ў гаспадарцы правялі і мерапрыемствы па “закрыцці” вільгаці – закультывавалі ўсе палеткі, прызначаныя пад сяўбу яравых культур. Перакананы, што затраты акупяцца дружнымі ўсходамі і добрым ураджаем. На канчатковы вынік працуе і тое, што сяўба вядзецца высакаякасным насеннем, лепшымі сартамі. У сельгаскааператыве ўжо двойчы падкармілі рапс. Пасяўную пачалі з аднагадовых травяных культур, каб ужо ў чэрвені малочны статак забяспечыць “зялёным канвеерам”.

Аднак сельгаскааператыву трэба нарошчваць тэмпы сяўбы, бо завяршыць работы ў самыя аптымальныя тэрміны здолеюць тады, калі ў дзень будуць засяваць па 150 гектараў.

На апошні дзень сакавіка ў СВК “Тальмінавічы” было пасеяна 176 гектараў ранніх збожжавых. З разліку, што сёлета ў гэтай гас-падарцы яравы клін зойме 1020 гектараў, за дзень трэба засяваць мінімум па 85 гектараў, а не па 30 – з такой магутнасцю працуе тут адзіны пасяўны агрэгат. Як перакананы Ігар Яварчук, без старонняй дапамогі ў гэтым кааператыве не справяцца, бо яшчэ і культура земляробства “кульгае”: палеткі засмечаны пырнікам, недастаткова ўнесена ўгнаенняў.

Па стане на 31 сакавіка ў раёне было пасеяна 3346 гектараў ранніх яравых збожжавых – 42,2 працэнта да плана. На фоне іншых раёнаў вобласці паказчык зусім не бліскучы. Чаго не хапае? Магчыма, у некаторых сель-гаспрадпрыемствах не адчуваюць асаблівай адказнасці. Згодна справаздач, у раёне налічваецца 33 камбінаваныя глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэгаты, 19 сеялак СПУ, а задзейнічана ўсяго 19-20 агрэгатаў і 6 сеялак. Дзе астатнія? У СВК “Ліпнянка” 2 такія агрэгаты стаяць неадрамантаванымі – няма грошай, яшчэ адзін у СВК “Тальмінавічы” – па той жа прычыне… Праблема заключаецца яшчэ і ў тым, што гэтую тэхніку можна задзейнічаць толькі пры дапамозе магутных энерганасычаных трактараў, якіх у раёне 42. Плугі і культыватары таксама разлічаны на работу ў счэпцы з гэтымі трактарамі. Калі ўзяць, напрыклад, СВК “Востраў-Агра”, дзе 2 такія трактары, то даводзіцца выбіраць, якія агрэгаты будуць працаваць. Адначасова не задзейнічаеш 2 пасяўныя агрэгаты, 2 АКШ, плугі.

У апошні дзень сакавіка на палях раёна працавалі 34 энерганасычаныя трактары – па інфармацыі райсельгасхарчу, не хапае механізатараў…

Праблемы праблемамі, але ў адказны момант неабходна шукаць самыя аптымальныя варыянты, каб як мага рацыянальней выкарыстаць наяўныя рэсурсы, паскорыць тэмпы работ і адсеяцца ў час. Сёння, калі глеба мала вільготная, гэта важна як ніколі: іменна тэмпы вясновых работ стануць вызначальнымі ў атрыманні добрага ўраджаю.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *