Наш генерал. 10 красавіка адзначаецца 115-годдзе з дня нараджэння легендарнага земляка – ураджэнца вёскі Крывошын Ляхавіцкага раёна Героя Савецкага Саюза Гаўрыіла Здановіча
Гісторыка-краязнаўчы музей Крывошынскай сярэдняй школы – адзін з самых вялікіх у нашым раёне. Яго экспанаты – сведчанні розных часоў жыцця землякоў, станаўлення вёскі, раёна, краіны. Асаблівая ўвага – тэме Вялікай Айчыннай вайны. Інтарэс сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак да подзвігу сваіх дзядоў і прадзедаў не змяншаецца. Для рабят з вёскі Крывошын прыкладам мужнасці, адданасці сваёй Радзіме, народу, вернасці прысязе з’яўляецца жыццё іх легендарнага земляка – ураджэнца Крывошына Героя Савецкага Саюза Гаўрыіла Здановіча. 10 красавіка будзе адзначацца 115-годдзе з дня яго нараджэння.
З першых крокаў па тэрыторыі школы трапляеш у асаблівую атмасферу. У двары ўстаноўлены мемарыял, што ўшаноўвае памяць герояў-лётчыкаў, загінуўшых у першыя дні вайны. Мемарыяльная дошка на будынку (ён, дарэчы, знаходзіцца на вуліцы імя Здановіча) паведамляе: у гэтай вёсцы нарадзіўся і рос будучы Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Гаўрыіл Здановіч. У музеі пра славутага земляка расказвае асобная экспазіцыя. У ёй – шматлікія дакументы, пісьмы і многае іншае. Найбольшую ўвагу, асабліва хлопчыкаў, прыцягвае ваенная форма генерала, якую ён перадаў музею.
Гаўрыіл Здановіч нарадзіўся 10 красавіка 1900 года ў вёсцы Крывошын у сялянскай сям’і, тут у 1913 годзе скончыў чатыры класы народнага вучылішча. Старажылы ўспаміналі басаногага вясковага хлапчука. Ад дабравольца Чырвонай Арміі ў час Грамадзянскай вайны да генерал-маёра ў гады Вялікай Айчыннай – такі слаўны шлях наканавана было прайсці Гаўрыілу Здановічу.
Талент камандзіра, мужнасць, смеласць, самаахвярнасць, справядлівасць і непахісная вера ў дабро – у лёсе Гаўрыіла Станіслававіча яны сталі вызначальнымі. Разам з баявымі сябрамі ён удзельнічаў у змаганнях супраць Юдзеніча, абараняў Петраград. Полк пад яго камандаваннем граміў банду Махно.
Калі закончыліся баявыя дзеянні, Здановіч прыняў рашэнне далей удасканальвацца ў прафесіі ваеннага – вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя Фрунзе, якую скончыў на выдатна (дарэчы, ён вярнуўся сюды і пасля вайны – у якасці выкладчыка, быў начальнікам курса).
Вялікую Айчынную начальнік аператыўнага аддзела штаба 66-га стралковага корпуса палкоўнік Гаўрыіл Здановіч сустрэў каля Гомеля. Сёння ў музеі Крывошынскай школы захоўваюцца ўспаміны земляка пра пачатак вайны “Вельмі цяжка было адступаць. Але ж нічога не зробіш, так склаліся абставіны. Каля Кіева-Праціна трапіў у акружэнне”, – успамінаў Гаўрыіл Станіслававіч. Ён не толькі выдатна камандаваў, трапна страляў, але і ўмеў хутка разабрацца ў самай заблытанай сітуацыі, таму не здаўся ў палон фашыстам, а выйшаў з акружэння. Пазней узначальваў штаб 4-й стралковай дывізіі, фарміраваў новыя вайсковыя падраздзяленні. 203-я дывізія пад камандаваннем Здановіча гераічна і мужна змагалася ў Сталінградскай бітве, вызваляла ад гітлераўцаў Данбас, у тым ліку знакаміты “Маладой гвардыяй” Краснадон. Тады Гаўрыіл Здановіч быў удастоены ордэна Чырвонага Сцяга.
Баявы гераічны шлях дывізіі пад камандаваннем нашага земляка праходзіў праз розныя краіны Еўропы. Адважна змагаліся салдаты і афіцэры. 17 разоў упаміналася 203-я дывізія ў загадах Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, больш як 16 тысяч яе воінаў былі ўзнагароджаны медалямі і ордэнамі, а 27 – удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Слаўны доўгачаканы дзевяты дзень мая 1945 года камандзір дывізіі Здановіч сустрэў з аднапалчанамі недалёка ад Прагі. Перамога не паставіла кропку ў франтавой біяграфіі баявога генерала, яго дывізія ваявала і ў Маньчжурыі.
У верасні 1945 года Гаўрыілу Здановічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. На ваенным мундзіры таксама зіхацелі 3 ордэны Леніна, 4 ордэны Чырвонага Сцяга, ордэны Суворава і Кутузава і шматлікія медалі. Яшчэ 8 гадоў генерал дзяліўся сваім вопытам і перадаваў веды маладому папаўненню абаронцаў Айчыны, быў кадравым ваенным Савецкай Арміі.
У многіх месцах давялося пабываць нашаму земляку, але заўсёды з любоўю і пяшчотай ён успамінаў сваю родную вёсачку Крывошын. Часта ў думках вяртаўся туды, дзе прайшло дзяцінства, а пасля вайны давялося пабываць усяго двойчы – у 1954 і 1974 гадах. Сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі Крывошынскай школы, перадаваў у музей свае рэчы, душэўна пагаварыў з пажылымі аднавяскоўцамі.
Апошнія гады жыцця Гаўрыіла Здановіча прайшлі ў Варонежы, там ён напісаў кнігу “Ідзём у наступленне”. У ліпені 1984 года славутага земляка не стала. А памяць пра яго жыве. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у маі 1992 года Крывошынскай СШ было прысвоена імя Гаўрыіла Станіслававіча.
Галіна КАНЬКО.