Бульба фры
Можна смела казаць, што бульба гэтай восенню ў вялікай цане. Пры тым цана другога хлеба мяняецца прама прапарцыянальна глыбіні восені. Чым далей – тым больш. Ужо зараз за кілаграм “скарбу”, “явару”, “ласунку” і гэтак далей без торгу даюць да паўтары тысячы рублёў. Што пасля – узімку і яшчэ пазней – сказаць складана. Зразумела, аднак, што бульбаводы сёлета не прайграюць. І прамысловыя вытворцы, і тыя, хто вырошчвае бульбу на прыватных сотках (для сябе, як правіла, але ж прадаць пры ўдалым ураджайна-цанавым раскладзе мала хто адмовіцца).
Як сведчыць статыстыка, іменна прыватнікі з’яўляюцца зараз найбольш актыўнымі бульбавытворцамі. У гэтым годзе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы нашага раёна на пачатак уборкі мелі 495 гектараў бульбяных пасадак. Ільвіная частка ў СВК “Ляхавіцкі” – 200 гектараў, нямногім больш за 100 – у ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс”, 70 – у “Жарабковічах”. У астатніх жа – 30 і менш. У той час прыватныя бульбяныя соткі разоў у 5 перавышаюць дзяржаўныя плошчы пасадак. Расклад, канешне ж, прыблізны, паколькі кожная дачная бульбяная баразна наўрад ці трапляе ў падлік.
Ужо мінулымі, а то і ранейшымі выхаднымі на сотках многіх нашых землякоў быў аншлаг. Некаторыя разворвалі барозны з дапамогай плуга на адной конскай сіле, іншыя скарыстоўвалі мотаблок. У кагосьці атрымалася замовіць трактар з бульбакапалкай: тут і тэмпы, і непараўнальнасць працазатрат.
“Ляхавіцкі веснік” задаўся пытаннем: ці ёсць у раёне структуры або падраздзяленні, якія гатовы аказаць насельніцтву сельгаспаслугу па выворванні бульбы? Адказ адмоўны, як паказаў міні-маніторынг сітуацыі.
Ганчароўскае КУП “Дапамога і паслуга” ў свой час іменна з гэтай канкрэтнай мэтай — аказанне рознага роду сельскагаспадарчых, па магчымасці, транспартных паслуг насельніцтву — і пазіцыянавалася. Як паведамілі ў Ганчароўскім сельвыканкаме, на сённяшні дзень прадпрыемства практычна не дзейнічае: не атрымліваецца набраць неабходных спецыялістаў. Літаральна ў мінулы панядзелак, калі ў райвыканкаме праходзіла апаратная нарада, старшыні Ганчароўскага сельвыканкама Сяргею Вараб’ёву было нагадана аб неабходнасці на працягу тыдня вырашыць гэтае пытанне.
КУП па аказанні паслуг “Ляхавіцкі РКБА” выконвае, сярод іншага, і асобныя віды сельгаспаслуг жыхарам раёна. Што тычыцца работы непасрэдна на сельскагаспадарчым палетку, у РКБА маецца магчымасць ажыццяўляць толькі ворыўныя работы. Бульбакапалкі ў прадпрыемства няма. Дарэчы, на ўжо згаданай апаратнай нарадзе гутарка вялася таксама і пра магчымую пратэкцыю ў набыцці для РКБА бульбакапальнага агрэгата. Аднак, калі падобнае і адбудзецца, то сёлетні бульбакапальны сезон ужо завершыцца.
Як паведамілі ў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, сёння прадпрыемства таксама не мае магчымасці дапамагчы ўладальнікам прыватных сотак з “разгонкай” бульбы: адсутнічае неабходны агрэгат. “Можам узараць, дапамагчы з культывацыяй…”, – удакладнілі на прадпрыемстве.
Іван КАВАЛЕНКА.