Класныя пытанні. І пазакласныя. На «прамой лініі «ЛВ» — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама
На пытанні, што датычацца школьнага жыцця, работы ўстаноў адукацыі, падчас “прамой лініі “ЛВ” адказвала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана ЯКУБОЎСКАЯ.
– Добры дзень. Мяне як маці дваіх школьнікаў хвалюе арганізацыя дзіцячага адпачынку на летніх канікулах… Ірына Грыцкевіч, г. Ляхавічы.
— Нягледзячы на тое, што да канца навучальнага года яшчэ паўтара месяца, пытанне летняга адпачынку хвалюе многіх бацькоў. Пра гэта сведчаць тэлефонныя званкі ў наш аддзел з усяго раёна.
Па традыцыі падрыхтаваным і добраўпарадкаваным сустрэне рабят кругласутачны аздараўленчы лагер “Чайка”. За 4 змены тут адпачнуць 475 хлопчыкаў і дзяўчынак з нашага раёна. Сёлета ў “Чайцы” новаўвядзенне: на яе базе аздараўляцца і займацца спортам будуць і 160 выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Для іх прадугледжаны некалькі змен спартыўнага лагера па 9 дзён кожная. Як і ў папярэднія гады, у раёне будуць дзейнічаць кругласутачныя профільныя летнікі: для адораных рабят – “Эўрыка”, сумесна з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях – “Выратавальнік” на базе Жарабковіцкай СШ. Запатрабаваны ў юных турыстаў перасоўны палатачны лагер “Рабінзоны”. Акрамя таго, практычна ва ўсіх школах раёна арганізоўваюцца і дзённыя лагеры. Плануецца, што ў іх адпачнуць 640 школьнікаў. Не застануцца без увагі і старшакласнікі, якія жадаюць правесці летнія канікулы з карысцю: у гарадскіх школах і гімназіі адкрыюцца лагеры працы і адпачынку.
– Святлана Канстанцінаўна, тэлефаную ад імя жыхароў вёскі Ураджайная. Ці праўда, што ў наступным навучальным годзе нашы дзеці пойдуць у першы клас ужо не ў горадзе, а ў Конькаўскай школе? Святлана, в. Ураджайная.
— Так, плануецца, што дзеці з Ураджайнай будуць вучыцца і выхоўвацца ў Конькаўскім ДС-СШ. У гэтую навучальную ўстанову падвозіць іх будуць арганізавана.
Увогуле, на сённяшні дзень класы гарадскіх школ перапоўнены па прычыне таго, што тут нямала вучняў з сельскай мясцовасці. Таму плануем у 2015/2016 навучальным годзе вясковых дзяцей набіраць у першыя класы ў бліжэйшыя школы менавіта ў сельскай мясцовасці. Напрыклад, магчыма, хлопчыкі і дзяўчынкі з Русінавічаў і Рачканаў пойдуць у першы клас у Начаўскую СШ. Такі падыход дазволіць паступова разгрузіць гарадскія школы і захаваць паўнацэнныя класы ў сельскіх.
Што датычыцца падвозу дзяцей, то з гэтым праблем няма. Арганізаваны ён нават з самых аддаленых населеных пунктаў, незалежна ад таго, адно дзіця трэба весці ці 10.
Безумоўна, калі бацькі жадаюць самастойна адвозіць дзяцей, – калі ласка, ваша права.
– Калі афіцыйна завяршаецца навучальны год, і ці будзе сёлета зноў раённы баль выпускнікоў?
Вольга Бурак, аг. Падлессе.
— 29 мая адбудуцца апошнія ўрокі ў 2014/2015 навучальным годзе, а 30 мая – урачыстае свята апошняга званка. Выпускныя экзамены – з 1 па 12 чэрвеня. Дзевяцікласнікі будуць здаваць 3 экзамены пісьмова: беларускую і рускую мовы, матэматыку. Адзінаццацікласнікі пройдуць 4 іспыты: пісьмовыя – па рускай ці беларускай мове (на выбар) і матэматыцы, вусныя – па гісторыі Беларусі і замежнай мове. Выпускныя вечары пройдуць 11-12 чэрвеня, а раённае свята “Не паўтараецца такое ніколі” – 12 чэрвеня ў Ляхавічах.
З 14 чэрвеня пачнецца цэнтралізаванае тэсціраванне па вучэбных прадметах. Дарэчы, у маі-чэрвені ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама будзе працаваць “гарачая тэлефонная лінія” па пытаннях завяршэння навучальнага года і правядзення выпускных экзаменаў (тэлефоны 2-13-45 — начальнік аддзела, 2-43-06 — намеснік начальніка).
– У мяне пытанне па арганізацыі школьнага харчавання. Раней, калі мы самі вучыліся ў школе, акрамя гарачых абедаў, можна было купіць у сталовай ці буфеце, напрыклад, булачку ці пячэнне. Цяпер гэтага няма. І пакуль прыходзіць пара школьнага абеду, дзеці, асабліва старшакласнікі, якія маюць добры апетыт, паспяваюць прагаладацца. Магчыма, плануецца штосьці ў бліжэйшы час памяняць?
Валянціна Пятроўна, г. Ляхавічы.
— Харчаванне ва ўстановах адукацыі арганізавана згодна прыкладнага двухтыднёвага меню, зацверджанага супрацоўнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Гарачым харчаваннем ахоплена практычна 100 працэнтаў вучняў. Тыя школьнікі, якія, акрамя ўрокаў, наведваюць групу падоўжанага дня, харчуюцца ў школе 2 разы на дзень.
Што датычыцца арганізацыі ва ўстановах адукацыі продажу кандытарскіх вырабаў, то сітуацыя вывучалася. Прааналізаваўшы меркаванні медыкаў, бацькоў і саміх вучняў, пакуль лічым гэту прапанову немэтазгоднай.
– Апошнім часам некаторыя прадпрыемствы і арганізацыі аптымізуюць свае штаты. З пенсіянерамі ў такім выпадку не прадаўжаюць кантракты. Ці будуць працаваць настаўнікі-пенсіянеры ў школах і дзіцячых садках? Калі не, то як будзе вырашацца кадравая праблема ў сельскіх навучальных установах, дзе многія педагогі — пенсіянеры?
Наталля Сяргееўна, Ляхавіцкі раён.
— Ва ўстановах адукацыі раёна працуе 750 педагогаў, каля 120 з іх – пенсійнага ўзросту. Дырэктары школ і загадчыкі дашкольных устаноў штогод інфармуюць аддзел пра вакансіі і пра неабходныя кадры. Аддзел накіроўвае запыты для састаўлення агульнай заяўкі ва ўстановы адукацыі, дзе атрымліваюць сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую адукацыю будучыя педагогі. Але не ўсе яны, на жаль, выконваюцца.
Асабліва неабходны раёну настаўнікі фізіка-матэматычнага профілю: за апошнія гады ў школы Ляхавіччыны размеркаваўся толькі адзін матэматык, хаця штогадова падаецца заяўка на 5-7 такіх спецыялістаў.
Пакуль рана прагназаваць, колькі маладых кадраў прыйдзе ў гэтым жніўні. У бліжэйшы час прадстаўнікі аддзела плануюць выехаць на размеркаванне ў Брэсцкі і Баранавіцкі дзяржаўныя ўніверсітэты.
Улічваючы такую сітуацыю з кадрамі, не можам поўнасцю адмовіцца ад дапамогі нашых шаноўных ветэранаў педагагічнай працы. І ўдзячны ім за разуменне і падтрымку.
– Святлана Канстанцінаўна, ці зменшыцца колькасць школ і дзіцячых садкоў у нашым раёне на наступны навучальны год?
Мікалай Пятровіч, г. Ляхавічы.
— На адукацыйнай прасторы Ляхавіччыны аптымізацыя, безумоўна, прадоўжыцца. Пакуль называць канкрэтныя адрасы рана – вывучаюцца і разглядаюцца розныя варыянты, пралічваюцца ўсе “за” і “супраць”.
На “прамой лініі” працавала
Галіна КАНЬКО.