Палаючая тэма. Служба 101 спадзяецца, што жыхары Ляхавіцкага раёна заўсёды будуць асцярожнымі з агнём
Штодзённая работа аварыйна-выратавальных падраздзяленняў, інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС накіравана на захаванне пажарнай бяспекі на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна, эфектыўнасці прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджванні пажараў і гібелі на іх людзей.
З правераных у студзені-сакавіку 15 аб’ектаў не ў поўным аб’ёме ўхілены парушэнні правілаў пажарнай бяспекі ў СВК “Шлях новы”, “Востраў-Агра”, “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты кіраўнікі і службовыя асобы аб’ектаў. Часта стан пажарнай бяспекі ў працоўных калектывах не забяспечваюць. Тыповы прыклад: на тэрыторыі МТФ раскідана салома, пры гэтым хтосьці з абслуговага персаналу фермы курыць на тэрыторыі, распальвае агонь (СВК “Жарабковічы”, “Востраў-Агра”, “Тальмінавічы”). Пры гэтым ёсць на месцах адказныя за парадак работнікі, напрыклад, загадчык фермы. А калі справа даходзіць да штрафу, то адказныя работнікі пачынаюць абараняцца (не заўважылі, няхай адпачнуць, гэта не першы раз і нічога не здараецца).
Увогуле, сітуацыя з ухіленнем парушэнняў пажарнай бяспекі на аб’ектах у раёне паляпшаецца, яны прыводзяцца ў адпаведнасць пажарным патрабаванням, выдзяляюцца сродкі. Але асноўнай прычынай надзвычайных сітуацый становіцца чалавечы фактар і адсутнасць належнага прынцыповага падыходу адказных супрацоўнікаў арганізацый і прадпрыемстваў да выканання і захавання рэжымных мерапрыемстваў на аб’екце.
Па-ранейшаму застаецца высокай рызыка ўзнікнення пажараў і пагроза гібелі людзей, асабліва ў сельскай мясцовасці. Паказчык колькасці пажараў на 10 тысяч насельніцтва ў раёне складае 2,2, сярэднеабласны – 1,1. Статыстыка загінуўшых ад пажараў на 100 тысяч насельніцтва яшчэ горшая – 3,7 (па вобласці 1,3).
Павялічваецца колькасць пажараў у прыродных экасістэмах, у тым ліку ад спальвання сухой расліннасці і смецця. “Дапамагаюць” і вадзіцелі, рыбакі, паляўнічыя: выкінутыя з вокнаў аўтамабіляў непатушаныя цыгарэты, пакінутыя кастры… Як вынік, гарэнне сухой травы ў раёне вёсак Навасёлкі, Свяціца Крывошынскага сельсавета, дзе праходзяць сцежкі рыбакоў і паляўнічых, Тухавічы, Востраў, Рагачы, Траццякоўцы Востраўскага сельсавета. Напрыклад, ад узгарання чароту ў пойме Шчары (дзе пабывалі рыбакі і паляўнічыя) паблізу торфараспрацовак ТБЗ “Ляхавіцкі” адбылося ўзгаранне травы і тарфянікаў на землях лясгаса. Гарэнне ліквідавана з вялікімі стратамі.
У вёсках застаюцца пакінутыя жылыя дамы, пабудовы, якія зараслі сухой расліннасцю і ствараюць пагрозу узгаранняў і распаўсюджвання агню на суседнія будынкі і збудаванні. Пры правядзенні рэйдавых мерапрыемстваў выяўлена 43 выпадкі ўзгарання сухой травы, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 41 чалавек на суму 12150 тыс. руб. Паўстае пытанне: пра што думаюць самі жыхары вёсак, не клапоцячыся пра добраўпарадкаванне тэрыторый і сваю бяспеку? Напрыклад, 20 сакавіка жыхар вёскі Ураджайная ўчыніў пажар ва ўласнай кватэры. Пазней грамадзянін быў накіраваны ў ізалятар РАУС і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці на суму 30 базавых велічынь.
За 3 месяцы 2015 года вырата-вальнікам РАНС удалося патушыць 11 пажараў, але, на жаль, жыхар Альхоўскага сельсавета не выратаваўся са стыхіі агню… Службай надзвычайных сітуацый за сакавік 2015 года выратаваны 2 адзінкі тэхнікі, 26 пабудоў, 43 разы выязджалі на тушэнне травы, 7 разоў – на тушэнне смецця. У мэтах папярэджвання ўзнікнення пажараў і гібелі ад іх людзей, выратавальнікі праводзяць пажарна-прафілактычную работу ў жыллёвым фондзе. Асаблівая ўвага — мнагадзетным сем’ям, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, адзінокім пажылым грамадзянам, старэйшым за 60 гадоў, а таксама адзінокім інвалідам 1-2 груп. Так, на працягу сакавіка гэтага года наведалі 767 домаўладанняў і кватэр грамадзян. У сем’ях, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, значная ўвага надаецца супрацьпажарнаму стану домаўладанняў, а таксама псіхафізічнаму стану бацькоў. Пра выяўленыя факты неналежнага догляду за дзецьмі адразу паведамляецца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму, РАУС і г. д. У сакавіку гэтага года накіраваны 2 інфармацыі ў аддзел адукацыі, спорту і турызму аб неабходнасці прыняцця мер рэагавання да неўладкаваных сем’яў, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. У адным выпадку непаўналетні знаходзіўся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Прынята рашэнне адабраць яго ў бацькоў. Цяпер на тэрыторыі раёна пражывае 25 сем’яў, дзеці якіх прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Пры правядзенні абследаванняў звяртаецца ўвага на стан электрычнай праводкі і абсталявання, пячнога ацяплення, утрымання тэрыторыі, наяўнасці і працаздольнасці АПА. Парушэнне заканадаўства аб пажарнай бяспецы цягне папярэджанне і накладанне штрафу ў памеры да 30 БВ, на сённяшні дзень гэта 5400000 рублёў.
Нягледзячы на праводзімую прафілактычную работу, выступленні ў працоўных калектывах, навучанне і інструктажы работнікаў і насельніцтва, людзі па-ранейшаму свядома падвяргаюць пагрозе сваё жыццё і маёмасць. Пры гутарцы з вінаватымі ў пажары гучаць такія тлумачэнні: маўляў, ведаю, што нельга, але думаў, што не загарыцца, толькі на хвіліну адышоўся…
З 1 красавіка праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы месячніка пажарнай бяспекі. Работнікі Ляхавіцкага РАНС сумесна з калектывамі РАУС, аховы навакольнага асяроддзя і жывёльнага свету, лясгаса, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі акцэнтуюць увагу на рабоце па прафілактыцы пажараў у экасістэмах, фактах выпальвання сухой расліннасці, развядзення кастроў, спальвання смецця ў недазволеных месцах.
У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на торфамасівах, выпальванне сухой расліннасці, бяспекі ў дамах і на вытворчасці прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць.
Служба 101 спадзяецца, што жыхары раёна заўсёды будуць асцярожнымі з агнём.
Валерый РАВІНСКІ,
начальнік РАНС.