Гарэла … З пачатку года ляхавіцкім выратавальнікам давялося выязджаць на тушэнне пажараў 12 разоў

З пачатку года выратавальнікам давялося выязджаць на тушэнне пажараў 12 разоў. Вогненная стыхія забрала жыццё аднаго чалавека. Неспакойным выдаўся і канец мінулага тыдня – перадсвяточныя і велікодныя дні.

9 красавіка ў цэнтр аператыўнага кіравання паступіла паведамленне аб узгаранні хлява ў вёсцы Зубелевічы. Калі прыбылі пажарныя, увесь дах быў ахоплены агнём. Жывёла, што ўтрымлівалася ў гэтай пабудове (20 гадоў), не пацярпела – яе паспелі вывесці яшчэ да прыезду выратавальнікаў. Прычынай пажару стала неасцярожнасць пры курэнні.

Вечарам у пятніцу – выезд па паведамленні аб задымленні кватэры ў адным з дамоў па вуліцы Леніна райцэнтра. Не на жарт перапалохаліся суседзі. А, між тым, у кватэры, дзе на пліце гарэла патэльня з кавалкамі хлеба, знаходзіліся ў гэты момант 3 дарослыя… У адносінах гора-гаспадароў і іх гасцей складзены адміністрацыйныя пратаколы. Акрамя таго, ім давядзецца паўторна праходзіць навучанне правілам карыстання газавымі прыборамі – пліту газавікі адключылі.

У вёсцы Дамашы ў нядзелю днём гарэла гаспадарчая пабудова. Сына гаспадыні дома гэта не надта клапаціла – па словах суседзяў ужо 3 дні ён “святкаваў”. Тыя ж суседзі паведамілі, што разам з мужчынам пражывалі яго сужыцелька з дзіцём. У іх пошуку пажарныя перавярнулі ўсё ў гаспабудове. Жанчына знайшлася пазней – хадзіла за святочнай “дабаўкай”. Дзіця, якое прыехала на выхадныя з Ганцавіцкай спецшколы, як аказалася, гуляла па вёсцы…

Штодзень выратавальнікі змагаліся з гарэннем сухой травы. У чацвер, 9 красавіка, нехта так “наводзіў парадак” у садаводчых кааператывах каля ачышчальных збудаванняў, што давялося тушыць гектар травы і ратаваць некалькі дачных домікаў. У пятніцу, 10 красавіка, РАНС і лясгас супрацьстаялі ўзгаранню 40 гектараў травы і тарфяніка каля вёскі Навасёлкі Крывошынскага сельсавета: полымя падбіралася не толькі да лесу, але і да вёскі. На наступны дзень сітуацыя паўтарылася – ужо ў Новых Будах, а ў нядзелю – каля Свяціцы. Гарэла трава і ў Ліпску. Дзесьці прычынай разгулу вогненнай стыхіі стала непатушаная цыгарэта, дзесьці – спальванне смецця і травы. Але вінаваты ва ўсім чалавечая нядбайнасць і абыякавасць.

Не толькі на вогненныя выклікі выязджалі супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Двойчы ляхавічане тэлефанавалі па 101, каб адчыніць выпадкова зачыненыя дзверы.

У святочную нядзелю выратавальнікі дапамагалі ДАІ і медыкам ліквідаваць наступствы ДТЗ.

Сяргей ГАТОЎЧЫЦ,

першы намеснік начальніка РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *