Культура работы з макулатурай, але не толькі з ёй – таксама і з іншымі відамі другасных матэрыяльных рэсурсаў у Ляхавіцкім раёне
Праяві сваю культуру – збірай макулатуру! У перакладзе з рускай мовы гэты стары лозунг хоць і гучыць ужо не так зграбна – сутнасці не мяняе. Памятаецца, у тым ліку і вершаваным словам заклікалі савецкага піянера не заставацца ў баку ад важнай дзяржаўнай справы. У дарослых быў свой інтарэс: 20 кілаграмаў здадзенай макулатуры давалі права на набыццё кнігі са спіса тагачаснага літаратурнага дэфіцыту. Плацілі і грошы, але капейкі тыя не неслі ніякай нагрузкі – людзьмі кіраваў выключна “кніжны” інтарэс.
Да чаго ўсё гэта? Іменна інтарэс служыць галоўным рухавіком любой справы. Лепш – асабісты, які ў выпадку з нарыхтоўкай другасных матэрыялаў з’яўляецца пакуль не такім відавочным. Так, за сабраныя і здадзеныя ў прыёмку шкло, пластык, макулатуру можна атрымаць сякую-такую капейку. Але найчасцей яна не кампенсуе намаганняў, затрачаных на сам працэс. Тут дарэчы будзе ўзгадаць старое добрае і не намі прыдуманае: што выгадна дзяржаве – выгадна і яе грамадзяніну. Выйгрыш жа дзяржавы адной пазіцыяй тут не абмяжоўваецца. Каб загрузіць работай пабудаваныя перапрацоўчыя прадпрыемствы, дзяржава вымушана завозіць з-за мяжы сыравіну для іх. Дакладней, тое, што многія з нас выкідваюць: выкарыстаную паперу, шкляныя або палімерныя вырабы, іншае падобнае. Ёсць жа і вялікае мноства, варыянтаў куды больш рацыянальнага ўкладання грошай.
Другі, аднак, зусім не другасны момант – экалогія. Чытай – здароўе, паколькі ад “здароўя” навакольнага асяроддзя ў значнай ступені залежыць здароўе кожнага з нас.
Але ж ад тэорыі, каму і для чаго гэта патрэбна, вернемся да раённай практыкі па нарыхтоўцы адходаў. Папярэдні вопыт сведчыць, што з выкананнем задання па зборы і пастаўках на перапрацоўку палімераў, зношаных шын, тэкстыльных і будаўнічых адходаў Ляхавіцкі раён спраўляецца дастаткова паспяхова. Істотна горш ладзяцца справы з макулатурай, нарыхтаваць якой у 2015 годзе нам, згодна з заданнем, неабходна ні многа ні мала – 900 тон. Фактычна ўсе арганізацыі, установы, прадпрыемствы, незалежна ад формы ўласнасці, так бы мовіць, арыентаваны на здачу пэўных аб’ёмаў ужо аднойчы выкарыстаных паперы і кардону. Рухацца пажадана раўнамерна – памесячна, паквартальна – а не чакаць апошніх тыдняў года, каб “адным плацяжом” выканаць заданне. Тлумачэнні тут, думаецца, будуць лішнімі, але на ўсякі выпадак: гэтым самым забяспечваецца роўны рытм у рабоце заводаў-адходаперапрацоўшчыкаў.
Квартал прайшоў, хто ж у авангардзе? Як расказала начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Грынялевіч, ёсць рупліўцы, што за першыя тры месяцы выйшлі на гадавую лічбу. “У ліку такіх райфінаддзел, РАНС, РАС ДТСААФ, РК БРСМ. Істотна наблізіліся да гадавога задання ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, райвыканкам і яго аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі, спорту і турызму, сельскія выканаўчыя камітэты, завод “Інтэрлак”, Ляхавіцкая архітэктура, раённае аддзяленне Брэстаблсаюздруку, рэдакцыя, – завяршае пералік Ірына Вячаславаўна. Але быў бы ён куды большым, ка-
лі б спатрэбілася назваць горшых макулатураздатчыкаў. Яно б і варта, аднак, спіс атрымаецца доўгім: толькі тых, хто яшчэ нават і не прыступаў да выканання задання, каля двух дзясяткаў. А агульнараённы расклад такі: па стане на пачатак красавіка нарыхтавана 90 з паловай тон макулатуры.
Што новага ў арганізацыі збору і нарыхтоўкі другаснай сыравіны з’явілася ў раёне за апошні час? Па-першае, як прадугледжвалася адпаведнай праграмай і анансавалася “Ляхавіцкім веснікам”, запушчана ў дзеянне лінія сартавання другасных матэрыяльных рэсурсаў. Арганізатар вытворчага актыву ў асобе КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” арандаваў пад лінію памяшканне ў ПМК-17. Да таго – пустуючае. Прывялі яго ў больш-менш належны стан, устанавілі вытворчую лінію. Усё даволі проста выглядае і працуе: стужачны канвеер, прэс. На абслугоўванні лініі заняты два чалавекі. Але да канца справа яшчэ не даведзена. Асобныя пытанні работы аб’екта патрабуюць “шліфоўкі” ў адпаведнасці з сучаснымі нормамі. Лінія арыентавана на работу з той жа макулатурай і пластыкам.
А вось ІП Пронька накірункам сваёй камерцыйнай дзейнасці выбраў нарыхтоўку шкла. З 400 тон шклабою, даведзеных у якасці задання Ляхавіцкаму раёну, 150 тон абавязаўся сабраць індывідуальны прадпрымальнік, жыхар Ураджайнай Валерый Іванавіч Пронька. Пайшоў двума шляхамі: у суседніх Баранавічах адкрыў стацыянарны пункт прыёму шкла, а па тэрыторыі Ляхавіччыны калясіць мабільны аўтапрыёмшчык шкла. У факце размяшчэння стацыянара ў суседнім рэгіёне, думаецца,больш станоўчага, чым мінусаў: прынятая такім чынам ад суседзяў сыравіна ідзе ў залік Ляхавіцкаму раёну. Не лішне паведаміць, што фактычна ніякіх патрабаванняў да якасці і стану здаваемага шкла прадпрымальнік не прад’яўляе. Яно не абавязкова павінна быць чыстым, могуць утрымлівацца наклейкі, няма неабходнасці сартаваць па колерах і адценнях. Ды і цана не здаецца занадта сімвалічнай: 900 рублёў за кілаграм у выпадку стацыянарнага прыёму і на сотню менш, калі скарыстацца паслугамі перасоўнага прыёмнага пункта. Расклад зразумелы: у апошнім выпадку ўлічваюцца і адмінусаваны амартызацыйна-транспартныя расходы. Прадпрымальнік працуе з лета мінулага года і, як можна меркаваць па лічбе, справа ладзіцца: толькі за студзень-сакавік было нарыхтавана амаль 190 тон шкла. Пры, яшчэ раз пра гэта ўзгадаем, 150 тонах гадавога абавязку.
Іван КАВАЛЕНКА.