Удзячныя вам нашчадкі. Кожны ветэран Ляхавіцкага раёна гэтымі днямі атрымаў віншавальную паштоўку з юбілеем Перамогі /фота/
Кожны ветэран гэтымі днямі атрымаў віншавальную паштоўку з юбілеем Перамогі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Апошнім часам у кватэры і дамы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны часта завітваюць госці: з віншаваннямі і падарункамі спяшаюцца прадстаўнікі органаў улады, прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, моладзь, піянеры, валанцёры і цімураўцы. Ад такіх сустрэч цёпла і радасна на сэрцы і ў шаноўных ветэранаў, якія набліжалі Перамогу, і ва ўдзячных нашчадкаў, якія маюць магчымасць сказаць героям шчыры дзякуй за сённяшняе жыццё пад мірным небам.
Згодна ўказа Прэзідэнта краіны, усе ветэраны, у тым ліку і 73 нашыя землякі, атрымалі аднаразовую матэрыяльную дапамогу ў сувязі з 70-годдзем Вялікай Перамогі. У нашым раёне агульная сума выплат склала 354,5 мільёна рублёў.
На гэтым тыдні да ветэранаў Вялікай Айчыннай завіталі прадстаўнікі райвыканкама, сельвыканкамаў і ўручылі падарункі і матэрыяльную дапамогу з раённага бюджэту, на што выдаткавана 135 мільёнаў рублёў. І, канешне, зноў прагучалі пажаданні здароўя і добрага настрою. З павагай ад удзячных нашчадкаў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.