Першыя асеннія старты
У канцы мінулага тыдня Брэст прымаў спаборніцтвы на першынство вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 1996 года нараджэння і больш юных. Разам з прадстаўнікамі ўсіх гарадоў і раёнаў Берасцейшчыны на прызы першынства змагаліся таксама лёгкаатлеты Ляхавіцкай ДЮСШ. З 7 выхаванцаў трэнераў Алены Ульянавай і Андрэя Іванюценкі, што ўваходзілі ў склад каманды, на п’едэстал гонару змаглі падняцца 4. Школьніца САШ №2 Лізавета Кандрацьева першынствавала на дыстанцыі ў 1000 метраў, вучань гэтай жа школы Максім Падзіна стаў другім у сектары для штурхання ядра. Вызначыліся і школьнікі САШ №1: Уладзіслаў Марціновіч паказаў другі вынік у бегу на 1000 метраў, а Кірыл Максіменка і ўвогуле двойчы падымаўся на п’едэстал. У актыве юнага лёгкаатлета перамога ў бегу на 3000 метраў і трэцяе месца на дыстанцыі ўдвая большай.
Як поспех варта адзначыць і чацвёртае месца на 1000-метровай дыстанцыі Ангеліны Сліва, якая да таго ж з’яўлялася самай юнай удзельніцай забегу.
Валянціна ГАНЧАР, інструктар-метадыст Ляхавіцкай ДЮСШ.