Ключавая падзея. У Ляхавічах 6 маладых спецыялістаў атрымалі арэндныя кватэры
Першамайскі падарунак атрымалі 6 маладых спецыялістаў устаноў і арганізацый Ляхавіччыны. Сімвалічна, што яны – урачы цэнтральнай раённай бальніцы, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і настаўніца гімназіі – шчаслівымі ўладальнікамі ключоў ад арэндных кватэр сталі менавіта напярэдадні Свята працы.
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч падчас цырымоніі ўручэння запаветных атрыбутаў кожнага дома – ключоў, падкрэсліў важнасць і важкасць падзеі для ўсяго раёна, адзначыў, што мясцовая ўлада зрабіла чарговы крок для замацавання маладых і таленавітых кадраў на ляхавіцкай зямлі. Добрыя ўмовы для жыцця стануць выдатнай падтрымкай у прафесійнай дзейнасці.
З 2013 года ішла рэканструкцыя другога і трэцяга паверхаў будынка былога інтэрната аграрнага каледжа па вуліцы Леніна,56. 14 арэндных кватэр былі ўведзены ў эксплуатацыю з аддзелкай “пад ключ”. У кожнай кватэры – кухня, абсталяваная новай газавай плітой, санвузел з новай сантэхнікай, паклеены шпалеры. На рэканструкцыю з раённага бюджэту было выдаткавана больш за 7 мільярдаў рублёў. Засталіся апошнія штрыхі па ўпарадкаванні прыдамавой тэрыторыі.
Астатнія 8 кватэр будуць прапанаваны тым, хто стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Вячаслаў Лукіч павіншаваў першых жыльцоў арэнднага дома, сярод іх і ўрач-тэрапеўт Андрэй Курак, які атрымаў двухпакаёвую кватэру. Ён падзякаваў ад усіх навасельцаў кіраўніцтву раёна за вырашэнне жыллёвага пытання. Дзякуючы святочнаму падарунку, малады спецыяліст нарэшце зможа перавезці ў Ляхавічы жонку (яна таксама будучы ўрач) і чатырохмесячнага сыночка.
Наогул, уласныя квадратныя метры дададуць усім навасельцам добрага настрою і, хочацца спадзявацца, умацуюць у жаданні застацца працаваць менавіта на Ляхавіччыне.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.