Слова на службе міру

Выставу адкрываюць намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі, міністр інфармацыі Лілія Ананіч (злева направа).

5 мая, у Дзень друку, пашчасціла быць у Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” на адкрыцці ХІХ Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”, прысвечанай 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яе дэвіз “Слова на службе міру” больш чым красамоўны. Міністр інфармацыі Лілія Ананіч падкрэсліла, што “ў час найцяжэйшых выпрабаванняў, калі Беларусь змагалася з фашызмам, слова кавала Перамогу”, што ў падполлі, у партызанскіх атрадах выдаваліся 162 газеты: “Гэта было праўдзівае слова, якое дзень за днём набліжала Перамогу, слова, якое гаварылі, якому верылі, якога чакалі”.

Міністр адзначыла, што сёння ў Беларусі выдаецца звыш паўтары тысячы друкаваных СМІ, рэгіянальныя і нацыянальныя каналы запатрабаваныя ў кожнай беларускай сям’і, што актыўна асвойваюцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі і ствараюцца новыя інтэрнэт-рэсурсы: “Мы нясём свету інфармацыйны пасыл дабра, веру ў будучыню, перамогу. І самае галоўнае, мы разам ствараем нашу краіну”.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі зачытаў прывітальнае слова Прэзідэнта да гасцей і ўдзельнікаў міжнароднага форуму. А гэта – больш 400 друкаваных СМІ з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі, Эстоніі, Індыі, ЗША, Велікабрытаніі, Францыі, Швецыі. Ігар Бузоўскі пажадаў усім плённай работы, творчасці і сацыяльнай адказнасці ў нялёгкай працы, якая ацэньваецца не толькі прафесіяналамі, але і грамадзянамі ўсёй краіны.

Выставу маглі ўбачыць шматлікія наведвальнікі. Прафесіяналы прымалі ўдзел у тэматычных круглых сталах, семінарах, майстар-класах, прэс-дыялогах, прэзентацыях. Вялікі інтарэс выклікала і экспазіцыя Брэстчыны, у якой была прадстаўлена ўся прэса вобласці і куточак музея газеты “Заря”.

Дарэчы, у НВЦ “БелЭкспа” адбылося ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і СМІ на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой. Дыплом ІІ ступені Міністэрства інфармацыі ў намінацыі “Друкаваныя СМІ і інфармацыйныя агенцтвы” ўручаны “Ляхавіцкаму весніку”.

А  вечарам у зале дзяржаўных прыёмаў Палаца Рэспублікі адбылося ўрачыстае дзейства, якое вось ужо адзінаццаты год запар у Дзень друку збірае, не пабаюся гэтага слова, шчасліўчыкаў, хто выйшаў у фінал Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера”. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў — незабыўнае свята і творчы стымул для ўсіх, каго ў гэты дзень віншавалі ў такім высокім фармаце. Газета “Ляхавіцкі веснік” стала лаўрэатам ХІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая Ліцера” ў намінацыі “Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі” сярод рэдакцый раённых, гарадскіх, шматтыражных газет.

Лаўрэатамі   Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ  “Залатая Ліцера” ў розных намінацыях сталі абласная газета “Заря” і калегі з Столінскай і Пінскай раёнак. Шчыра радуемся за калег.

Дарэчы, сёлета на ўдзел у галоўным творчым конкурсе друкаваных СМІ, які праводзіўся па выніках 2014 года, было пададзена больш за 150 заявак ад рэспубліканскіх, абласных і раённых выданняў.

А конкурс “Залатая Ліцера”, які заснавала Міністэрства інфармацыі для стымулявання творчасці журналістаў, павышэння іх прафесійнага ўзроўню, садзейнічання развіццю друкаваных СМІ, працягваецца. І гэта ўжо шлях да “Залатой Ліцеры”-2015.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык: экспазіцыя «СМІ Брэсцкай вобласці» дастойна прадставіла нашы рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі і іх увагу да тэмы Вялікай Перамогі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *