Калегі

З вялікай любоўю і пашанай я называю так Марыю Пятроўну Абібак, Людмілу Васільеўну Курыловіч, Яўгенію Аляксандраўну Коваль, Ганну Уладзіміраўну Буйкевіч, Валянціну Дамінікаўну Бураву, Надзею Аляксандраўну Русакевіч, Зінаіду Карпаўну Карабейнік – былых настаўніц Свяціцкай сярэдняй школы, маіх калег па працы.
У далёкім 1946 годзе ў спаленую, зруйнаваную Свяціцу прыехала Людміла Васільеўна Курыловіч – зусім маладзенькая настаўніца. Школа ў вясковай хаце, людзі ў зямлянках, няма дарог — усё гэта было ў той далёкі час. Але малады імпэт браў сваё, і хутка Людміла Васільеўна ўвайшла ў самы вір жыцця: узначаліла камсамольскую арганізацыю, разам з моладдзю дапамагала сельсавету, жыхарам Свяціцы. Але самым галоўным было жаданне вучыць дзяцей. Расло майстэрства, назапашваўся вопыт. Хацелася і самой вучыцца далей, і яна, маючы ўжо сям’ю, атрымлівае вышэйшую адукацыю. За сваё прафесійнае майстэрства набыла пашану і павагу ў свяцічан. А якія давала ўрокі! Дзеці захапляліся біялогіяй. Школа патанала ў кветках. Людміла Васільеўна доўгі час працавала намеснікам дырэктара школы, вучыла маладых калег, раіла, падказвала, была душой педагагічнага калектыву. Яна і зараз у свае 82 гады ўзначальвае ветэранскую арганізацыю ў Свяціцы, часта сустракаецца з вучнямі, выступае з дакладамі на святочных мерапрыемствах. Маладжавая, з вясёлай усмешкай, любіць прымаць гасцей, спяваць, жартаваць. Калі мы хочам адпачыць душой, ідзём да Людмілы Ва-сільеўны. І пачынаецца наш “педсавет” песень, жартаў, вясёлых успамінаў. Светлы яна чалавек, як і Марыя Пятроўна Абібак – сціплая і працавітая, адказная і спагадлівая. Амаль кожны свяцічанін – яе вучань. Стрыманая і строгая, яна давала яркія і запамінальныя ўрокі. Зараз ёй 86 гадоў, але якая яна яшчэ рухавая! У яе сціплай кватэры безліч кветак, і ўсе мы ходзім да Марыі Пятроўны, каб разжыцца якой-небудзь незвычайнай пакаёвай раслінай, пагутарыць, пачуць мудрыя парады. “Усе мы па адной сцежцы ходзім”, — вучыць Марыя Пятроўна. А гэта азначае адно: умей жыць з людзьмі, паважліва стаўся да іх. Моцны жыццёвы стрыжань дапамагае ёй справіцца з выпрабаваннямі лёсу, абслугоўваць сябе, даглядаць агарод і соткі, а яшчэ дапамагаць дзецям і ўнукам.
Шкада, што няма зараз з намі побач Яўгеніі Аляксандраўны Коваль – цудоўнага педагога, доб-рага і шчырага чалавека, бо цяжкая хвароба змусіла яе пераехаць у Рэчыцу да дачкі. Але мы ўсе помнім яе і часам сумуем.
Мае маладзейшыя калегі – Валянціна Дамінікаўна Бурава, Надзея Аляксандраўна Русакевіч і Зінаіда Карпаўна Карабейнік – таксама вельмі паважаныя і аўтарытэтныя людзі ў Свяціцы. Дзве першыя – мова-знаўцы, а Зінаіда Карпаўна – настаўніца пачатковых класаў. Усіх іх аб’ядноўвала адна вялі-кая любоў да дзяцей, даска-налае веданне свайго прадмета. Яшчэ і зараз выпускнікі школы на вечарах сустрэчы з цеплынёй успамінаюць урокі гэтых педагогаў, паходы, канцэрты, ранішнікі. Мяккая і далікатная Валянціна Дамінікаўна Бурава запомнілася дзецям яшчэ і сваім памяркоўным характарам. А вясёлая і жартаўлівая Надзея Аляксандраўна Русакевіч да многіх вучнёўскіх і прафесійных праблем ставілася з гумарам. Зінаіда Карпаўна Карабейнік вучыла дзетак так, што пасля, калі яе выхаванцы пераходзілі ў пяты клас, новаму класнаму кіраўніку практычна не было чаго рабіць – настолькі падрыхтаванымі былі вучні. Этыка і эстэтыка ў іх таксама аказваліся на вышыні. А прыклад – заўсёды элегантная, шчырая Зінаіда Карпаўна – сапраўдны педагог.
Пра Ганну Уладзіміраўну Буйкевіч можна расказваць бясконца. Яна – бліскучы, эрудыраваны педагог. Энцыклапедычныя веды маёй калегі спрыялі таму, што яе ўрокі былі ўрокамі адкрыцця характараў, лёсаў сваіх герояў. Яна выкладала рускую літаратуру ярка, узнёсла, гаварыла прыгожа, эмацыянальна, запамінальна. А яшчэ Ганна Уладзіміраўна – надзвычай абаяльны, добры чалавек, вялікая працаўніца і першая дарадчыца свяцічан. Няма такога чалавека, якому б яна не дапамагала – бескарысліва, ад усёй душы. Усе мы дзякуем ёй за шчырае, добрае сэрца. А шматлікія віншаванні ад яе вучняў гавораць пра тое, што сапраўдны настаўнік застаецца ў памяці сваіх выхаванцаў назаўсёды.
Такія яны, мае калегі, сціплыя працаўніцы на ніве народнай асветы, сардэчныя, адкрытыя людзі. Не заўсёды мы атрымлівалі тую пашану, якую заслугоўвалі. Прыстойныя і непатрабавальныя, мы ніколі не зайздросцілі іншым. Хапала чалавечай годнасці. Наша высакародная прафесія вымагае ад усіх нас імкнення да вышэйшых ідэалаў і, самае галоўнае, – патрабуе ад нас быць і заставацца людзьмі.
Са святам вас, мае дарагія калегі!
Вы вучнёўскай
любоўю сагрэтыя
І вялікай пашанай людзей.
Хай жа доўжацца
вашыя леты,
Ясным хай будзе
заўтрашні дзень.

Вера ДЫДЫШКА, былая настаўніца Свяціцкай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *