Факт-экспрэс-навіны
• З УЗНАГАРОДАЙ! Ганаровай граматай райвыканкама ўзнагароджаны: за добрасумленную працу ў сістэме аграрнай адукацыі, вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку і выхаванне высокакваліфікаваных кадраў для аграпрамысловай вытворчасці і ў сувязі з прафесійным святам – Днём настаўніка –намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Мікалай ДАБРЫЯНЕЦ; за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні вучняў, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ліпскай САШ Надзея КІРМЕЛЬ, настаўнік фізікі гімназіі Пётр ЧАРТОК.
Падзячныя пісьмы райвыканкама ўручаны выкладчыку ветэрынарных дысцыплін ЛДАКа Уладзіміру ПАВЯДАЙЛА, ветэранам педагагічнай працы, Заслужаным настаўніцам БССР Лідзіі КАРПІНСКАЙ і Алене ТАРАНДА.
• СВЯТА ВЁСКІ. Як расказала метадыст РМЦ Ганна Пішчака, сёння свята вёскі пройдзе ў Тухавічах. На святочную праграму “Па суседству мы жывём” тухавічан і гасцей вёскі работнікі мясцовага СДК запросяць у 18 гадзін.
• ЗА БЯСПЕКУ РУХУ. Указ аб відэафіксацыі перавышэння скорасці ўступіць у сілу 6 кастрычніка. Гэта дасць магчымасць штрафаваць уладальнікаў аўтамашын за перавышэнне скорасці на аснове даных спецпрыбораў фота- і відэафіксацыі.
«Якасць адлюстравання пры відэафіксацыі даволі высокая, таму будзе добра распазнавацца не толькі нумарны знак і марка аўтамабіля, але і твар вадзіцеля. Пасля таго, як здымак будзе апрацаваны і супрацоўнікі ДАІ вызначаць уладальніка аўтамабіля, яму будзе накіравана раздрукоўка выявы з пазначэннем часу, месца фіксацыі і самога транспартнага сродку», — растлумачыў намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі Максім Падбярозкін.
• «СВЯТА ДУШЫ МАЁЙ». Учора ў кінатэатры «Кастрычнік» прайшоў святочны вечар, прысвечаны Дню пажылых людзей. Больш падрабязна — у наступным нумары «ЛВ».