Слых на кантролі. Медыцынскае абсталяванне Ляхавіцкай райбальніцы папоўнілася трыма апаратамі для праверкі слыху

Па статыстыцы, у свеце на кожную тысячу нованароджаных прыходзіцца адзін з тугавухасцю. Як сведчаць урачы, калі парушэнні слыху выяўлены ў дзіцяці старэйшага за 2 гады, дапамагчы яму будзе складана. Але, на шчасце, медыцына не стаіць на месцы: створаны сучасныя апараты, якія дазваляюць вызначыць парушэнні слыху літаральна з першых дзён жыцця. Раней, калі такое абследаванне не праводзілася ў раддоме, ляхавічанам даводзілася ездзіць у Брэст ці Мінск.

У сакавіку медыцынскае абсталяванне райбальніцы папоўнілася трыма апаратамі для праверкі слыху, якія паступілі ад Міністэрства аховы здароўя. Агульны кошт абноўкі – звыш 150 мільёнаў рублёў. Галоўны ўрач Уладзімір Усцюшкоў падкрэсліў, што такое абсталяванне вельмі дапаможа ў пастаноўцы дыягназу і прызначэнні адпаведнага лячэння. Урач-оталарынголаг Васілій Гарбачоў прайшоў навучанне ў рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры оталарынгалогіі, курсы павышэння кваліфікацыі, атрымаў неабходны сертыфікат.

– У першую чаргу, для дыягностыкі выкарыстоўваем дыягнастычны апарат ота-акустычнай эмісіі. Яго датчык фіксуе адказ вушной уліткі на гукавыя сігналы. Аналіз запісу дазваляе выявіць магчымыя парушэнні, — расказвае Васілій Гарбачоў.

Правераны ўжо 30 маленькіх пацыентаў. Дарэчы, па накіраванні педыятраў усе нованароджаныя да трохмесячнага ўзросту павінны прайсці такое абследаванне.

Калі паталогія ці дэфекты ўсё ж выяўлены, праводзіцца тэст на вызначэнне функцый органаў слыху метадам аналізу выкліканых слыхавых патэнцыялаў. З дапамогай гэтага апарата можна беспамылкова вызначыць, ці чуе чалавек. Для пастаноўкі дакладнага дыягназу выкарыстоўваецца тыпанаметрыя (працэдуру прайшлі ўжо 66 нашых землякоў). Прыбор дазваляе вызначыць розныя запаленчыя хваробы сярэдняга вуха, у тым ліку і парушэнні слыху, паставіць правільны дыягназ. Знікае неабходнасць звяртацца за дапамогай да спецыялістаў у Баранавічы ці Брэст. Васілій Гарбачоў дэманструе тыпанометр у дзеянні пры абследаванні маленькага пацыента Мікіты (на здымку). Тое, што працэдура не балючая, сведчыць усмешка на твары хлопчыка. Усяго 1-2 хвіліны – і праверка слыху завершана. А раздрукоўка паказвае, што ў хлопчыка поўны парадак. Праўда, на даны момант крыху закладзены нос і ёсць серныя пробкі ў вушах – усё гэта лечыцца вопытным урачом Гарбачовым хутка і без ускладненняў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *