Грошы… у траве. У Ляхавіцкім раёне прайшоў сельскагаспадарчы семінар
У спецыялістаў-аграрнікаў існуе цвёрдае перакананне, неаднойчы пацверджанае на практыцы: дзе травы, там і малако, а значыць – грошы. На добрай пашы можна атрымаць вялікае і самае таннае малако. Аднак, каб мець такую пашу, трэба добра папрацаваць. У свой час наш раён славіўся травамі, якія вырошчвалі многія сельгаспрадпрыемствы.
Па інфармацыі галоўнага спецыяліста райсельгасхарчу Ігара Яварчука, сёлета ў СВК “Жарабковічы”, перазалужылі 389 гектараў травяных угоддзяў – 86 працэнтаў да задання. З улікам таго, што з 1158 гектараў лугапашавых угоддзяў за палову маюць узрост 5 і больш гадоў, каб накарміць свой статак, патрэбна правесці перазалужэнне на плошчы ў 3 разы большай, чым запланавана. І гэта зусім не таннае задавальненне.
Як паведамілі ў райсельгасхарчы, за тону насення злакавых траў трэба заплаціць 20-25 мільёнаў рублёў, канюшыны – 35-40, травасумесі – ад 40 мільёнаў і больш, а за тону бабовых (люцэрны) плацяць па 70 мільёнаў рублёў. Мусіць, сельгаспрадпрыемствам раёна трэба самастойна займацца вырошчваннем насення траў і не толькі для сваіх патрэб, а і на продаж – выгадна.
На справе сёлета па раёне запланавана пакінуць на насеннікі 265 гектараў траў. Гэта вельмі мала, таму пад ураджай наступнага года плошчы павялічаны да 520 гектараў, закла-дзены насеннікі на 320 гектарах. Дарэчы, СВК “Жарабковічы” ў гэтай кампаніі не ўдзельнічае, як і СВК “Ліпнянка”, ДП “Нача”, аграрны каледж.
Вырошчванню траў у сельгаспрадпрыемствах раёна, перазалужэнню ўгоддзяў, стварэнню шматкампанентнай пашы нядаўна быў прысвечаны раённы семінар, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі і агранамічныя службы гаспадарак. Ён праходзіў на базе СВК “Ляхавіцкі” і ДП “Нача”.
У “Ляхавіцкім” пашы падсеялі, перазалужылі ўгоддзяў больш запланаванага. Для сёлетняй уборкі запланавалі 35 гектараў насеннікаў траў, яшчэ 40 гектараў заклалі на наступны год.
ДП “Нача” мае добры вопыт па стварэнні шматкампанентнай пашы. А ў СВК “Шлях новы” сёлета збяруць насенне траў з 62 гектараў, на наступны год плошчы павялічаны да 90 гектараў. У гэтых гаспадарках з травамі працуюць пастаянна, таму для сваіх патрэб амаль хапіла ўласнага насення.
У “Ляхавіцкім”, як заўсёды, можна пераймаць вопыт. На гэты раз акцэнтавалася ўвага на тэхналогіі падсеву траў: работа выконваецца ў некалькі этапаў, у розныя тэрміны, што забяспечвае пастаянны прырост зялёнай масы. Статак пасвіцца на свежай шматкампанентнай пашы аж да замаразкаў. Канюшына тут абнаўляецца праз 2 гады, а гэта значыць, што бялок абавязкова прысутнічае ў рацыёне грамадскага статка.
Усяго па раёне падсеяна прыкладна 1640 гектараў пашы – 55 працэнтаў да задання. Гэта вельмі мала. Акрамя “Ляхавіцкага”, паклапаціліся пра падсеў яшчэ ў СВК “Шлях новы”, “Жарабковічы”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, ДП “Нача”, райаграсэрвісе. У выніку атрымліваецца, што з 50 сотак пашы, якія прыпадаюць на кожную жывёлу, няма нават пятай часткі новых шматкампанентных угоддзяў. У асноўным статак пасвіцца па травастоі, які абнаўляўся 5 і больш гадоў назад.
Як адзначаюць спецыялісты, эканамічна выгадна было б заняцца вырошчваннем траў у СВК “Ліпнянка”, асабліва на свяціцкіх угоддзях. Дарэчы, у некалішнім саўгасе “Усход” травы былі значнай крыніцай прыбытку: гаспадарка спецыялізавалася на іх вырошчванні і зарабляла добрыя грошы.
Мэтазгодна вырошчваць культуру на тых землях, дзе яна дае найбольшы ўраджай. У “Жарабковічах”, напрыклад, добра родзіць пшаніца і, напэўна, нерацыянальна такія землі адводзіць пад травы. Але ёсць яшчэ адзін
варыянт, які прапануе райсельгасхарч: узяць у арэнду частку лугоў каля Свяціцы ці Ліпска – тых, дзе некалі буялі травы. Тым больш, тамашняя гаспадарка самастойна не спраўляецца з апрацоўкай сваіх угоддзяў. Як заўважыў Ігар Яварчук, затраты на перазалужэнне траў ужо за год-два акупяцца. Выгада відавочная для абодвух бакоў.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.