Вітамінныя пракосы. У “Белпрампрыборы” Ляхавіцкага раёна актыўна нарыхтоўваюць зялёныя кармы
У “Белпрампрыборы” актыўна нарыхтоўваюць зялёныя кармы. Адзін з тых, хто сёння шчыруе на касавіцы, — механізатар Аляксандр Дубіна (на здымку).
Разнатраўе ўзнялося густым, нібы шчотка, – самы спрыяльны час для сенакашэння. Каб захаваць у траве найбольшую колькасць карысных рэчываў, марудзіць нельга.
ЗАТ “Белпрампрыбор” нарыхтоўвае кармы на плошчы 750 гектараў. На ўзбраенне ўзялі новыя тэхналогіі, правераныя на практыцы ў мінулыя гады. Іменна з траў першага ўкосу найбольш каштоўны корм атрымліваецца ў рулонах, абцягнутых поліэтыленавай плёнкай. Летась сельгаспрадпрыемства арандавала прэс-падборшчык-абмотчык у СВК “Шлях новы”, а сёлета набыло свой. Механізатар Аляксандр Дубіна, які працуе на касілцы “КПР-9”, за дзень кладзе ў пракосы траву на плошчы 30-35 гектараў. Яго калега Мікалай Бярэзіч не нарадуецца на новы агрэгат, які збірае траву, прасуе і шчыльна абмотвае поліэтыленам.
Кантралюе работу механізатараў на сенажаці галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Віктар Канецпольскі. Ён расказаў, што сёлета плануецца нарыхтаваць 1000 тон сенажу ў рулонах. З першага ўкосу ў гаспадарцы мяркуюць назапасіць яшчэ і 200 тон сена. І ў дажджлівае надвор’е тут не думаюць рабіць перапынак: пачнуць закладку сенажу ў траншэі. Па стане на 21 мая ў “Белпрампрыборы” было скошана 100 гектараў траў, з якіх 45 – убрана, нарыхтавана 145 тон сенажу ў рулонах. У сельгаспрадпрыемстве разумеюць, што кармоў трэба назапасіць як мага больш. Летась, напрыклад, таксама выйшлі на сенажаць своечасова і кармоў было ў дастатку, нават больш як 1000 тон засталося на наступны год. Мінулагодні сянаж вырашылі выкарыстаць на падкормку, а свежую траву закласці ў рулоны.
Пачатак сенакоснай пары ў ЗАТ “Белпрампрыбор” удалы: ёсць што касіць і чым. Сёлета на ўмоўную галаву жывёлы тут плануюць мець як мінімум 22 цэнтнеры кармавых адзінак травяных кармоў.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.