Каб журчала Шавялёўка ці Тандэм чалавека і прыроды па-ляхавіцку

Адцвітаюць каштаны, бела-ружова-ліловымі хвалямі шапоча пад ветрам бэз… Так і хочацца дыхаць паветрам, настоеным на непаўторным паху вясны, слухаць шматгалосы птушыны акампанемент гэтай прыгажосці.

Такой парой у горадзе і ў вёсцы, у лесе і на лузе прывольна і радасна. Аднак, не ўсё бязвоблачна ў экалагічным пытанні. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь папаўняецца новымі відамі раслін і жывёл, птушак і рыб, якім патрэбна ахова. Рэдкасцю стаў, напрыклад, пяшчотны белы гарлачык, якім заўсёды можна было палюбавацца ў ціхіх завадзях Шчары і Мышанкі. На жаль, сёння ў нашым раёне толькі жыхары Вострава і навакольных вёсак могуць калі-нікалі пачуць спеў вяртлявай чаротаўкі, і толькі ў самых запаветных месцах Ляхавіччыны пашчасціць выпадкова ўбачыць барсука звычайнага…
Вінаватыя ў гэтым тыя, хто забывае пра правілы суіснавання чалавека і прыроды. Дзяржава прыняла больш за тысячу дакументаў, накіраваных на ахову прыроднага багацця. Асноўны з іх – Закон “Аб ахове навакольнага асяроддзя”.
Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя кантралюе выкананне патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства, праводзіць праверкі суб’ектаў гаспадарання. Такія праверкі выяўляюць нямала супрацьпраўных дзеянняў, у выніку якіх наносіцца шкода прыродзе. Начальнік райінспекцыі Уладзімір Пятроўскі расказаў, што, напрыклад, нядаўняя праверка ў СВК “Жарабковічы” паказала: у сельгас-прадпрыемстве, дзе налічваецца 99 аўтамабіляў, не дастаткова клапоцяцца пра ахову атмасфернага паветра: 10 працэнтаў транспартных сродкаў выкідваюць у паветра шкодных рэчываў у некалькі разоў больш, чым прадугледжана нормай. У гаспадарцы не вядзецца ўлік зрасходаванай вады са свідравін, не надаецца асобага значэння рабоце з адходамі: не ўсюды яны збіраюцца паасобна, ад выпадку да выпадку падбуртоўваецца міні-палігон цвёрдых бытавых адходаў. Ёсць заўвагі і па санітарным стане некаторых МТФ, у прыватнасці шавялёўскай, сваятыцкай, дамашоўскай. Пасля адной з такіх праверак і штрафу па яе выніках (сцёкі з шавялёўскай фермы забруджвалі навакольнае асяроддзе і траплялі ў рэчку Шавялёўку) меры былі прыняты без прамаруджвання: устаноўлены сцёканакапляльнік, зроблена абвалоўка прыфермскай тэрыторыі.
Такія ж праверкі праведзены апошнім часам у СВК “Востраў-Агра”, “Ліпнянка”. Выяўлена шмат несуцяшальных фактаў: перавышэнне выкідаў адпрацаваных газаў у атмасферу, антысанітарыя на фермах. У трох названых сельгаскааператывах складзена 16 пратаколаў, сума штрафаў перавысіла 15 мільёнаў рублёў.
Гэтым часам вельмі прыгожа ў лесе. Аднак прападае настрой, калі бачыш, што пакідаюць пасля сябе тут людзі. Парадокс, але часта парушаюць прыродаахоўнае заканадаўства і самі работнікі лесу: тралююць драўніну і складзіруюць яе ў зоне прыдарожных палос, на ўскрайку бліжэйшых вёсак – каб лягчэй было даехаць лесавозам. Пасля вывазу драўніны застаюцца, акрамя разбітых дарог, яе адходы. Праўда, прадпісанні раённай інспекцыі лясгас выконвае спраўна, парушэнні ўхіляе, але такія метады работы паўтараюцца. І асабліва непрыемна, што беспарадак, пакінуты лясгасам, часта ператвараецца ў сметнік.

Рэшткі «адпачынку» на беразе ракі Ведзьма.

Пра сметнікі. Адзін жыхар Лабузоў, другі – з Сакуноў прывезлі смецце на прычэпах аўто і выгрузілі ў прыдарожных палосах… Такое шкодніцтва, абышлося абодвум вяскоўцам у 8 базавых велічынь.
На тэрыторыі раёна сёння функцыянуюць палігон цвёрдых бытавых адходаў у Грушаўцы і 11 міні-палігонаў у сельскай мясцовасці. Іх утрыманне – клопат ЖКГ. Але і самі грамадзяне павінны правільна карыстацца палігонамі. Іменна з-за таго, што жыхары аграгарадка Падлессе і вёскі Навасёлкі Крывошынскага сельсавета выкідвалі смецце, не давозячы да адве-дзенага месца, не рабілася падбуртоўка, палігоны “разрасліся”ва ўсе бакі. Гэтыя аб’екты цяпер закрыты, сёлета плануецца іх рэкультывацыя. Штраф накладзены на адказную асобу – работніка Ляхавіцкай ЖКГ.
Даўно ДЭУ-24 пара зрабіць ачыстку лесапалос па дарозе Ляхавічы – Баранавічы і ад райцэнтра да старой трасы Брэст – Масква.
Шмат пытанняў узнікае пры выдаленні ў населеных пунктах дрэў, у тым ліку аварыйных. У некаторых нашых грамадзян падыход такі: я яго пасадзіў, я яго і спілаваў. Але гэта памылка, якая часам дорага каштуе. Калі дрэва перашкаджае або пагражае бяспецы, трэба звярнуцца ў мясцовыя органы ўлады – спецыяльная камісія вызначыць рацыянальнасць ліквідацыі зялёных насаджэнняў. Па шляху найменшага супраціўлення пайшлі адказныя асобы ў СВК “Тальмінавічы”: у двух выпадках зрэзалі дрэвы самастойна і атрымалі штраф у памеры 10 базавых велічынь, у 7 мільёнаў рублёў ацэнены страты, нанесеныя прыродзе. Адміністрацыйнае пакаранне атрымаў і жыхар вёскі Зубелевічы, які вырашыў “нарыхтаваць” дровы на тэрыторыі былой фермы.
Нягледзячы на шматлікія папярэджанні, вясной многія выпальваюць сухую траву. Сёлета раённая інспекцыя па 27 адрасах суб’ектаў гаспадарання разаслала пісьмы-рэкамендацыі і папярэджанні аб небяспецы палаў і шкодзе ад іх прыродзе і экалогіі. І ўсё ж трава гарэла. Вінаватыя аштрафаваны: 4 пратаколы складзены на прыватных асоб, якія падпалілі траву.
А ТБЗ “Ляхавіцкі” ў адказ на прадпісанне раённай інспекцыі правёў мадэрнізацыю кацельні, і праблема з перавышэннем нормы шкодных выкідаў у атмасферу ліквідавана. Сёлета няма прэтэнзій і да работы гарадскіх ачышчальных збудаванняў, а вось летась двойчы былі прыменены штрафныя санкцыі да КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Заканчэнне будзе

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *