Матуліна надзея
Гэтымі днямі якраз капалі бульбу. Таццяна Міхайлаўна паспела ўправіцца на ферме і вярнуцца дамоў гатаваць сняданак. Васілій Адамавіч гэтым часам разараў рады бульбы – усё гатова да пачатку работы. Неўзабаве на поле выйшла вялікая і дружная сям’я Сокалаў. Якраз на дапамогу прыйшоў старэйшы Аляксандр з жонкай Аляксандрай, нават маленькую Валерыю з сабой узялі. З Ляхавіч прыехаў Уладзімір, які працуе ў дарожна-будаўнічай арганізацыі механізатарам. Астатнія, як сталі жартаваць, – “дробязь”. Малыя, але, глядзіш, сямікласнік Іван з поўным кошыкам бульбы вырваўся ўперад – мамін памочнік. Стараецца не адстаць Рома, толькі на год малодшы за брата, Жэня таксама ўвіхаецца, яму 8 гадоў, але ён лічыць сябе дарослым. Нават самыя малыя – шасцігадовы Валянцін і пяцігадовая Надзечка – збіраюць бульбу. Весела і гаманліва на полі, і работа спорыцца – вядома, столькі капальнікаў.
На некалькі мінут Таццяна Міхайлаўна прыпыніла работу і расказала пра сваю сям’ю, такую вялікую, дружную і працавітую.
– Калі ў працы выхоўваюцца дзеці – будуць людзьмі, – з веданнем справы падагульніла мнагадзетная маці. – У нас усе працуюць, нават самая меншая Надзя.
Зразумела, перш за ўсё, вучоба для тых, хто ўжо стаў школьнікам. Але хлопцы паспяваюць і па гаспадарцы дапамагчы. На падвор’і Сокалаў – дзве каровы, свінні, безліч усялякай птушкі. Як самы старэйшы з малодшых Іван, бывае, і свіней пакорміць, і парадак навядзе ў хляве. Зразумела ж, пры дапамозе Рамана, ды і Жэнька на падхопе. Пакуль мама і тата вернуцца з фермы (Васілій Адамавіч працуе слесарам у СВК “Ордэна “Знак Пашаны ”Кастрычнік”), большая частка работы па гаспадарцы ўжо зроблена.
Вельмі любяць хлопцы тэхніку, могуць гадзінамі разбіраць і збіраць які механізм. Пра іх захапленне можна і не гаварыць – толькі дастаткова паглядзець: на падворку стаіць некалькі старых машын і нават грузавік. Ёсць у Сокалаў і свой машынна-трактарны “парк”: 2 легкавыя аўтамабілі і трактар. Таццяна Міхайлаўна з задавальненнем сама водзіць “Аўдзі” і такім чынам эканоміць шмат часу. Васілій Адамавіч – за рулём трактара: 2 гектары зямлі, якія значацца ў гаспадарцы Сокалаў, так проста не апрацуеш, свая тэхніка вырашае ўсе праблемы.
Калі выпадае больш-менш свабодная гадзіна (часцей за ўсё гэта здараецца зімой), Таццяна Міхайлаўна вяжа і шые. З асаблівай любоўю атрымліваюцца рэчы для малодшанькай Надзейкі. Дзяўчынка наогул у сям’і любіміца, бо, як жартуе матуля, яе вельмі ж доўга чакалі і імя выбралі адпаведнае – Надзея.
З яе з’яўленнем на свет, сцвярджае шчаслівая мама, стала святлей і радасней, больш шанцуе ў жыцці. Напрыклад, дзяржава выдзеліла для мнагадзетнай сям’і Сокалаў субсідыю на будаўніцтва новага дома. Ён узводзіцца ў вёсцы Патапавічы. Гэта вялікае шчасце і радасць як для дарослых, так і для дзяцей. Яны з задавальненнем усёй сям’ёй наведваюцца на новабудоўлю, плануюць, мараць хутчэй справіць наваселле. І такая магчымасць у іх вось-вось з’явіцца. Таццяна Міхайлаўна, Васілій Адамавіч і старэйшыя ўжо збіраюць грошы для пакупкі мэблі ў новы дом. Хоць, як зазначае матуля, яны не надта эканомяць, бо заробкі дастатковыя. Нават на дапамогі сям’я не прэтэндуе, бо прыбытак на аднаго чалавека дастатковы.
– У нашай хаце вельмі часта бывае весела: дзень нараджэння кожнага дзіцяці мы абавязкова адзначаем, – расказвае мама. – На стале заўсёды спецыяльна заказаны торт вагой не менш як 3 кілаграмы – каб усім хапіла. Гэтак жа ўрачыста і весела мы сустракаем Новы год.
Нядаўна ў сям’і Сокалаў прыбавіўся яшчэ адзін дзень нараджэння. У сям’і старэйшага сына Аляксандра нарадзілася дачушка — унучачка Таццяны Міхайлаўны і Васілія Адамавіча. І хоць маладая сям’я жыве асобна, на святы яны заўсёды разам.
– Вельмі радуемся таму, – працягвае Таццяна Міхайлаўна, – што ўсе нашы дзеці добра вучацца. Пахвальныя лісты, падзякі нам, бацькам, – што можа быць больш прыемна.
І яшчэ ў Таццяны Міхайлаўны ёсць вялікая мара. Гады бягуць, вырастаюць яе дзеці і вылятаюць з бацькоўскага гнязда – у жыццё. Ёй хочацца, каб назаўсёды ў іх захавалася самае светлае пачуццё да роднага дома, які з’яўляецца пачаткам пачаткаў, дзе ўсіх сваіх сыночкаў і дачушку будуць заўсёды чакаць бацькі.
Аліна ЛАПІЧ.