Капітальная размова пра капітальнае будаўніцтва
“Небліскучасць”, і гэта дастаткова далікатная характарыстыка сітуацыі ў будаўнічай сферы раёна, стала калі не галоўнай то, верагодна, адной з прычын таго, што на тыдні тэма мела вельмі“капітальнае” гучанне ў раённым выканаўчым камітэце. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч у панядзелак прыняў удзел у невялікай, аднак, “высокай” будаўнічай планёрцы. За ”круглым сталом” сабраліся спецыялісты райвыканкама, кіраўніцтва падрадных арганізацый, арганізацый-заказчыкаў, упраўлення капітальнага будаўніцтва.
З УКБ усё і пачалося. Справа ў тым, што з мая раённае ўпраўленне капбудаўніцтва страціла, так бы мовіць, самастойнасць, “перафармаціравана” – дапоўніла структуру УП “УКБ горада Баранавічы”. Удзельнікам нарады быў прадстаўлены кіраўнік унітарнага прадпрыемства. Адным з намеснікаў Уладзіміра Дронкіна стаў былы начальнік Ляхавіцкага УКБ Андрэй Ляшчэня. Відавочна, Ляхавіччына будаўнічая як была так і застанецца асноўным пунктам у спісе яго новых абавязкаў.
Не пакідаючы па-за ўвагай агульную тэму, асноўны сэнс і ўпор нарады быў зроблены на шляхах развязкі клубка праблем у функцыянаванні будаўнічай галіны раёна. У першую чаргу, пошуку шляхоў, схем, магчымасцяў скарачэння аб’ёмаў незавершанага будаўніцтва. Сёння ў спіс незавершанага звышнарматыўнага будаўніцтва ўваходзяць 29 аб’ектаў. Розных па функцыянальным прызначэнні, ступені гатоўнасці, пратэрмінаванасці планавых дзён уводу ў дзеянне. Спазненне з уводам аднаго з аб’ектаў вымяраецца ці не дзясяткам гадоў. Шэраг аб’ектаў папярэдне быў прымеркаваны да даты правядзення ў Ляхавічах абласных “Дажынак”. Але наступная карэкціроўка ў “мінус” фінансавага забеспячэння работ не дазволіла зрабіць усё ў максімальна поўным размеры. Сказанае, аднак, не азначае, што на тых планах пастаўлены крыж. Шукаюцца шляхі-магчымасці, і ў асобных пунктаў тых планаў ёсць верагоднасць стаць рэальнасцю ў блізкай перспектыве, для некаторых – падобная перспектыва ўяўляецца аддаленай, а то і далёкай.
Рознымі, але і не асабліва разнастайнымі з’яўляюцца прычыны, чаму тая або іншая будоўля на тэрыторыі раёна пераўтварылася ў даўгабуд. Як гучала ў ходзе нарады, у шэрагу выпадкаў падрадныя арганізацыі не “ўклаліся” ў дагаворныя тэрміны, з фінансаваннем пайшло ўсё не так, як планавалася, недзе затрымка здарылася з-за неабавязковасці праекціроўшчыкаў. А асобным праектам спатрэбілася карэкціроўка ў адпаведнасці з новымі ўмовамі, нормамі і патрабаваннямі. Але не толькі. У прыватнасці, старшыня райвыканкама даволі крытычна ацаніў дзейнасць “адзінага заказчыка”. “Дрэнная арганізацыя работ”, – выказаўся Вячаслаў Сельмановіч у адрас яшчэ таго – “старога” – упраўлення капбудаўніцтва.
“Дарожная карта” завяршэння асобных з незавершаных аб’ектаў была выпрацавана непасрэдна ў ходзе нарады. У дачыненні іншых запланаваны дадатковыя кансультацыі, перамовы, аналіз сітуацыі.
Іван КАВАЛЕНКА.