Касавічны лікбез

Касавіца набірае тэмпы, першыя сотні тон сенажу закладзены на зіму. Пераважна гэта сянаж, запакаваны ў палімерныя матэрыялы, – тэхналогія становіцца ўсё больш папулярнай, паколькі ў такім корме захоўваецца максімум пратэіну. Аднак прэспадборшчыкі-абмотчыкі маюць толькі некалькі сельгаспрадпрыемстваў раёна, таму самым распаўсюджаным і танным метадам застаецца закладка зялёнай масы ў траншэі. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч акцэнтаваў увагу на захоўванні тэхналогіі прыгатавання кармоў, што гарантуе іх якасць і аддачу.

Семінар па кормавытворчасці праходзіў на базе СВК “Шлях новы”. На сенажаці, куды прыехалі кіраўнікі і галоўныя аграномы сельгаспрадпрыемстваў раёна, працаваў прэспадборшчык-абмотчык, касілка, тут жа быў трактар з вадой як супрацьпажарны атрыбут. Удзельнікі семінара пабачылі эфект работы дакладна адрэгуляванай тэхнікі: 5 сантыметраў – не больш – павінна заставацца вышыня травастою пасля скошвання. Гэта дазваляе забраць найбольшую колькасць зялёнай масы, а травастой гатовы для эфектыўнага далейшага росту. Такога эфекту можна дасягнуць толькі на ідэальна выраўненым полі, занятым пад травы.
Перш чым прэспадборшчык-абмотчык закруціць траву ў рулон, яна павінна на працягу мінімум 4 гадзін (пры спрыяльным надвор’і) падвяліцца, страціць 50 працэнтаў вільготнасці. Пры такой тэхналогіі корм атрымліваецца найбольш спажыўным.
Свае тэхналагічныя патрабаванні і пры закладцы сенажу ў траншэі. Ад пачатку закладкі да завяршэння павінна прайсці не больш як 3 дні, пасля чаго – поўная герметызацыя траншэі. Кансерванты прымяняць толькі ў выпадку павышанай вільготнасці, калі закладка корму ідзе ў час дажджу. Вельмі важна правяраць якасць сенажу пры трамбоўцы. У сельгаспрадпрыемствах (акрамя чатырох) ёсць спецыяльныя тэрмометры і прыборы для вымярэння вільготнасці. Улік кармоў – адно з абавязковых патрабаванняў.
Старшыня райвыканкама яшчэ раз нагадаў пра клопат аб удзельніках касавіцы: арганізацыя гарачага харчавання, забеспячэнне бяспекі працы. Сістэма аплаты павінна распрацоўвацца з улікам колькасці і якасці нарыхтаваных кармоў.
Іменна з першага ўкосу траў патрэбна ўзяць максімум зялёнай масы. Сельгаспрадпрыемствы раёна павінны ўбраць травастой на плошчы 10500 гектараў. Найбольшыя сенакосныя ўгоддзі сёлета ў СВК “Шлях новы” – 2200 гектараў, з якіх у планах нарыхтаваць 1200 тон сена і 15000 тон сенажу. Касавіца тут у поўным разгары. 1800 гектараў траў маюць намер убраць у СВК “Жарабковічы”, каб мець 1000 тон сена і 9000 тон сенажу. Аднак пакуль травы стаяць сцяной некранутыя.
Як пройдзе касавіца ў эканамічна слабых сельгаскааператывах, пакажа час.
Свае патрабаванні да арганізацыі работ на касавіцы прад’яўляюць і супрацоўнікі РАНС. Яны датычацца супрацьпажарнай бяспекі на ўсіх участках вытворчасці. Наогул, пытанні бяспекі, недапушчэння няшчасных выпадкаў – на парадку гарачых касавічных дзён.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *