Гімназіст Дзіма «па слядах Першай сусветнай»

Гімназіст Дзмітрый Ракашэвіч – лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

У Баранавічах падчас выязнога пасяджэння савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў маладая інтэлектуальная эліта Брэстчыны – пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, конкурсаў і канферэнцый за 2014 год – ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі пасведчанні аб узнагароджанні прэстыжнай прэміяй. Рабят віншавалі намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі, старшыня савета фонду, акадэмік НАН, доктар тэхнічных навук, рэктар Белдзяржуніверсітэта, прафесар Сяргей Абламейка, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

З 2008 года, калі было прынята рашэнне аб прысуджэнні заахвочванняў, 6 нашых юных землякоў удастоены гэтай высокай адзнакі.  Сёлета на ўрачыстай цырымоніі сярод 39 лепшых навучэнцаў і студэнтаў вобласці быў і ляхавіцкі гімназіст Дзмітрый Ракашэвіч.

Шлях 11-класніка да важкай узнагароды пачаўся з цікавасці да гісторыі і краязнаўства. З настаўнікамі гімназіі Міхаілам Курловічам, Марыяй Зубрылавай і Сяргеем Старасціным ён даследаваў фартыфікацыйныя збудаванні часоў Першай сусветнай вайны, якія захаваліся да нашых дзён на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Даследчая работа “Па слядах Першай сусветнай вайны” на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі ўзяла “бронзу”.

– Вельмі ўдзячны маім педагогам за дапамогу і падтрымку. Вялікае шчасце сустрэць у жыцці такіх таленавітых і творчых людзей. За час шматлікіх экспедыцый мы сталі дружнай камандай, – расказвае юнак.

Актыўны і мэтанакіраваны, сваё захапленне гісторыяй Дзмітрый Ракашэвіч і далей не плануе кідаць, хаця ў яго задумах – паступленне ў медыцынскі ўніверсітэт. Акрамя іншага, цікавіцца Дзіма і тэхналогіямі праграмавання. Дарэчы, нядаўна гімназіст быў удзельнікам абласнога конкурсу ў сферы інфармацыйных тэхналогій “IT- граніца”.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *