Здадзена! На мінулым тыдні ў гімназіі адбылася фінальная сустрэча ўдзельнікаў раённага конкурсу маладых педагогаў першага года работы
Для шасці маладых педагогаў раёна гэты навучальны год асаблівы – першы ў іх працоўнай біяграфіі. Першыя ўрокі, першыя пазакласныя мерапрыемствы і бацькоўскія сходы, першыя адзнакі. І ні з чым непараўнальнае пачуццё ад усведамлення: вучу іншых не толькі па пэўным прадмеце, але і выхоўваю, дапамагаю справіцца з праблемамі. Напэўна няма больш моцнага саюзу, чым вучань-настаўнік.
На мінулым тыдні ў гімназіі адбылася фінальная сустрэча ўдзельнікаў раённага конкурсу маладых педагогаў першага года работы – “Педагагічны дэбют”. Для Вольгі Рокач (СШ №2), Надзеі Гаўдзіс (гімназія), Ганны Дзенісовіч і Наталлі Пятроўскай (Востраўская СШ), Анастасіі Далідзік (Навасёлкаўская СШ), Дар’і Марозавай (Тальмінавіцкая СШ) (на здымку) гэта своеасаблівая справаздача не толькі аб сваёй рабоце, але і аб узаемадзеянні ў калектыве, з вучнямі і калегамі.
Першы этап – завочны. Фіналісткі прадставілі метадычныя распрацоўкі вучэбных заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў. Яго пераможцай, па ацэнцы журы, стала настаўніца англійскай мовы СШ №2 Вольга Рокач. Другі – самапрэзентацыя на тэму “Мая старонка ў кнізе настаўніцкага жыцця”: удзельніцы расказвалі пра ўласнае бачанне сучаснай педагогікі, дзяліліся меркаваннямі, як зрабіць вучэбны і выхаваўчы працэс больш цікавым і захапляльным для дзяцей.
Па выніках усіх іспытаў лепшым маладым педагогам стала настаўніца біялогіі Востраўскай СШ Ганна Дзенісовіч. Дарэчы, гэта навучальная ўстанова прызнана лепшай па арганізацыі работы з маладымі спецыялістамі.
“Педагагічны дэбют” яшчэ раз даказаў, што ў школах раёна працуюць таленавітыя, ініцыятыўныя і творчыя настаўнікі.
Конкурс быў арганізаваны аддзелам адукацыі, спорту і турызму пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкамаў БРСМ і прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Галіна КАНЬКО.