Некаторыя любяць цяплей

Механізатары Леанід Пішч, Сяргей Асланян і брыгадзір брыгады «Рачканы» СВК «Ля-хавіцкі» Генадзій Козел (у цэнтры) шчыруюць на касавічным палетку. Так трымаць!

Без сонца, чытай – цяпла, а таксама паветра і вады – нікуды. Універсальнасць формулы ў тым, што пад яе апісанне трапляе любы “жывы” працэс. Адрозненне можа быць хіба толькі ў значэнні дадатковага каэфіцыента. Напрыклад, у адным выпадку сонца патрабуецца менш, у другім – больш. Паколькі крупяныя сельскагаспадарчыя культуры, пра якія ідзе размова, маюць “рэпутацыю” цеплалюбівых, – наш варыянт другі. Трымаючы на ўвазе тое, што проса з грэчкай займаюць апошні радок у пасяўным спіску агранома, нярэдка ў іх адрас гучыць яшчэ і эпітэт ”познія”. З познімі, а значыць і з сяўбой увогуле ляхавіцкія аграрыі справіліся ў час. У гэтым сезоне пад проса аддадзена 200 гектараў у рознай колькасці раскіданых па зямельных угоддзях райаграсэрвіса, СВК “Ліпнянка”, “Востраў-Агра” і “Тальмінавічы”. У кампаніі з ужо названымі сэрвісам і “Тальмінавічамі”, вырошчваннем грэчкі займаюцца СВК “Ляхавіцкі” і ДП “Нача” – 180 гектараў на ўсіх.

У гэты ж час культуры, што былі пасеяны-пасаджаны на першых этапах, патрабуюць догляду. Аграном-дзяржінспектар райдзяржінспекцыі па насенневодстве, каранціне і ахове раслін Надзея Фірусь удакладніла сітуацыю: хімпраполку яравых зерневых гаспадаркі завяршылі, на парадку дня – кукуруза. Пасевы выходзяць у фазу, калі гербіцыдная апрацоўка з’яўляецца найбольш выніковай. Кожны дзень прамаруджвання зніжае эфектыўнасць ці не ў геаметрычнай прагрэсіі. Гэта ведаюць усе. І ўсе імкнуцца працаваць. Але ў многіх выпадках выезд тэхнікі ў поле “прытарможаны” дажджом. Памятаеце тыя надзвычай “вільготныя” гадзіны на мінулым тыдні? Прайшоў час, а ачагі падтапленняў на палетках застаюцца, адзначаюцца вымоіны, “замывы”.

Працягваюцца работы па доглядзе зерневых, цукровых буракоў, рапсу, бульбы. Усё індывідуальна, але клопатаў – праз край.

І, канешне ж, нарыхтоўка кармоў з’яўляецца важнейшым з галоўных сельскагаспадарчых клопатаў на старце лета. Пакуль скошаны прыкладна кожны пяты зялёны гектар з вызначаных у якасці першаўкосаў 10500. Даведзена да ладу і таго менш.

У адрозненні ад мінулага года, калі лік на гэты час ішоў ужо на сотні тон, сёлета сена атрымалася нарыхтаваць зусім нямногім гаспадаркам і ў зусім малой колькасці. Мінусуюць, у параўнанні з леташнім, і тэмпы закладкі сенажу. Прычым, леташняя і сёлетняя лічбы знаходзяцца на дастаткова адчувальнай адлегласці. Трэба даганяць – і аб’ёмы, і тэрміны, і памятаць пра якасць. Зрэшты, тэрміны работ і якасць канчатковага прадукта – катэгорыі ўзаемазвязаныя.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

«Пакетаваны» сянаж СВК «Ляхавіцкі».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *