У «Андрэеўку» на квадрацыкле,ці Зноў пра турыстычную прывабнасць Ляхавіцкага раёна
24 мая па ініцыятыве Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” і Міністэрства спорту і турызму прайшла акцыя “Дзень адкрытых дзвярэй у беларускіх аграсядзібах”. Усе жадаючыя змаглі наведаць такія аб’екты, пазнаёміцца з іх паслугамі і магчымасцямі для арганізацыі адпачынку і аздараўлення, прадэгуставаць прыгатаваныя там смачнасці, набыць сувеніры. Гаспадары сядзіб сустракалі гасцей і ладзілі экскурсіі, майстар-класы па прыгатаванні страў нацыянальнай кухні. Выступалі фальклорныя калектывы, жадаючыя маглі пакатацца на конях і г.д. У акцыі ўдзельнічала 41 аграэкасядзіба Брэсцкай вобласці, з Ляхавіцкага раёна – толькі “Медуніца” (уладальнік Аляксандр Панфіла), дзе была арганізавана дэгустацыя мёду.
Няўжо сітуацыя з развіццём папулярнага і перспектыўнага адпачыначна-экскурсійнага бізнесу ў нашым раёне такая складаная?
Гэта пытанне стаяла на парадку дня адной з апаратных нарад у старшыні райвыканкама. Як адзначана ў справаздачы аддзела адукацыі, спорту і турызму, на Ляхавіччыне зарэгістравана 7 суб’ектаў такой накіраванасці (“Медуніца”, “Андрэеўка”, “Лабузы”, “Антонаўка”, “Нівішча”, “Ірына”, “Чыж”). З аграсядзіб, зарэгістраваных у 2006-2014 гадах, тры (уладальнікі А. Дуганаў, Г. Траццяк, Т. Янковіч) спынілі дзейнасць. Ёсць у раёне і “Дом паляўнічага”, які належыць лясгасу.
Спектр аказваемых паслуг не ўразіць разнастайнасцю і ў асноўным абмяжоўваецца арэндай памяшканняў для правядзення ўрачыстасцей, арганізацыяй рыбнай лоўлі, збора грыбоў і ягад, гульнёвых відаў спорту, пешых, водных і аўтамабільных прагулак па наваколлі, лазневымі паслугамі. На гэтым фоне найбольш выгадная сітуацыя і развітая сфера паслуг у “Медуніцы”. Яна мае ўласны сайт і нямала пастаянных кліентаў. Некаторыя браніруюць месца для адпачынку за некалькі месяцаў. Акрамя вышэйназваных паслуг тут можна паспытаць сябе ў нарыхтоўцы мёду. Для жадаючых арганізоўваюцца экскурсіі ў палаца-паркавы ансамбль “Грушаўка” і былы панскі маёнтак “Масальшчына”.
Аграэкасядзібе “Ірына” (уладальнік Віталій Зубік) усяго некалькі месяцаў. Знаходзіцца яна ў Стральцах. Пакуль гаспадары прапаноўваюць адпачываючым катанне на коннай павозцы, збор грыбоў і ягад, пешыя прагулкі па тутэйшых мясцінах, а таксама банкетную залу на 100 чалавек. Спальных месцаў пакуль толькі два, аднак у бліжэйшых планах іх будзе больш. Задумана будаўніцтва вадаёма для лоўлі рыбы і купання. ”Ірына” сур’ёзна рыхтуецца да стварэння свайго сайта, актыўнай рэкламнай дзейнасці. Ну, а аддаленасць сядзібы ад райцэнтра можна ператварыць у плюс – зусім набліжаны да прыроды адпачынак.
“Чыж” хоць і знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва, але ўжо функцыянуе і заваяваў нямала прыхільнікаў. Сюды наведваюцца жыхары Баранавічаў, Мінска, бываюць нават замежныя госці, напрыклад, масквічы. Прыязджаюць не толькі за свежым паветрам, воднымі забавамі, для сямейнага адпачынку, але і адзначыць юбілеі, урачыстасці і нават вяселлі. Тутэйшая гаспадыня – выдатны повар і кулінар. Дарэчы, уладальнікі “Чыжа” – адзіныя, хто ўдзельнічаў у абмеркаванні развіцця турдзейнасці падчас апаратнай нарады. Яны падтрымалі прапанову стварэння адзінага інфармацыйнага сайта для рэкламавання сваіх паслуг і гатовы ў гэтым удзельнічаць (пакуль акрамя “Медуніцы” толькі “Андрэеўка” мае ўласны рэкламна-інфармацыйны сайт). У сваю чаргу звярнуліся да раённай улады з просьбай аб устаноўцы ўказальніка, каб людзі ведалі, дзе размяшчаецца агратурыстычны аб’ект. Яны не супраць скарыстацца паслугамі райпо па прыгатаванні страў для харчавання турыстаў.
І ўсё ж агульная сітуацыя па развіцці турыстычнай прывабнасці Ляхавіччыны зусім не выйгрышная. У раёне няма ніводнай аграэкасядзібы з аказаннем поўнага комплексу паслуг: пражыванне, харчаванне, актыўны адпачынак, рамесніцтва ці развядзенне жывёл, паходы, экскурсіі, нацыянальныя стравы, тэатральныя пастаноўкі і г.д. Практычна адсутнічае сістэма распаўсюджвання інфармацыі на іншыя інтэрнет-рэсурсы, а тая, якая ёсць, носіць пасіўны характар. Не распрацаваны план сумесных дзеянняў па супрацоўніцтве паміж уладальнікамі аграсядзіб і дзяржаўнымі структурамі. Між тым, як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, калі былі б распрацаваны маршруты, пад-рыхтаваны экскурсаводы і нарэшце выдадзена турыстычная карта раёна (сродкі на стварэнне яе выдаткаваны з раённага бюджэту), – усё стала б добрай падтрымкай для аграэкасядзіб і паспрыяла б стварэнню пазітыўнага іміджу Ляхавіччыны сярод турыстаў і адпачываючых. Такія паслугі неабходна рэкламаваць.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму прапануе дапамогу ў стварэнні адзінага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра з уласным сайтам.
Ёсць і іншыя варыянты: запрашэнне суб’ектаў аграэкатурызму на мерапрыемствы, якія ладзяцца ў раёне, вобласці – выставы, кірмашы, фестывалі, спаборніцтвы, святы; аказанне кансультатыўнай дапамогі дзеючым і новым аб’ектам у выбары профілю ці пашырэнні паслуг; распрацоўка і сумеснае распаўсюджванне друкаванай і відэарэкламнай прадукцыі (буклеты, фотаальбомы, відэаролікі). Старшыня райвыканкама запатрабаваў ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланы Якубоўскай узяць на кантроль выраб брашуры “Турыстычны патэнцыял Ляхавіцкага раёна” і буклетаў “Аграсядзібы Ляхавіцкага раёна”. Тэрмін – да 3 ліпеня г.г.
Падтрымкай у развіцці аграэкатурызму ў раёне стане і добраўпарадкаванне дарожнай інфраструктуры і прылягаючых тэрыторый на шляху да аграсядзіб, устаноўка адпаведных указальнікаў.
Ляхавіччына мае цікавую гісторыю, маляўнічую прыроду, яна багатая на помнікі даўніны і палацава-паркавыя ансамблі; яе мясціны звязаны са знакамітымі паэтамі, пісьменнікамі, музыкантамі, рэжысёрамі, грамадскімі дзеячамі, навукоўцамі. Наш раён дастойны, каб сюды прыязджалі турысты не толькі з Беларусі, але і замежжа: паказаць ёсць што.
Раёнка не аднойчы ўзнімала пытанне турыстычнай прывабнасці нашай малой радзімы, рабіла слушныя прапановы, адна з якіх датычыла стварэння “Залатога кальца Ляхавіччыны”. Дзіўна і незразумела, чаму да іх так раўнадушна аднесліся тыя, хто, па ідэі, павінен быў скарыстацца парадай.
Галіна КАНЬКО.