Маэстра, музыку!.. Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў 55 гадоў /фота/

«Дуэт» дырэктараў. Ігар Тулейка ўзначальвае Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж, Уладзімір Крук – Ляхавіцкую дзіцячую школу мастацтваў.

Пэўна ёсць нейкі сімвалізм у тым, што менавіта ў квітнеючую майскую пару, калі прырода шчодра дорыць свае фарбы, Ляхавіцкая дзіцячая  школа мастацтваў ладзіць творчую справаздачу. Маштабы сёлетняга свята ўразілі: колькасць гледачоў чаканага дзейства, што адбылося напрыканцы мая, перавышала колькасць месцаў у зале ГДК. А ў фае разгарнуўся вернісаж работ юных мастакоў. Школе-юбілярцы (а ёй – 55!) ёсць што паказаць.

Распачаў канцэртную праграму ансамбль народных інструментаў настаўнікаў нумарам, прысвечаным 70-годдзю Перамогі. Больш за 30 гадоў калектыў дорыць землякам сустрэчу з цудоўнай музыкай. 9 гадоў назад пад кіраўніцтвам Алены Тумаш ён атрымаў званне народнага. Сёння яго ўзначальвае Ларыса Муралава.
35 настаўнікаў раскрываюць штодзень творчыя здольнасці 384 дзяцей. А ў 1960 годзе, калі школа з Баранавіцкага філіяла стала самастойнай, да мастацкай творчасці тут далучаліся 58 хлопчыкаў і дзяўчынак. Першым дырэктарам быў Уладзімір Шахаў. Пры Уладзіміры Карцаве, які ўзначальваў установу 37 гадоў, Ляхавіцкая музычная стала адной з лепшых у вобласці. Багатая творчая гісторыя напісана калектывам больш чым за паўстагоддзе.
Захопленыя сваёй справай педагогі змаглі ў 1855 выхаванцаў (столькі іх скончылі школу) запаліць іскрынку творчасці, прывіць ім любоў да мастацтва.
Кожнае выступленне настаўнікаў – майстар-клас для вучняў, якія штогод адзначаюцца на конкурсах розных узроўняў. На канцэрце яны вельмі стараліся прадэманстраваць засвоенае за год, і ўсе апладысменты былі заслужанымі.
Дуэт настаўніка і вучня Паўла Кірмеля і Арцёма Дубіны, які выканаў “Мелодыю для саксафона”, нікога ў зале не пакінуў раўнадушным. Як і дуэт юных, але вельмі таленавітых піяністаў Яўгеніі Капцэвіч і Якава Яфімчыка.
Дзіцячы духавы аркестр (кіраўнік Барыс Шабановіч), ансамбль скрыпачоў (Жанна Хмыз), ансамбль гітарыстаў (Жанна Рыжая), баянна-акардэонны ансамбль (Ніна Чарнышова), ансамбль цымбалістаў (Наталля Маслоўская) ігралі з душой, зрывалі апладысменты залы.
36 сёлетніх выпускнікоў мастацкай установы дырэктар Уладзімір Крук павіншаваў з яе заканчэннем і ўручыў запаветныя пасведчанні, адзначыў выдатнікаў і актывістаў. Сярод тых, каму выпускная камісія рэкамендавала прадоўжыць музычнае навучанне, быў і Дзмітрый Лабейка, які песняй “Пакуль мы маладыя” падарыў шмат прыемных незабыўных імгненняў – так прыгожа гэта было.
Большасць сённяшніх настаўнікаў школы – былыя яе выпускнікі. 50 гадоў назад выйшлі адсюль Якаў Мурзіч, Віктар Русін. Шмат гадоў у калектыве – сямейны дуэт Ірыны Клімашэўскай і Аляксея Беразоўскага. Складваюцца і свае дынастыі – бацька і дачка Мікалай і Алена Шклянікі. Прафесіяналы Ірына Тулейка, Святлана Мініч, Алена Равінская, Аляксандр Маляр, Людміла Жукава, Вольга Сілівончык не ўяўляюць сваё жыццё без музыкі і выхаванцаў.
Выступленне першакласнікаў і ансамбля “Незабудкі” расквечвала залу ў замілавальныя ўсмешкі. А харэаграфічныя кампазіцыі на працягу ўсяго вечара зачароўвалі арыгінальнай пастаноўкай і грацыёзнасцю танцораў, яркасцю касцюмаў. Без удзелу выхаванцаў харэаграфічнага аддзялення (загадчыца Святлана Горда, настаўнікі Таццяна Яўсей і Ганна Буйкевіч) не абыходзіцца ні адно раённае свята.
Выступленне дыксіленда настаўнікаў пад кіраўніцтвам Барыса Шабановіча заўсёды сапраўдны падарунак для гледачоў, ногі самі пачынаюць прытупваць.
Актыўнае творчае жыццё настаўнікаў і выхаванцаў, насычанае выставамі, конкурсамі і фестывалямі, не дае ім спакою (у добрым разуменні гэтага паняцця), падштурхоўвае да самаўдасканалення. Настаўнікі – удзельнікі шматлікіх раённых самадзейных мастацкіх калектываў. “Дырыжыруе” гэтай зладжанай і аб’яднанай камандай Уладзімір Крук – асоба, прафесіянал, энтузіяст. Яго працоўная біяграфія не абмяжоўваецца ДШМ, якую ён некаторы час узначальваў і раней: дырэктар Тухавіцкай музычнай школы, загадчык аддзела культуры нашага раёна, намеснік старшыні райвыканкама. Заўсёды працаваў і працуе сумленна і зацікаўлена. Шмат талентаў ён ”перацягнуў” на Ляхавіччыну, калі ў пошуках добрых спецыялістаў ездзіў на размеркаванні ў навучальныя ўстановы рэспублікі. І сёння Уладзімір Канстанцінавіч будуе планы, малюе перспектывы, у якіх на першым месцы развіццё ўстановы – дзеля таленавітых і настойлівых юных аматараў мастацтва.
З кожным годам у ДШМ паляпшаюцца ўмовы навучання, умацоўваецца матэрыяльная база. У філіялах, якія працуюць на базе Тальмінавіцкай, Дараўскай, Конькаўскай і Мядзведзіцкай СШ, сёння займаюцца 50 навучэнцаў. Дарэчы, на нядаўнім выязным канцэрце лепшыя навучэнцы фартэпіяннага аддзялення ярка прэзентавалі сваё выканальніцкае майстэрства як сола, так і ў ансамблевай ігры.
Відовішчным, урачыстым і запамінальным атрымаўся вечар сустрэчы з мастацтвам. Як і ўсе 55 гадоў насычанага творчасцю жыцця дзіцячай школы мастацтваў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

37 гадоў «дырыжыраваў» школай Уладзімір Карцаў.

Ансамбль народных інструментаў настаўнікаў і яго кіраўнік Ларыса Муралава.

Якаў Мурзіч

Баянна-акардэонны ансамбль (кіраўнік Ніна Чарнышова)

Настаўнік і вучань – Павел Кірмель і Арцём Дубіна.

Дыпламантка VІІ абласнога конкурсу «Крынічка» Анастасія Каратцова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *