“Без раёнкі ніяк!”. Раённы вузел паштовай сувязі правёў Дзень падпісчыка. Канешне, з удзелам «Ляхавіцкага весніка»

Без раёнкі ніяк! Гэтыя словы неаднойчы чуліся падчас абласнога Дня падпісчыка, які ў сераду прайшоў у райцэнтры. Адбывалася ўсё ў гарадскім аддзяленні сувязі. “ЛВ”, безумоўна, скарыстаўся магчымасцю яшчэ раз сустрэцца са сваімі землякамі і пачуць іх меркаванне наконт раёнкі. Прыемна, што сярод прыхільнікаў «ЛВ» людзі рознага ўзросту, прычым многія – яе даўнія сябры. “З газетай не растаюся некалькі дзесяцігоддзяў”, – шчыра заўважыла ляхавічанка Галіна Гапеенка і аформіла падпіску на любімае выданне. Наогул, па колькасці падпісных абанементаў лідзіраваў у гэты дзень “Ляхавіцкі веснік”. Сюрпрызам для падпісчыкаў сталі сувеніры ад рэдакцыі.
Адна з зямлячак заўважыла, што нягледзячы на інтэрнэт, любіць патрымаць газету ў руках, адчуць шурпатасць старонак і пах друкарскай фарбы.
Дарэчы, папулярнасцю ў ляхавічан карыстаюцца, акрамя раёнкі, рэспубліканскія і абласныя выданні.
Вынікам акцыі на пошце стала афармленне 74 падпісных абанементаў, у тым ліку 32 – на “Ляхавіцкі веснік”. Іх, пэўна, было б значна больш, калі б насельніцтва загадзя ведала пра Дзень падпісчыка.
Каб быць у курсе раённых падзей – падпішыцеся, калі ласка, на “ЛВ”!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *