Услед за марамі. Яркім залатым бляскам на небасхіле Ляхавіччыны запаліліся зоркі 19 медалістаў /фота будзе дапоўнена/
Усё ў гэты доўгачаканы, святочны і хвалюючы дзень было, здаецца, асаблівым: інакш свяціла сонца, інакш усміхаліся людзі, інакш выглядалі красуні-дзяўчаты і статныя юнакі – 204 навучэнцы раёна развітваліся не толькі са школай, любімымі педагогамі і сябрамі, але і з бесклапотным гарэзлівым дзяцінствам.
Такія прыгожыя, элегантныя і стыльныя крочылі выпускнікі-2015 па плошчы Леніна, дзе па традыцыі каторы год урачыста і святочна адзначаецца раённы выпускны баль. На гэты раз дзейства адбывалася ў пятніцу, 12 чэрвеня. Не памылюся, калі скажу, што літаральна ўсіх мам і тат, бабуль і дзядуль перапаўнялі гонар і захапленне ад сваіх умомант пасталеўшых дзяцей.
З цёплымі словамі віншавання і шчырымі пажаданнямі да выпускнікоў звярнуўся старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Ён пажадаў моладзі спаўнення жаданняў, поспехаў і ўдачы, падзякаваў настаўнікам за шчырую адданасць справе і высокі прафесіяналізм. Сардэчны наказ атрымалі юнакі і дзяўчаты на парозе дарослага жыцця ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святланы Якубоўскай. Яркім залатым бляскам на небасхіле Ляхавіччыны запаліліся зоркі 19 медалістаў.Кіраўнік раёна і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму за ўзорную вучобу ўручылі гэтыя высокія адзнакі выдатнікаў, а таксама падзякі райвыканкама і грашовыя прэміі медалістам гімназіі, СШ №1 і №2, Жарабковіцкай, Мядзведзіцкай і Крывошынскай школ раёна.
Найбольшая колькасць медалістаў у СШ №2 – 7, выдатны “медальны залік” сярод сельскіх школ у Крывошынскай СШ – 3. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, творчыя і спартыўныя дасягненні 25 юнакоў і дзяўчат атрымалі ад раённай улады падарункі.
Шчымлівы і хвалюючы момант: танец даросласці вальс закружыў выпускнікоў. Гучалі ўрачыстыя словы клятвы жыць годна, атрыманыя веды ўвасобіць у канкрэтныя справы, ніколі не забываць любімую школу, настаўнікаў, аднакласнікаў. Няхай збудуцца іх юнацкія планы і задумы, няхай сваё жыццё пішуць светлымі і маляўнічымі фарбамі. …У неба высока ўзвіліся рознакаляровыя шарыкі-мары: яны ўсе абавязкова спраўдзяцца.
Святочная праграма прадоўжылася ў школах. Уручэнне запаветных атэстатаў, пахвальных лістоў і грамат – цырымонія радасная і відовішчная. Віншаванні і пажаданні цесна пераплятаюцца са словамі падзякі дарагім настаўнікам і класным кіраўнікам – верным дарадцам і “другім” мамам, бацькам і адміністрацыі школ, што 11 гадоў крочылі разам з рабятамі, падтрымлівалі іх ва ўсіх пачынаннях. Час не спыніць, не затрымаць, на дзяцінстве пастаўлена кропка. Раніца новага дня абвясціла аб пачатку адказнага самастойнага жыцця. У добры шлях, выпускнікі! Удачы, абітурыенты!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Галіны КАНЬКО.
Молодцы детки!
Фотографу и редакции Спасибо — отличные фотографии!