Гаспадар урочышча “Даманскае”
У сур’ёзнай мужчынскай размове была пастаўлена кропка: Іван Шклянік больш не з’яўляецца членам гаспадаркі. Хоць і аграном ён быў не слабы, якраз атрымаў дыплом аб заканчэнні Гродзенскага сель-скагаспадарчага інстытута, аднак, як кажуць, найшла каса на камень. У душы былі і абурэнне, і крыўда, і роспач, а пасля – роздум. Мог падацца ва Украіну, дзе прапаноўвалі застацца пасля службы ў арміі, мог без праблем уладкавацца на працу ў суседнія гаспадаркі. Аднак, не хацелася пакідаць бацькоў адных, ды і ў самога сэрца прыкіпела да роднай Начы.
Рашэнне пачаць сваю справу прыйшло нечакана: якраз у гэты час былі прыняты ўрадавыя дакументы ў падтрымку фермерскіх гаспадарак. Ухапіўся за гэтую ідэю, якая малявала ў яго ўяўленні вялікія перспектывы: сам сабе “рэжысёр”, ніхто не будзе вучыць, як табе жыць. Іменна гэта і было асабліва па душы крыху ганарліваму і гарачаму маладому чалавеку.
На сямейным савеце Івана падтрымалі бацькі, паабяцалі падтрымку сваякі, і заява на выдзяленне зямлі для стварэння фермерскай гаспадаркі была пададзена ў Начаўскі сельсавет.
Першапраходцам у любой справе не проста. Каб не настойлівасць ці нават упартасць Івана Шкляніка, магчыма, не атрымалася б з яго сапраўднага фермера. Зямельны надзел у 6 гектараў, які быў выдзелены пачынаючаму фермеру, уяўляў сабой няўдобіцу, з трох бакоў акружаную лесам, а з чацвёртага падступала балота. З-за таго, што тыя мясціны былі цяжка даступныя (напрасткі – паўкіламетра ад вёскі, а каб дабрацца – усе пяць), урочышча і назвалі людзі – Даманскае…
Каб апрацаваць гэту няўдобіцу, патрэбна была тэхніка. З рыдлёўкай не справішся. У першы год у мясцовай гаспадарцы (тады племзавод “Нача”) выпісваў трактар з прычапным інвентаром. Тады 2 гектары аддаў пад сенакос, яшчэ на двух пасадзіў агародніну, а на астатніх – зерневыя. Вельмі дарэчы прыйшлася пастанова ўрада, якая дазваляла пачынаючым фермерам на льготных умовах узяць крэдыт на пакупку трактара. Для Шкляніка гэта была радасная навіна. І хоць давялося нямала пахадзіць, са-браў-такі патрэбныя дакументы — і новенькі “Беларус” стаў яго ўласнасцю. Яшчэ праз гады чатыры фермер адчуў, што пакрысе становіцца на ногі і ўпаўне мог бы пашырыць свае зямельныя ўладанні. Яму выдзелілі 7 гектараў… балота, што прымыкала да ўрочышча. Праўда, дзякуючы чарговай дзяржаўнай падтрымцы фермераў, былі выдзелены сродкі на асушэнне той багны, і дабавілася яшчэ 10 гектараў ворыва.
Землякі назіралі за работай Івана і дзівіліся: малады чалавек, здавалася, не кідаў руля трактара, гатовы быў працаваць і дзень, і ноч. Неўзабаве стаў прапаноўваць работу вяскоўцам, асабліва ў гарачыя дні пасяўной ці ўборачнай кампаніі. Вырашчаную прадукцыю пастаўляў у Мінск, на плодаагароднінныя базы, а выручаныя грошы ішлі на пакупку тэхнікі…
Сёння Іван Шклянік, успамінаючы тыя гады, сам дзівіцца, адкуль чэрпаў сілы.
– Найперш хацелася даказаць і сабе, і многім людзям, якія назіралі збоку і радаваліся, калі былі няўдачы, што я змагу выстаяць і даб’юся поспеху. Упарты быў… – жартуе фермер і працягвае: – Наогул жа, лічу, што фермерства – гэта даволі выгадная справа і для дзяржавы, і для людзей, і яна мае перспектыву. Фермерскі рух у нашай краіне набывае моц, і гэта радуе: дадатковая колькасць прадукцыі, занятасць людзей і аргумент на карысць таго, што вёска наша будзе жыць і маладзець…
Сённяшнія зямельныя ўладанні фермера Шкляніка складаюць 190 гектараў, а машынна-трактарны парк налічвае 8 трактараў, 2 пагрузчыкі, 5 грузавікоў, розныя прычапныя прылады. Ёсць нават зернеўборачны камбайн “Ніва”, які некалі купіў спісаны, уласнаручна адрамантаваў, і цяпер у пік уборкі ён не падводзіць.
На першы погляд, усё складваецца выдатна, аднак, гэта зусім не значыць, што ў фермера Шкляніка няма праблем. Ёсць, і іншы раз вельмі вялікія. Але ён стараецца іх вырашаць своечасова, разумна і правільна. Напрыклад, не была ўладкавана база, дзе можна і тэхніку паставіць, і складскія памяшканні зрабіць. Спачатку думаў пабудаваць яе там жа, ва ўрочышчы “Даманскае”. Але ж гэта далёка ад вёскі, у чыстым полі, — не стаў рызыкаваць. На дапамогу прыйшоў сваяк, які прапанаваў сваю сядзібу і арандуемы гектар зямлі на ўскрайку вёскі Перахрэсце. Аказалася вельмі зручна і людзям, якія працуюць у яго гаспадарцы, і самому – рукой падаць да ўрочышча, дзе ўжо на досвітку пачынаецца работа.
Усё ў яго пад кантролем, дакладна арганізавана, разлічана па гадзінах. І хоць працуюць у гаспадарцы ў сезон бывае і 20 чалавек, ён не лічыць, што яго абавязак – толькі кіраваць ходам спраў: калі трэба – садзіцца за руль трактара, аўтамабіля, грузіць прадукцыю – на роўных з работнікамі. А прыцемкам, калі ўжо засынае вёска пасля працоўнага дня, яшчэ доўга сядзіць над справаздачамі, прыкідвае дзень заўтрашні.
Вельмі дапамагла ў стварэнні сваёй справы атрыманая прафесія агранома – Іван Шклянік дасканала валодае агратэхнічнымі прыёмамі, сочыць за ўкараненнем у земляробства сучасных тэхналогій і стараецца прымяняць іх у сябе. У севазвароце выка-рыстоўвае добрыя папярэднікі, асабліва пад агародніну, якой адводзіць значную частку зямлі. Урадлівыя плантацыі цукровых буракоў: сёлета ў заліковай вазе іх ураджайнасць складала 400 цэнтнераў з гектара – Іван Іванавіч задаволены. І не толькі ён. Сёння да фермера на працу з задавальненнем ідуць вяскоўцы, толькі пакліч. А ўсё таму, што заробкі добрыя, і разлікі, як кажуць, “не адыходзячы ад касы”. А калі так, то і гаспадару ёсць магчымасць выбраць сабе сумленных і спрактыкаваных работнікаў. Пастаяннымі сваімі механізатарамі ён ужо лічыць Ула-дзіслава Грушэўскага і Анатолія Папко, якія працуюць з душой і зацікаўлена. Фермер ведае, што можа заўжды спадзявацца на гэтых людзей.
Нядаўна Іван Шклянік пашырыў штат сваіх пастаянных работнікаў: без бухгалтара вельмі складана спраўляцца з дакументацыяй. Добра было б яшчэ аднаго механізатара наняць, але на тых жа ўмовах – добрасумленнасць і адказнасць.
Удзячны фермеру і многія вяскоўцы, прычым, не толькі тыя, што жывуць у Начы, а і з суседніх вёсак, за атрыманую ў яго магчымасць нядрэнных заробкаў. Знайшлася справа і для старшакласнікаў, якія папрасіліся папрацаваць і падзарабіць на канікулах. Умовы працы фермер стварыў для іх не горшыя, чым у сельгаспрад-прыемствах: для ўсіх было арганізавана харчаванне ў мясцовай сталоўцы.
Сёння на палях фермерскай гаспадаркі “Даманскае” зацішша: ураджай сабраны, са складоў вядзецца адгрузка капусты, морквы, сталовых буракоў – усё па плану. А Іван Шклянік ужо думае пра наступны год і пра больш аддаленую перспектыву. Закуплена крыху мінеральных удабрэнняў пад ураджай-2011 — што за свой кошт, а частка за кошт датацый з раённага бюджэту. Дарэчы, як зазначыў фермер, раённыя ўлады яго не забываюць, падтрымліваюць адчувальна.
Восень прынесла Івану Шкляніку не толькі добры ўраджай, але і прыемныя падзеі. Ён быў удзельнікам рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2010” у Лідзе. У намінацыі “Землекарыстанне высокай культуры земляробства” фермерская гаспадарка Івана Шкляніка была прызнана пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва. 20 мільёнаў рублёў, якія атрымаў у якасці падарунка, уклаў у набыццё новай сельскагаспадарчай тэхнікі, а гэта значыць – у павышэнне культуры земляробства, павелічэнне будучых ура-джаяў, на ажыццяўленне задуманага.
Я спытала ў фермера, ці не шкадуе ён, што выбраў сабе такі лёс. Іван Шклянік адказаў:
– Лічу, што ў жыцці я адбыўся. Як спецыяліст, хлебароб і чалавек, што вельмі любіць родную зямлю. – І жартаўліва дадаў: – Удзячны за гэта таму старшыні, які некалі звольніў мяне з работы…
Аліна ЛАПІЧ.