Беларусачка

Фраза з вядомага кінафільма «Камсамолка, спартсменка і проста прыгажуня!» — пра Алу Шамоніну. А я хачу дабавіць яшчэ шмат іншага, што характарызуе навучэнку ЛДАКа — нашу сучасніцу, прадстаўніцу маладога пакалення.
Нарадзілася і вырасла на Гомельшчыне ў працавітай сям’і. Бацькі цэлымі днямі на ферме, туды ж бегла і яна разам са старэйшымі сястрой і братам, старалася дапамагчы. Тады і прыняла рашэнне пасля школы атрымаць прафесію жывёлавода, толькі працаваць па сучасных тэхналогіях. Паспяхова здала экзамены ў Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж на заатэхнічнае аддзяленне. Цяпер яна чацвертакурсніца. За гады вучобы спасцігла нямала прафесійных сакрэтаў і працягвае паглыбляць свае веды: вучыцца выдатна — Ала стыпендыятка Брэсцкага абласнога саюза аграпрамысловага комплексу.
У яе планах не толькі атрымаць грунтоўныя веды па спецыяльнасці, але пашырыць кругагляд. Дзяўчына любіць Беларусь, цікавіцца гісторыяй роднага краю, шмат падарожнічае і пераканана: не варта думаць, што іншыя краіны больш прыцягальныя, трэба бліжэй пазнаёміцца — і ўбачыш, што побач ні з чым не параўнальная Белавежская пушча; вабіць таямнічасцю Мірскі замак, нясвіжскія гістарычныя мясціны; а пройдзешся па вуліцах і праспектах Мінска — назаўсёды палюбіш гэты горад… Уражанні ад падарожжаў дапаўняюць творы беларускіх аўтараў, асабліва Шамякіна, Мележа, Караткевіча.
Юная беларусачка пераканана, што сучасныя маладыя людзі павінны быць не толькі эрудыраванымі, але і добра падрыхтаванымі фізічна. Ала займаецца ў спартыўнай секцыі дзюдо, цікавіцца самба і рукапашным боем, як зазначыла, такім чынам выпрацоўваецца моцны характар. Дзяўчына не ўпусціла магчымасць і паспяхова здала экзамен на права ваджэння трактара.
— Мару яшчэ атрымаць права ваджэння легкавога аўтамабіля, але гэта я зраблю ўжо ў Гродна, дзе планую працягваць вучобу ў аграрным універсітэце, — дзеліцца планамі Ала Шамоніна. Дзяўчыну захапляюць біятэхналогіі, на гэты факультэт і збіраецца паступаць пасля заканчэння ЛДАКа. А яшчэ Ала, як, напэўна, і ўсе дзяўчаты, любіць кветкі, добрую музыку і прыгожа апранацца.
Яна — прыклад для равеснікаў. А для дарослых — пацвярджэнне таго, што наша будучыня ў надзейных руках.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *